Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm працягвае выяўленьне прарасейскіх ваенізаваных груповак у Беларусі з мэтай прыцягненьня ўвагі грамадзкасьці, прабеларускай часткі сілавікоў і намэнклятуры да пытаньняў абароны нацыянальнай бясьпекі дзяржавы і супрацьдзеяньня рэалізацыі крымскага сцэнару ў Беларусі. Падчас падрыхтоўкі папярэдняга матар’ялу “Ваяры “рускага сьвету” у Беларусі чакаюць свайго часу” мы выявілі наяўнасьць значнай колькасьці гэтых фармаваньняў у Заходняй Беларусі, на Гарадзеншчыне. Было вырашанае зьдзейсьніць паглыбленае вывучэньне адкрытых крыніцаў інфармацыі з мэтай выяўленьня дадатковых дадзеных пра іхную структуру й дзейнасьць. Вынікі пераўзышлі ўсе нашыя ўяўленьні.
У заходнебеларускай Горадні гістарычна вельмі значныя эўрапейскія культурныя традыцыі. Мае значэньне і блізкасьць да дзяржаваў Заходняе Эўропы і духоўная канфэсійная еднасьць каралеўскага гораду, які падчас кіраваньня караля Стэфана Баторыя зьяўляўся ягонай рэзыдэнцыяй і практычна сталіцай Вялікага княства Літоўскага і ўсяе Рэчы Паспалітае. Значная колькасьць жыхароў гораду зьяўляюцца вернікамі Каталіцкага Касьцёла, дзейнасьць якога прыносіла на землі Беларусі заходнеэўрапейскі ўплыў і пакінула значны ўнёсак у ейную гісторыю й культуру. Гарадзеншчына, на землях якой гістарычна жыве большасьць каталіцкага насельніцтва ўсяе Беларусі, была цэнтрам збройнага супраціву расейскім акупацыйным уладам. Шматлікія антырасейскія паўстаньні, удзел гарадзенскага гарнізону ў франка-расейскай вайне 1812 г. на баку Напалеона, а народных апалчэнцаў супроць расейскіх казакоў і расейскіх царскіх войскаў, масавае ўліваньне гарадзенцаў у шэрагі польскае арміі, якія разграмілі бальшавікоў, жорсткі супраціў месьцічаў часткам Чырвонае Арміі, якія ўварваліся ў горад у верасьні 1939 г. i зазналі істотныя страты, антысавецкі паваенны партызанскі рух, які існаваў да 1950-х гадоў – ёсьць гэтаму яскравым пацьверджаньнем.
Усё гэта тлумачыць і раскрывае прычыны істотнае актывізацыі менавіта на тэрыторыі Гарадзеншчыны і непасрэдна ў самой Горадні так званага казачага руху і праваслаўных вайскова-патрыятычных клюбаў (ПВПК), якія ствараюцца пад кіраўніцтвам Расейскай Праваслаўнай Царквы. Ва ўсёй астатняй Беларусі, нават у яе ўсходніх рэгіёнах зь пераважным праваслаўным насельніцтвам, няма падобнае канцэнтрацыі парамілітарных праваслаўных груповак. На сёньняшні дзень у праваслаўных эпархіях Гарадзенскае вобласьці дзейнічае 8 ПВПК, у той час, як ва ўсёй Беларусі іх крыху больш за дваццаць. Непасрэдна пры Гарадзенскай праваслаўнай эпархіі створаныя шэсьць ПВПК, чатыры зь іх у самой Горадні, дзе дзейнічае таксама «казачая» арганізацыя «Нёманская казакі». Аднымі з стваральнікаў і кіраўнікоў праваслаўнага ваенізаванага руху Гарадзеншчыны зьяўляюцца начальнік аддзела ўзаемадзеяньня з Збройнымі сіламі Гарадзенскае эпархіі Яўген Павяльчук і ягоны папярэднік протаярэй Аркадзь Касьяненка.
Аркадзь Пятровіч Касьяненка нарадзіўся ў 1966 г. у рабочым пасёлку Мікалаеўскі Валгаградзкае вобл. РСФСР (архіў на профіль). Зьяўляецца протаярэем Сьвята-Уладзімерскай царквы г. Горадні, якую традыцыйна найбольш наведваюць памежнікі.
Аркадзь Касьяненка (леваруч) і арцыбіскуп Арцемій падчас урачыстасьцяў ля манумэнту жаўнерам-памежнікам, г.Горадня | (с) grodnonews.by
Скончыў Калініградзкую вышэйшую інжынэрную вайсковую вучэльню. Афіцэр Унутраных войскаў МУС. У 2007 г. скончыў Кіеўскую духоўную сэмінарыю. У 2010 г. абраны ганаровым чальцом Рады афіцэрскага сходу Гарадзенскай памежнай групы.
Аркадзь Касьяненка з вайскоўцамі Гарадзенскай памежнай групы ў Сьвята-Уладзімерскай царкве | (с) othos.by
Яўген Іларыёнавіч Павяльчук нарадзіўся ў 1966 г. у в.Рудзк Іванаўскага раёну Берасьцейскае вобл. (архіў на профіль “OK”, фотаальбом, кантакты, архіў на профіль “VK”, “У коле сяброў”). У 1985-87 гг. праходзіў тэрміновую службу ў войсках супрацьракетнае абароны ў в/ч 28000, якая прыкрывала г.Маскву. У 2002 г. скончыў Менскую духоўную сэмінарыю ў Жыровічах.
