InformNapalm.org (Беларуская)

200-я АМСБр Паўночнага флёту Расеі ўдзельнічала ў баёх за Луганскі аэрапорт

Вайсковец 200-й асобнай мотастралковай брыгады (200-я АМСБр, в/ч 08275) Паўночнага флёту Расеі стаўся фігурантам новага OSINT-расьледаваньня InformNapalm, у якім зьдзейсьненая геалякацыя ягоных фатаздымкаў, ідэнтыфікацыя зафіксаванага ў фота расейскага ўзбраеньня і выяўленая інфармацыя пра ягонае ўзнагароджаньне паводле ўказу прэзыдэнта РФ мэдалём за баявыя заслугі. Комплекс пазначаных фактаў безумоўна сьведчыць пра тое, што ў жніўні 2014 году падразьдзяленьні 200-й АМСБр ЗС РФ удзельнічалі ў баёх за Луганскі аэрапорт.

Сэлфі-жаўнеры на службе ў OSINT

Пасьля анэксіі Крыма ў 2014 годзе Расейская Фэдэрацыя працягнула свае ўварваньне ва Украіну. Пры гэтым яна выкарыстала й працягвае выкарыстоўваць гібрыдныя мэтоды вайны: афіцыйна не пацьверджвае ўдзел расейскіх вайскоўцаў у баявых дзеяньнях на Данбасе й падае тое, што адбываецца, як унутраны ўкраінскі канфлікт.

Але з дапамогаю тэхнічнага прагрэсу, разьвіцьця Інтэрнэт-тэхналёгіяў і папулярызацыі сацыяльных сетак таемныя дзеяньні агрэсара былі раскрытыя, а доказы ўварваньня Расеі ва Украіну сталіся вядомымі для ўсяе сусьветнае грамадзкасьці. Псыхалягічна расейскія жаўнеры былі і застаюцца не гатовымі да бінарнага падыходу, калі з аднаго боку машына дзяржаўнае прапаганды культывуе дух «победобесия», імпэрскіх заваёваў новых тэрыторыяў і лёзунгаў у стылі: «КрымНаш!», а зь іншага боку – рыторыка кіраўніцтва краіны зводзіцца да заяваў: «ИхТамНет». Расейскія жаўнеры й афіцэры з самага пачатку вайны імкнуліся паказаць, хаця б сваім блізкім, сябрам і родным, што яны ўсё ж такі «ТамЕсть», што яны ваююць за інтарэсы й пад сьцягамі сваёй дзяржавы. Таму мы фіксавалі й працягваем фіксаваць мноства  “сэлфі”, фатаздымкаў і відэа, якія здымаюць расейскія жаўнеры для ўспамінаў. Гэтыя “сэлфі“ пераадольваюць ўсе забароны й загады камандаваньня ЗС РФ, яны пацьверджваюць хлусьню й цынізм заяваў вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расеі й надаюць дадатковыя факты для ўзмацненьня санкцыйнага ціску на агрэсара з боку сусьветнае супольнасьці. У сваю чаргу InformNapalm працягвае збор і сыстэматызацыю доказаў удзелу кадравых расейскіх вайскоўцаў у вайне супроць Украіны на Данбасе.

Першасныя дадзеныя для расьледаваньня

Вайсковец 200-й АМСБр расейскае арміі Яўген Грамаўчук мае некалькі акаўнтаў сацыяльных сетак. Мы выявілі ягоны профіль ў расейскім сацсеціве «VK» (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў) і «ОК» (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў). З дапамогаю ягоных “сэлфі”, зробленых на тле кацельні, было вызначанае, што мейсца здымкі знаходзіцца ў Луганскім аэрапорце. Зафіксаваны ў фатаздымку комін, які паваліўся на зямлю, можна пабачыць нават у спадарожнікавым здымку з 31.08.2014 г. Апроч гэтага вядома, што гэты комін паваліўся праз абстрэлы расейскае артылерыі ў другой палове ліпеня 2014 году.

Для параўначага аналізу падчас геапазыцыянаваньня мы таксама выкарыстоўвалі здымкі:

Расейскае ўзбраеньне, якое ня можа быць «трафеем»

Мы вызначылі, што вайсковец ЗС РФ Грамаўчук зафіксаваны ў фота на расейскім мадэрнізаваным шматмэтавым цягачы МТ-ЛБ ВМК з буйнакалібарным кулямётам «Корд». Гэтая тэхніка маецца ва ўзбраеньні 200-й АМСБр ЗС РФ, украінская армія яе ня мае. Гэта яшчэ адзін доказ уварвання й удзелу ў баёх за Луганскі аэрапорт расейскае арміі.

Мэдалі за ваенныя злачынствы

Падчас маніторынгу акаўнтаў сацсетак фігуранту расьледаваньня было выяўленае фота пасьведчаньня да мэдалю Суворава №43521 (архіў). Узнагароджаньне выдадзенае паводле ўказу прэзыдэнта РФ з 23 лістапада 2015 году.

Цікава, што паводле гэтага ж указу Пуцін узнагародзіў мэдалём Суворава з №43534 яшчэ аднаго ваеннага злачынца – вайскоўца 61-й асобнай брыгады марской пяхоты Паўночнага флёту (АБрМП) ЗС РФ Зінакова Аляксея Сяргеевіча (больш падрабязна пра гэта – ў расьледаваньні блёгеру sled-vzyat). Характэрна, што 200-я АМСБр уваходзіць у рэзэрв 61-й АБрМП ЗС РФ.

Такім чынам чарговага разу на падставе рэальных фактаў і комплексных доказаў пацьверджаны ўдзел кадравых расейскіх вайскоўцаў у агрэсіі супроць Украіны. З аналізу фота пасьведчаньняў да ўзнагародаў, падпісаных асабіста прэзыдэнтам РФ, вынікае, што агрэсія мае сыстэмны фактар.

Сыстэмнасць і маштабы гэтае агрэсіі пацьверджаныя таксама факталягічнымі базамі дадзеных расьледаваньняў InformNapalm. За 3 гады зьдзейсьненае больш за 1000 расьледаваньняў, у выніку якіх зафіксаваныя больш за 190 інцыдэнтаў фіксацыі расейскіх вайскоўцаў з 82 падразьдзяленьняў расейскае арміі й сілавых структураў Расейскае Фэдэрацыі (база дадзеных).

Чытайце таксама тэматычныя матар’ялы:


Матар’ял да публікацыі падрыхтавалі Міхаіл Кузьняцоў і Віктар Генадзіеў адмыслова для сайту InformNapalm.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Exit mobile version