InformNapalm.org (Беларуская)

Сірыйская камандыроўка 21-й АМСБр з Арэнбурга

Валянтэры міжнароднае супольнасьці InformNapalm ужо неаднойчы падавалі матар’ялы, якія сьведчаць пра гібрыднае аблічча расейскай арміі, асабісты склад якой зь вялікім імпэтам любіць пераўвасабляцца з кадравых вайскоўцаў на шахтароў Данбаса і наадварот. Зараз жа мы ёсьць сьведкамі іншае тэндэнцыі, калі адны і тыя ж вайсковыя злучэньні ЗС РФ, а таксама канкрэтныя людзі за апошнія паўтара году пасьпелі праявіць сябе як на ўкраінскім Данбасе, гэтак і ў Сірыі. Па-іншаму, відаць, было немагчыма: некалькі тысячаў расейскіх вайскоўцаў прайшлі праз «растоўска-ўкраінскія» камандыроўкі, атрымалі значны баявы досьвед, і сёньня гэтыя «ветэраны» Данбаса вельмі запатрабаваныя Крамлём у Сірыі. У гэтай публікацыі падаем сьведчаньні «сірыйскае камандыроўкі» расейскіх вайскоўцаў 21-й асобнай мотастралковай брыгады Цэнтральнае вайсковае акругі (ЦВА), якая неаднойчы фігуравала ў нашых расьледаваньнях, датычных Данбаса.

У выніку зьдзяйсьненьня OSINT (выведка адкрытых крыніцаў) сацыяльных сетак былі выяўленыя і ўзятыя на кантроль профілі некалькіх расейскіх вайскоўцаў-кантрактнікаў з складу 21-й асобнай мотастралковай брыгады (в/ч 12128, мейсца дысьлякацыі – пас. Тоцкое Арэнбургскай вобл., ЦВА ЗС РФ), якія прайшлі празь сірыйскую камандыроўку.

Заўвага: гэтая брыгада добра вядомая ў кантэксьце «ўкраінскіх камандыровак», ейныя недальнабачныя вайскоўцы выкладвалі ў Сеціва сьведчаньні свайго знаходжаньня на Данбасе. Адзін з апошніх эпізодаў зьвязаны з выяўленьнем каля 20 асобаў з зэнітна-ракетнага дывізыёну ЗРК «Тор» Арэнбургскай брыгады, якія нядаўна павярнуліся ў мейсца дысьлякацыі сваёй часткі пасьля паездкі на Данбас. Арэнбургскі ваякі мелі і іншыя «засьветы», у тым ліку фотасэсіі на тле зьнішчаных расейскіх танкаў пад Старабешавым.

Але павернемся да нашых бараноў, ці больш дакладна да групы кантрактнікаў 21-й АМСБр з Арэнбурга, якія выкрылі сябе і брыгаду падчас сірыйскай камандыроўкі. Частка пададзеных ніжэй фігурантаў пасьпела падчысьціць свае фатаздымкі зь Сірыі, хтосьці выдаліў і профілі, але для нас гэта не праблема, бо архівы InformNapalm захоўваюць сотні профіляў і фота вайскоўцаў РФ, якія скампрамэтавалі сябе праз злачынныя “камандыроўкі”.

Калектыўнае фота сірыйскіх камандыраваных з 21-й АМСБр зь геалякацыяй, выкладзенае 31 сьнежня 2015 г. (архіў).

Нягледзячы на ​​ўсе запэўніваньні крамлёўскіх палітыкаў і камандаваньня ЗС РФ пра тое, што ў Сірыі няма расейскага сухапутнага кантынгэнту, за выключэньнем спэцназа і дарадцаў, InformNapalm выявіў асабовы склад больш за 10 вайсковых частак сухапутных войскаў расейскай арміі, якія задзейнічаныя ў вайсковай кампаніі ў гэтай блізкаўсходняй дзяржаве:

Агулам мы зафіксавалі 14 вайсковых частак, і гэта не ўлічваючы авіяцыйныю кампанэнту, падразьдзяленьні матар’яльна-тэхнічнага забесьпячэньня і шмат іншых, якія яшчэ не патрапілі ў нашыя сеткі.

InformNapalm спрабуе данесьці да сусьветнае супольнасьці праўду і паказаць сапраўднае аблічча “русского мира”. Калі Захад і далей працягне маўклівую палітыку «спачуваньня», цалкам мажліва, мы будзем сьведкамі іншых, у тым ліку і эўрапейскіх, “камандыровак” ЗС РФ.

Азнаёміцца ​​з факталягічнай доказавай базай дадзеных расьледаваньняў InformNapalm што да ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Украіне больш чымся 60 вайсковых падразьдзяленьняў ЗС РФ можна праз спасылку http://bit.ly/RussianPresence.


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваны на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня міжнароднай валянтэрскай групай InformNapalm.

 Аўтар расьледаваньня – Іраклі Камахідзэ.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Мы заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём. Разам пераможам!

Exit mobile version