Зьяўляецца протаярэем Сьвята-Пакроўскага катэдральнага сабора г. Горадні. Кіруе аддзелам Гарадзенскай эпархіі ў узаемадзеяньні з збройнымі сіламі і іншымі вайсковымі фармаваньнямі. У структуры аддзела асабіста куруе сэктар узаемадзеяньня з Памежным камітэтам. Мае доўгачасовыя і шчыльныя адносіны з гарадзенскай групай Дзяржаўнага памежнага камітэта (ДПК), начальнік якой палкоўнік Моластаў К.Г. фігуруе ў сьпісе патэнцыйных агентаў уплыву Расейскай Фэдэрацыі як выхадзень з РСФСР і выпускнік Памежнай акадэміі ФСБ Расеі.
Непасрэдна пад заступніцтвам беларускага экзархату РПЦ і з бласлаўленьня кіруючага архірэя Арцемія, Касьяненка і Павяльчук пачынаюць ствараць шырокае сецівае праваслаўных парамілітарных груповак на Гарадзеншчыне. У 2003 г. протаярэй Аркадзь Касьяненка стварае пры Сьвята-Уладзімерскай царкве г. Горадні першы ПВПК – “Віцязь“. Характэрна, што Павяльчук у той час служыў у гэтай жа царкве дыяканам. Стварэньне гэтага клюбу цалкам мажліва зьяўляецца часткаю «Пагадненьня пра супрацу», падпісанага у лютым 2003 году між Гарадзенскай эпархіяй РПЦ і памежным ведамствам, паводле якога на базе падразьдзяленьняў Гарадзенскай памежнай групы арганізуюцца штогадовыя лягеры падрыхтоўкі для выхаванцаў ПВПК.
Згодна з статутам клюбу, у ягоныя шэрагі пачынаюць прымаць юнакоў з 12 да 18 гадоў, якіх апрацоўваюць у рэлігійным духоўна-выхаваўчым рэчышчы. Выхаванцы займаюцца фізычнай і вайсковай падрыхтоўкай, тры разы на тыдзень навучаюцца асновам рукапашнага бою. Духоўнікам гэтага першага клюбу, з моманту стварэньня да цяперашняга часу, зьяўляецца сам Аркадзь Касьяненка. Камандырам да нядаўняга часу быў падпалкоўнік Перахватаў Анатоль Міхайлавіч.
Дастаткова працяглы час гэты клюб гэтак і заставаўся адзіным на Гарадзеншчыне. Аднак арганізацыя праваслаўных ваенізаваных груповак на Гарадзеншчыне значна актывізуецца пасьля таго, як за справу бярэцца Яўген Павяльчук. У 2004 годзе яго пераводзяць на служэньне ў г.Шчучын, які месьціцца за 60 км ад Горадні і вядомы праз тое, што за савецкім часам там базавалася авіябаза 979-га зьнішчальнага палку. У мястэчку быў пабудаваны вайсковы гарадок і яно было насычанае выхаднямі з расейскіх рэгіёнаў. Менавіта тут у верасьні 2007 г. пры парафіі Богаяўленскага храму, будаўніцтва якога была распачатае, быў арганізаваны другі ПВПК – «Дружына».
Падтрымку ў арганізацыі клюбу Яўгену Павельчуку зьдзейсьніў мясцовы райвыканкам, а інспэкцыя ў справах непаўнагадовых (ІСН) Шчучынскага раёну Гарадзенскае вобласьці ажыцьцяўляе значны прыток так званых «цяжкіх» дзяцей у гэтую групоўку, якія пасьля адпаведнай рэлігійнай і ідэалягічнай апрацоўкі пазьней могуць стаць прыхільнікамі і нават байцамі “рускага сьвету” у Беларусі.
Камандырам другога клюбу стаў падпалкоўнік у адстаўцы Мікалай Захаравіч Кіселар.
Камандыр «Дружыны» падпалкоўнік Кіселар М.З. падчас узнагароджаньня граматай выхаванца клюбу | (с) dzyannica.by
Духоўнікам клюбу зьяўляецца Аляксандар Іванавіч Пастэрняк (архіў на профіль), сьвятар шчучынскіх храмаў Сьвятога Міхаіла Арханёла і Богаяўленьня, благачынны Шчучынскае акругі.
Першымі інструктарамі новага клюбу сталі Дзяніс Мішкель і Аляксандар Натараў.
Аляксандар Юр’евіч Натараў нарадзіўся ў 1971 г. у г. Губкін Белгарадзкай вобл., РСФСР, жыве ў г. Шчучыне (архіў на профіль, кантакты, фотаальбом, інфармацыя службы socpoisk).
У выніку вывучэньня профілю сацсеціва «VK» Натарава можна зрабіць выснову, што зь дзецьмі займаецца апантаны Расеяй індывід, які мае паталягічную нянавісьць да чарговых прыдуманых ёю ворагаў і адкрыта падтрымлівае тэрарыстычныя прарасейскія фармаваньні і, цалкам магчыма, не прызнае існаваньня Беларусі асобна ад Расеі.
Падаем толькі некаторыя ягоныя ўласныя пасты, якія красамоўна сьведчаць пра гэта (архіў: https://archive.is/q5IWQ, https://archive.is/DJGWX, https://archive.is/OU23e, https://archive.is/EznNJ, https://archive.is/m26LR, https://archive.is/a6Ri9, https://archive.is/DHVtR, https://archive.is/wAlIJ, https://archive.is/vjUu7):
Больш за тое, падчас актыўнай фазы антытэрарыстычнай апэрацыі на Усходзе Украіны ён займаўся распаўсюдам інфармацыі пра набор баявікоў у незаконныя збройныя фармаваньні (архіў):
Мішкель зьяўляецца дзеючым афіцэрам міліцыі і праяўляе пэўную стрыманасьць у сваім профілі сацсеціва, аднак і ён мае пасты, якія цалкам могуць характарызаваць ягоны сьветагляд і тыя перакананьні, якія ён укладае ў галовы сваіх выхаванцаў. Характэрна, што кадэты клюбу ахвотна “лайкаюць” гнюсныя пасты свайго кіраўніка (архіў https://archive.is/v5O5k, https://archive.is/jImKD, https://archive.is/0FHLJ, https://archive.is/NXx4K, https://archive.is/aaanF, https://archive.is/o39BJ, https://archive.is/xCeKh, https://archive.is/Xn2Xg).
Пасьля пераводу Д.Мішкеля ў Горадню мейсца інструктара групоўкі заняў маёр міліцыі Павал Паўлавіч Найда, маёр міліцыі, начальнік апэратыўна-дзяжурнай службы Шчучынскага РАУС, нарадзіўся ў 1977 г., жыве ў м. Шчучыне (архіў на профіль «VK», кантакты, фотаальбом, архіў на профіль «ОК», фотаальбом).
Адметна тое, што Павал Найда згаданы, як фігурант крымінальнага расьледаваньня ў артыкуле вядомага праз свае рэзанансныя матар’ялы беларускага блёгера d_zholik, у якім выкрываюцца злачынныя мэтоды працы беларускае міліцыі. У артыкуле падрабязна распавядаецца пра зьдзяйсьненьне замаскаванага замаху на забойства супрацоўнікамі рэгіянальнага ўпраўленьня КДБ чатырох чальцоў сям’і з Шчучына. Верагодна праз гэта, а таксама праз займаную пасаду можна патлумачыць вельмі нізкую інфарматыўнасьць профілю сацсеціва Найды, у якім адсутнічаюць якія-кольвек пасты і фота, апроч тых, якія маюць дачыненьне да клюбу “Дружына”.
У 2008 г. паводле ўказу архіяпіскапа Арцемія, Яўгена Павельчука падвышаюць і пераводзяць на пасаду сьвятара ў Сьвята-Пакроўскі катэдральны сабор м. Горадні. Таксама сьледам за Павельчуком падвышаюць Дзяніса Мішкеля і, як было зазначанае, пераводзяць у Горадню, у абласное ўпраўленьне дэпартамэнта аховы МУС. Атрымаўшы пэўны досьвед падчас стварэньня шчучынскае «Дружыны», Гарадзенская праваслаўная эпархія пры садзейнічаньні ворганаў адукацыі й абласнога ўпраўленьня дэпартамэнта аховы МУС стварае на базе СШ №37 і пры Сьвята-Пакроўскім катэдральным саборы трэйці ПВПК – «Славяне», які базуецца зараз у гарадзенскай сярэдняй школе №39. Духоўнікам новай групоўкі з моманту ейнага стварэньня па сёньняшні час зьяўляецца сам Павяльчук, Мішкель жа зноў стаўся інструктарам.
Лягер падрыхтоўкі выхаванцаў ПВПК «Дружына» і «Славяне». Сядзяць: П.Найда, Д.Мішкель (архіў: https://archive.is/qvbDV)
Падчас зьдзяйсьненьня гэтага спэцрасьледаваньня было вызначанае, што камандырам гэтага ПВПК да нядаўняга часу быў Навум Васілевіч Басалай – ветэран ворганаў дзяржбясьпекі, падпалкоўнік КДБ у адстаўцы. Гэта несумненна заслугоўвае асаблівай увагі.
На фота ніжэй зафіксаваныя разам: Дзяніс Мішкель, Навум Басалай і Яўген Павяльчук (архіў).
Было таксама вызначанае, што інструктарам рукапашнага бою групоўкі ПВПК «Славяне» зьяўляецца маёр міліцыі Міхаіл Купрэеў, 1973 г.н., старэйшы інспэктар групы падрыхтоўкі кадраў Гарадзенскага абласнога ўпраўленьня дэпартамэнта аховы МУС (архіў на профіль «ОК»).
Чацьвертай ваенізаванай групоўкай Гарадзенскай эпархіі стаў ПВПК «Белая Русь», арганізаваны напачатку 2011 г. у прадмесьці м. Горадні, н.п.Верцялішкі, на базе мясцовай сярэдняй школы і Сьвята-Аляксандра-Неўскай царквы. Духоўнікам і кіраўніком гэтага клюбу зьяўляецца сьвятар Іаан, у міру Аляксандар Сьцяпанавіч Гладун, 1982 г.н. (архіў на профіль).
Сьвятар Гладун узначальвае сэктар праваслаўнага вайскова-патрыятычнага выхаваньня дзяцей і моладзі аддзела Гарадзенскай эпархіі ў узаемадзеяньні з збройнымі сіламі (падпарадкоўваецца непасрэдна Я.Павельчуку).
Як і ў выпадку з папярэднімі клюбамі, выкарыстоўвалася ўжо традыцыйная практыка шчыльнае супрацы зь ІСН, з дапамогаю якой у клюбе зьяўляюцца навабранцы.
На фота ніжэй ён (чацьверты леваруч) зафіксаваны разам з сваімі навабранцамі ў адным з палявых лягероў падрыхтоўкі.
На фота ніжэй Я.Павяльчук дае наказ П.Церашкову падчас стварэньня клюбу (архіў):
Выклікае пэўны непакой той факт, што зь дзецьмі працуе чалавек, які мае некалькі дзесяцігодзьдзяў досьведу практыкі працы з сьвядомасьцю і які, паводле ягонага ўласнага вызнаньня, зьяўляецца НЛП-майстрам (нэйра-лінгвістычнае праграмаваньне) (архіў). У бацькоў дзяцей гэта ўсё мае выклікаць адпаведныя асьцярогі, бо ў працы з дзецьмі цалкам мажліва могуць застастоўвацца пэўныя тэхнікі маніпуляваньня сьвядомасьцю.
Характэрна, што гэты клюб знаходзіцца пад патранажам «Беларускага саюза вайсковых маракоў», верагодна менавіта гэтым можна патлумачыць нетыповую форму для ня маючай выхадаў да мора Беларусі, у якую апранутыя «марачкі»-кадэты (архіў).
Да гэтых «казачых» дзеячоў мы яшчэ вернемся, а цяпер пяройдзем да кіраўніцтва клюбу і вельмі цікавых фактаў, выяўленых падчас дасьледаваньня адкрытых крыніцаў інфармацыі. Было вызначанае, што камандырам зьяўляецца Юры Таргашоў (архіў на фота).
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Таргашоў Юры Рыгоравіч, нарадзіўся ў 1946 г. у РСФСР, меркавана ў м. Навасібірску (архіў на профіль, кантакты, фотаальбом, групы). Капітан 2-га рангу, быў начальнікам аддзела Вайсковай контрвыведкі Паўночнага флёта ВМФ РФ, чалец рады ветэранаў ворганаў КДБ.
Асобна варта зазначыць, што ягоны сын, Андрэй Юр’евіч Таргашоў, зьяўляецца выпускніком Вышэйшых курсаў КДБ (ФСБ), майстрам спорту, інструктарам рукапашнага бою. Праходзіў службу на пасадзе ст.афіцэра баявой падрыхтоўкі УКДБ, выкладчыка катэдры апэратыўна-баявой падрыхтоўкі Вышэйшых курсаў КДБ, старэйшага афіцэра і інструктару спэцпадрыхтоўкі групы «А» («Альфа»). Зьяўляецца віцэ-прэзыдэнтам Асацыяцыі працаўнікоў праваахоўных ворганаў і спэцпадразьдзяленьняў Расейскай Фэдэрацыі «Защита» (рас.) (архіў на фота).
Кіраўнікі клюбу Андрэй Таргашоў (першы леваруч) і ягоны бацька Юры Таргашоў з прадстаўнікамі Фэдэрацыі комплекснага адзінаборства ў м.Горадні | (с) ruszashita.ru
Выклікае таксама пэўныя пытаньні роля Андрэя Таргашова ў дзейнасьці ПВПК «Братэрства», калі вядома такая маецца. На скрыншоце ніжэй ён (пяты леваруч) зафіксаваны разам з сваім бацькам, камандырам клюбу, прадстаўніком МА Беларусі і кадэтамі (крыніца):
Верагодна гэтым можна патлумачыць удзел парамілітарных груповак Гарадзенскай эпархіі пачынаючы з 2011 г. у штогадовых адкрытых першынствах Расеі «у рускім рукапашным баі» сярод ПВПК. Ніжэй адлюстраваныя: А.Перахватаў – камандыр «Віцязя», Я.Павяльчук – адзін з стваральнікаў і духоўны куратар ПВПК, кадэты клюбаў, другі праваруч – Навум Басалай, камандыр «Славянаў» (архіў: 1, 2).
На фота зафіксаваны афіцэр 557-й інжынэрнай брыгады ЗС РБ капітан Семяніхін В.А., які распавядае пра спосабы падрыву мастоў.
З 2008 г. у межах рэалізацыі пагадненьня між Беларускай Праваслаўнай Царквой і Дзяржпамежкамітэтам праводзяцца штогадовыя выніковыя вайскова-патрыятычныя зьлёты праваслаўнае моладзі, якія арганізуюцца аддзелам беларускага экзархата РПЦ і ўпраўленьнем ідэалягічнай працы Дзяржаўнага памежнага камітэта РБ, якое ўзначальвае генэрал-маёр Маісеенка У.Р., фігуруючы ў сьпісе патэнцыйных агентаў уплыву Расейскай Фэдэрацыі як выпуснік Памежнай акадэміі ФСБ РФ.
Варта асобна зазначыць, што, апроч кіруючага складу Памежнага камітэта, у камандным складзе практычна любой памежнай групы або атраду прысутнічаюць асобы, якія мелі і, цалкам магчыма, якія маюць непасрэдныя сувязі з ФСБ Расеі.
На базе злучэньняў Памежнага камітэта дзеці праходзяць шыхтавую і баявую падрыхтоўку, адбываецца ідэалягічная і рэлігійная апрацоўка.
Таксама штогод у Шчучынскім раёне Гарадзенскае вобласьці арганізуюцца палявыя лягеры падрыхтоўкі магчымых будучых праваслаўных баявікоў або, як яны сябе называюць самі, “ваяроў Хрыста” (архіў на фота: https://archive.is/eTqIF, https://archive.is/qvbDV, https://archive.is/vPoQK, https://archive.is/yVL8L, https://archive.is/NPLmP).
(с) prosto-free.livejournal.com
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Радзівонаў Аляксандар Мікалаевіч, палкоўнік у адстаўцы, нарадзіўся ў 1960 г., меркавана ў РСФСР.
З 2005 па 2010 гг. – першы дэкан вайсковага факультэту Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта (ГрДУ). Абраны абласным «казачым» атаманам. Зьяўляецца чальцом рады клюбу “Арыдан”, які ачольвае Адамаваў.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Адамаў Уладзімер Анатолевіч, нарадзіўся ў 1967 г. у г. Сыктыўкар, РСФСР (архіў на профіль “VK”, кантакты, фотаальбом; архіў на профіль “OK”, кантакты, фотаальбом).
Зьяўляецца атаманам гарадзенскай прарасейскай групоўкі «Нёманская казакі», абраны гарадзкім «казачым» атаманам. З 2000 г. ачольвае заснаваны пры ГрДУ Клюб славянскіх адзінаборстваў «Арыдан». З 2001 г. зьяўляецца адным з асноўных арганізатараў штогадовага фэсту славянскіх баявых мастацтваў, у якім прымаюць удзел Міжнародная фэдэрацыя расейскага баявога мастацтва «РОСС», прарасейская арганізацыя патэнцыйных будучых сэпаратыстаў «РУМОЛ» («Русь Маладая»), групоўкі ПВПК Гарадзенскай эпархіі.
У.Адамаў зь лідэрам арганізацыі «РУМОЛ» С.Лушчом (праваруч ад Адамава) і ейнымі актывістамі | rumol.org
Варта асабліва зазначыць, што непасрэдны ўдзел у арганізацыі апошніх фэстаў прымае берасьцейская філія прадстаўніцтва “Россотрудничества ў РБ” (рас.), якую ўзначальвае Алена Маслава.
На фота ніжэй групоўка “Нёманскі казакі”, протаярэй Я.Павяльчук і кіраўнік берасьцейскага аддзяленьня “Россотрудничества” А.Маслава (у цэнтры).
Прадстаўніцтва “Россотрудничества в РБ” зьяўляецца практычна інкубатарам шматлікіх прарасейскіх арганізацыяў, якія распаўсюджваюць ідэалёгію “рускага сьвету” у Беларусі і якіх не без падставы можна падазраваць у падрыхтоўцы ў Беларусі крымскага сцэнару. Прадстаўніцтва ажыцьцяўляе агульную каардынацыю iхнае дзейнасьцi i, цалкам магчыма, удзельнічае ў фінансаваньні. Берасьцейскае аддзяленьне «Россотрудничества» даўно і шчыльна супрацоўнічае з групоўкай «Нёманская казакі», чые прадстаўнікі прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах, арганізаваных гэтым аддзяленьнем.
На фота ніжэй удзельнікі канфэрэнцыі ў м. Кобрыні, арганізаванай “Россотрудничеством” і прысьвечанай кіраўніку жорсткага здушэньня антырасейскага паўстаньня А.Сувораву (Маслава стаіць леваруч ад бюсту, Радзівонаў – праваруч).
Групоўка ажыцьцяўляе куратарства “казачай” вайскова-патрыятычнай клясы “Айчына” Ліцэю №1 г. Горадні. Кляса была ператвораная на «казачую» зь існуючае кадэцкае ў 2012 г. пры непасрэдным садзейнічаньні аддзела адукацыі гарадзенскага аблвыканкама і перададзены у куратарства «Нёманскім казакам», што сьведчыць пра ўцягваньне ў дзейнасьць групоўкі таксама прадстаўнікоў ворганаў мясцовае улады.
На наступным здымку зафіксаваныя ўдзельнікі і госьці прысьвячэньня кадэтаў у “казачаты” ў 2012 г., у якім зафіксаваны тагачасны генконсул РФ у Берасьці Мікіта Маткоўскі (леваруч ад Адамава), чальцы Беларускай асацыяцыі ветэранаў КДБ “Гонар”, прадстаўнікі іншых ветэранскіх арганізацыяў, сілавых структураў і ворганаў мясцовае улады (архіў).
Таксама зафіксаваная абавязковая прысутнасьць на гэтых штогадовых “прысьвячэньнях” прадстаўнікоў Гарадзенскай праваслаўнай эпархіі. На скрыншоце разам з “атаманам” У.Адамавым зафіксаваныя протаярэй Я.Павяльчук і сьвятар П.Касьпяровіч.
Гарадзенская праваслаўная эпархія вельмі актыўна ўзаемадзейнічае зь «Нёманскімі казакамі» зь першых дзён іхнага стварэньня. Працяглы час іхным куратарам быў непасрэдна протаярэй Аркадзь Касьяненка. З 2013 г. афіцыйна за гэтай групоўкай быў замацаваны сьвятар Сьвята-Пакроўскага катэдральнага сабору м. Горадні Павал Касьпяровіч, які таксама апякуецца “казачай” клясай “Айчына”. Ніжэй ён зафіксаваны падчас духоўнай працы з сваімі падапечнымі (архіў).
Наступным фігурантам нашага спэцрасьледаваньня зьяўляецца чалец групоўкі “Нёманскія казакі” Аляксандар Вадзімавіч Бабук, нарадзіўся ў 1987 г., жыве ў м. Менску (архіў на профіль, кантакты, фотаальбом).
Таксама быў зафіксаваны ўдзел А.Бабука ў «круглых сталах», якія арганізуюцца прарасейскай арганізацыяй патэнцыйных сэпаратыстаў РУМОЛ («Русь Маладая») у сьценах “Россотрудничества в РБ” (архіў).
Улічваючы ўсё пададзенае вышэй зьяўляюцца вельмі характэрнымі словы самога Аляксандра Бабука, які тлумачыць шчыльную сувязь іхнае групоўкі з РПЦ (пакідаем у арыгінале):
– Христиан называют воинами Христовыми. То есть каждый человек – это воин, который в первую очередь борется с грехом внутри себя. Мы же помимо этого призваны защищать Отечество от врагов.
Тлумачыць, хто і што зьяўляецца ворагам у сьветагляднай сыстэме «Нёманскіх казакоў», думаем будзе залішне.
Аднымі з асноўных падобных “воінаў” групоўкі «Нёманская казакі» зьяўляюцца Сяргей і Пётр Зубацкія.
Сяргей Зубацкий нарадзіўся ў 1970 г., жыве ў м. Горадні (архіў на профіль, кантакты, фотаальбом).
Зьлева направа: Пятро Зубацкі, Сяргей Зубацкі і Арцём Новік (архіў на фота: https://archive.is/Z1KUD)
Інтарэсы, перакананьні й погляды гэтага фігуранту дастаткова поўна характарызуе інфармацыя, пададзеная ў ягоным профілі і перадусім групы, у якіх ён удзельнічае. Ніжэй скрыншот, які наглядна гэта дэманструе:
Характэрна, што ў ягоным профілі фігуруе і рэпост з групы «Антимайдан. Беларусь» пра правядзеньне падчас фэсту славянскіх адзінаборстваў у Горадні ўжо згаданай арганізацыяй «РУМОЛ» акцыі ў раздачы «георгіеўскіх» стужак. У фатаздымку “Антимайдана” зафіксаваны Дзяніс Мішкель – кіраўнік ПВПК «Славяне» (архіў).
Пад абаронай сваіх маскоўскіх куратараў патэнцыйныя заўтрашнія сэпаратысты вельмі вольна і беспакарана адчуваюць сябе ў Беларусі (архіў):
Падчас правядзеньня гэтага спэцрасьледаваньня былі вызначаныя вельмі цікавыя факты. Было выяўленае, што Пятро Зубацкі асабіста прысутнічаў на сустрэчы з адным з ідэолягаў «рускага сьвету», а таксама стваральнікам і лідэрам «Антимайдана» Мікалаем Старыкавым падчас ягонага апошняга візыту ў Менск 16 лістапада 2015 году. Праз адмовы ў арэндзе памяшканьняў адыёзнаму дзеячу, сустрэча вымушана праходзіла ў будынку Дома Масквы ў Менску, дзе таксама знаходзіцца «Россотрудничество в РБ», і была адзначаная інцыдэнтам – бойкай байцоў «Казачага Спаса», якія арганізоўвалі ахову Старыкава, з прадстаўнікамі моладзевай апазыцыйнай арганізацыі «Малады Фронт». Улічваючы даўнія зносіны «Нёманскіх казакоў» з «Казачым Спасам», можна выказаць здагадку, што Пятро Зубацкі прыцягваўся апошнімі для ўдзелу ў ахове адыёзнага змагара «духоўных скрэпаў». Яшчэ адзін выяўлены факт практычна не пакідае сумневаў у гэтым. У адной з сварак у камэнтарох пад сваімі правакацыйнымі пастамі ён прызнаўся, што 3 гады праслужыў у падразьдзяленьні АМАП.
Ім зьяўляецца Віталь Валер’евіч Хардыкаў, 1969 г.н. (архіў на профіль “VK” , кантакты, фотаальбом, архіў на профіль “FB”, архіў на профіль “Мой сьвет”).
У ягоным профілі сацсеціва “VK” было выяўленае фота пасьведчаньня да юбілейнага мэдалю “90 гадоў на варце мяжы”, выдадзенае паводле загаду з 02.03.2009 г. № 107 з подпісам старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту РБ генэрал-маёра І.А. Рачкоўскага. У пасьведчаньні зафіксаванае і званьне В. Хардыкава – маёр міліцыі (архіў).
Як бачым, групоўка «Нёманскіх казакоў» па сутнасьці зьяўляецца расейскім «казачым» парамілітарным фармаваньнем на тэрыторыі Беларусі.
Падчас далейшага правядзеньня гэтага расьледаваньня была таксама вызначаная асоба аднаго з чальцоў групоўкі «Нёманскія казакі», які фігуруе з псэўданімам «Яўген Воўк», і пададзены ў сьпісе кантактаў іхнае групы ў сацсеціве «VK».
Варта таксама зазначыць, што Яўген Жукаў, як і Аляксандар Бабук зьяўляюцца ўдзельнікамі групы «Расейскі імпэрскі рух у Беларусі».
Для суцэльнасьці вобразу “Нёманскіх казакоў” пададзім яшчэ аднаго актыўнага чальца іхнае групоўкі. Гэта – Арцём Новік, 20.07.1990 г.н., м. Горадня (архіў на профіль, кантакты, фотаальбом).
Прадэманстраваныя погляды й перакананьні чальцоў групоўкі зьяўляюцца вельмі дзіўным спалучэньнем панславізму, шавінізму, антысэмітызму, нэапаганства, славяна-арыянства і фундамэнтальнага праваслаўя РПЦ. Усё гэта выклікае сапраўдную акадэмічную цікавасьць для далейшага вывучэньня.
Працягнем нашае спэцрасьледаваньне знаёмствам з “казачым” бацюхнам, які мае непасрэднае дачыненьне да групоўкі “Нёманскі казакі”.
Ракуцін Уладзіслаў Анатолевіч, узначальвае сэктар узаемадзеяньня з казацтвам Гарадзенскай эпархіі, які знаходзіцца ў падпарадкаваньні кіраўніка аддзела ўзаемадзеяньня з збройнымі сіламі Я.Павельчука. На фота ніжэй ён зафіксаваны разам з групоўкай «Нёманскія казакі» (стаяць зьлева направа: С.Зубацкі, А.Бабук, П.Зубацкі) (архіў).
Апроч настаўленьняў у духоўным жыцьці Ракуцін досыць працяглы час займаецца ўсходнімі адзінаборствамі і арганізаваў нават сэкцыю муай-тай (тайскі бокс) пры мясцовай сярэдняй школе.
Наагул дзіўна, як спалучаюцца ўсходнія адзінаборствы, якія грунтуюцца на ўсходняй філязофіі, і праваслаўе. Хаця, улічваючы непасрэдныя кантакты з групоўкай «Нёманскіх казакоў» можна выказаць здагадку, што замест філязофіі Дао, дзяцей усё ж актыўна апрацоўваюць у рэлігійным рэчышчы як верагодных патэнцыйных баявікоў расейскага праваслаўя.
Выклікае таксама пэўныя пытаньні непаважлівае стаўленьне Ракуціна да дзяржаўнай беларускай мовы (архіў).
Характэрна, што прыход у Жыдомлі, у якім служыць Ракуцін, заснавалі ў 1730 г. манахі каталіцкага ордэну камедулаў, чый храм пасьля жорсткага здушэньня антырасейскага вызвольнага паўстаньня 1863-1864 гг. быў захоплены ў каталікоў і перададзены рускай праваслаўнай царкве, аналягічна таму, як цяпер у акупаваным Крыме і Данбасе захопліваюць і перадаюць маскоўскаму патрыярхату цэрквы кіеўскага.
Пад кіраўніцтвам Адамава і Радзівонава і пры значным садзейнічаньні Гарадзенскай праваслаўнай эпархіі, групоўка «Нёманскія казакі» засяродзіла ў сваіх шэрагах гарачых змагароў “рускага сьвету”, якія, паводле прызнаньня самога лідэра групоўкі У.Адамова, збольшага зьяўляюцца выхаднямі з Расеі.
Характэрна, што «Нёманская казакі» былі зафіксаваныя ў працэсе непасрэднай падрыхтоўкі выхаванцаў праваслаўных парамілітарных клюбаў Гарадзенскай эпархіі разам з чальцамі групоўкі «Казачы Спас», фігурантамі нашага папярэдняга спэцрасьледаваньня «Ваяры “рускага сьвету” у Беларусі чакаюць свайго часу».
Стаяць зьлева направа: Пятро Зубацкі («Нёманская казакі», Пятро Шапко («Казачы Спас»), Сяргей Зубацкі («Нёманская казакі»), Дзяніс Мішкель (ПВПК «Славяне») | (c) kazak.by
Пятро Шапко, які ачольвае гэтую групоўку, вядомы праз тое, што, паводле ягонага прызнаньня, мае асабістыя кантакты з «апалчэнцамі» тэрарыстычных фармаваньняў на тэрыторыі акупаванага ўкраінскага Данбаса, а таксама праз тое, што асабіста дастаўляў гуманітарную дапамогу ў г.Растоў-на-Доне Руху «Наваросіі» , які ўзначальвае Ігар Гіркін-Стралкоў, актыўны ўдзельнік рэалізацыі крымскага сцэнару і частковай акупацыі Луганскае і Данецкае абласьцей Украіны. Апошняй ініцыятывай гэтага міжнароднага расейскага тэрарыста ёсьць створаны з сваімі паплечнікамі “Камітэт 25-га студзеня”, які ня толькі не разглядае якую-кольвек самастойнасць беларускага народу, але нават адмаўляе ягонае існаваньне, адкрыта заяўляючы пра пляны ліквідацыі сувэрэнітэту Беларусі і ўключэньня тэрыторыі дзяржавы ў склад адзінага імпэрскага ўтварэньня.
Супольныя палявыя заняткі груповак з чальцамі ПВПК адбываюцца на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лягеру “Касмадром“, які месьціцца ў Шчучынскім раёне за 35 км ад Горадні.
Характэрна, што на маскоўскай канфэрэнцыі, прысьвечанай праваслаўю і казацтву, сьвятар У. Ракуцін і А.Бабук выступілі з дакладам «Роля дзейнасьці грамадзкай арганізацыі “Нёманскі казакі” у духоўна-маральным выхаваньні юнага пакаленьня на тэрыторыі Гарадзеншчыны». Зыходзячы з вышэйпрыведзенай інфармацыі, ўпэўненыя, ні ў кога няма сумневу ў тым, у якім кірунку ажыцьцяўляецца ідэалягічная і рэлігійная апрацоўка маладога пакаленьня Гарадзеншчыны.
Выклікае сур’ёзныя асьцярогі тое, што згаданыя ў гэтым расьледаваньні фігуранты, якія займаюцца выхаванцамі ўсіх гэтых “патрыятычных” клюбаў, цалкам магчыма, фармуюць у дзяцей вобраз ворага, вучаць іх любіць “айчыну” праз нянавісьць да сваіх ворагаў, да падзелу ўсяго сьвету на сваіх і чужых і самае страшнае і гнюснае – да гатоўнасьці ахвяраваць свае жыцьцё дзеля недарэчных, чужых беларусам ідэалаў і мэтаў.
На заканчэньне падаем яшчэ адзін доказ таго, што “рускі сьвет” значна умацоўвае свае пазыцыі ў Беларусі і нават адкрыта дэманструе свае сілы. Гэтак, напрыклад, адным з асноўных мерапрыемстваў, у якім прымаюць супольны ўдзел выхаванцы ПВПК, групоўкі «Нёманская казакі» і «Казачы Спас», зьяўляецца арганізаваны протаярэем Павельчуком штогадовы хрэсны ход у н.п. Сапоцкін, які месьціцца непадалёк Горадні. Садзейнічае правядзеньню і нават асабіста бярэ ўдзел у ім з сваімі падначаленымі намесьнік начальніка Гарадзенскай памежнай групы ў ідэалягічнай працы падпалкоўнік Літвінскі Максім Віктаравіч (на фота ніжэй разам з протаярэем Я.Павельчуком, архіў).
Таксама ня быў пазбаўлены ўвагі і ўшанаваньняў атаман «Нёманскіх казакоў» У.Адамаў, якога ўзнагародзіў пасол РФ у Рэспубліцы Беларусь А.Сурыкаў ад імя міністра замежных справаў РФ С.Лаўрова. Яму дастаўся дыплём «за прапаганду здаровага ладу жыцьця і спартыўныя дасягненьні».
Завяршальныаю рысаю зьяўляецца красамоўнае супольнае фота асноўных фігурантаў гэтага спэцрасьледаваньня, зробленае падчас аднаго з іхных палявых выхадаў. Зьлева направа: Міхаіл Гук, Пятро Шапко, Сяргей Зубацкі, протаярэй Яўген Павяльчук, Пятро Зубацкі, Арцём Новік, лейтэнант міліцыі Дзяніс Мішкель, маёр міліцыі Павал Найда (архіў).
За амаль дзесяцігодзьдзе колькасьць «казачых» і праваслаўных прарасейскіх груповак павялічылася ў Беларусі ў некалькі разоў, досыць істотным зьяўляецца колькасьць патэнцыйных баявікоў «рускага сьвету», якая ўвесь час павялічваецца. На першым этапе ў іхную задачу меркавана будзе ўваходзіць ахова прарасейскіх мітынгаў у цэнтры гарадоў і перадусім у сталіцы, а затым не выключаецца і магчымы захоп з дапамогай агентуры ў сілавых структурах адміністрацыйных будынкаў. Усе гэтыя дзеяньні будуць ськіраваныя дзеля прыкрыцьця пранікненьня ДВГ супраціўніка, так званых «ветлівых людзей», якім будзе перададзены кантроль над захопленымі і блякаванымі аб’ектамі. Насьцярожвае, што многія фігуранты гэтага спэцрасьледаваньня ўзаемадзейнічаюць з так званым асацыяльным кантынгентам, які вельмі актыўна прыцягваўся расейскімі дывэрсійнымі групамі ў атрады «самаабароны» Крыма для блякавання вайсковых частак і аховы блёкпостаў.
Сьлед асабліва зазначыць, што ў дзейнасьць груповак, цалкам магчыма, зь няведаньня, уцягнутыя прадстаўнікі ворганаў мясцовай улады і сілавых структураў. У сытуацыі, якая склалася, яны маюць вызначыцца, зь кім і чым яны маюць справу, і, выконваючы свой абавязак, садзейнічаць умацаваньню нацыянальнае бясьпекі Беларусі і запабяганьню мажлівасьці рэалізацыі крымскага сцэнару.
Варта вітаць тое, што беларуская грамадзянская супольнасьць ужо пачала адказваць на ўсе гэтыя выклікі і пагрозы стварэньнем спартыўна-патрыятычных клюбаў, якія яднаюць патрыётаў, для якіх жаданне і ўменьне эфэктыўна абараняць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі зьяўляецца адной з прыярытэтных мэтаў і галоўных каштоўнасьцяў.
Матар’ял для публікацыі падрыхтаваў валянтэр міжнароднае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Актыўны распаўсюд у сацсетках дужа вітаецца!
