У Беларусі ўзмазняецца грамадзкі рэзананс з нагоды частага выяўленьня замежных баявікоў незаконных збройных фармаваньняў (НЗФ) так званых «Л/ДНР» на тэрыторыі дзяржавы. Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm вырашыла зьдзейсьніць выведку адкрытых крыніцаў інфармацыі, каб вызначыць асноўныя каналы перакідваньня баявікоў расейска-тэрарыстычных войскаў у Беларусь і акцэнтаваць увагу грамадзкасьці, а таксама прабеларускай часткі сілавікоў і намэнклятуры на наяўнай пагрозе нацыянальнай бясьпекі.
Адразу варта зазначыць, што колькасьць баявікоў прарасейскіх збройных фармаваньняў, якія праніклі на тэрыторыю Беларусі, дакладна невядомая. З пачаткам расейскай вайсковай агрэсіі супроць Украіны ў Беларусь накіраваліся дзясяткі тысячаў так званых уцекачоў з акупаванай тэрыторыі, сярод якіх маюцца і тыя, хто з зброяй у рукох забясьпечваў прыход «новага дзівоснага рускага сьвету», а цяпер, разбурыўшы ўласны дом, вымушаныя бадзяцца ў пошуках лепшай долі. Улічваючы адсутнасьць памежнага кантролю на беларуска-расейскай мяжы, баявікоў НЗФ на тэрыторыі Беларусі можа быць дастатковая колькасць для ажыцьцяўленьня любога з падрыхтаваных спэцслужбамі РФ сцэнараў дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне. Мы будзем разглядаць толькі спраўжданыя і перавераныя факты.
У выніку зьдзейсьненага OSINT было вызначанае, што адным з асноўных каналаў перакідваньня баявікоў у Беларусь зьяўляюцца так званыя валянтэрскія арганізацыі. Адной з цэнтральных падобных арганізацый ёсьць Фонд дапамогі “наваросіі” “Спаси Донбасс” (рас.), які мае разгалінаванае сеціва сваіх філіяў ва ўсёй РФ, а таксама прадстаўніцтва ў Беларусі (архіў). Адным з стваральнікаў і кіраўнікоў фонду зьяўляецца Глеб Карнілаў, 02.11.1985 г.н., г. Масква, які фігуруе ў базе дадзеных цэнтра “Міратворац” як памагаты баявікоў НЗФ (архіў на фота).
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Базюкоў Аляксандар Мікалаевіч, нарадзіўся ў 1972 годзе ў г. Тальяці, РСФСР, жыве ў Горадні (архіў профілю ў «VK», фотаальбомаў 1, 2, кантактаў; архіў профілю ў «ОК», фотаальбому; архіў профілю ў «FB», архіў профілю на Гарадзенскім форуме). Зьяўляецца адным з арганізатараў штогадовага мотафэсту ў Горадні «Хавайся ў бульбу».
Каардынуе дзейнасьць фонду «Спаси Донбасс» у Менску Павал Альшэўскі.
Падчас далейшага расьледаваньня было вызначанае й пацьверджанае, што Базюкоў і Альшэўскі ажыцьцяўляюць дастаўку грузаў бандфармаваньняў «ДНР». Гэтак, напачатку лютага 2015 году ў пабліку фонду ў сацсеціве «VK» была разьмешчаная інфармацыя пра фармаваньне прадуктовых набораў, пра неабходныя мэдыкамэнты й амуніцыю для баявікоў расейска-тэрарыстычных войскаў. У сьпісе былі пазначаныя радыёстанцыі, разгрузкі, бронекамізэлькі, далямеры, аптычныя і каліматарныя прыцэлы для аўтаматаў і снайпэрскіх вінтовак.
Далей былі вызначаныя і атрымальнікі грузу, для якіх гэтак эфэктыўна пачала сваю працу новая «гуманітарная» місыя. Імі апынуліся баявікі бандфармаваньня «Пятнашка», якое сьпярша ўваходзіла ў групоўку «Оплот» (рас.), затым вылучылася ў самастойную адзінку і ўвайшло затым у так званую «рэспубліканскую гвардыю ДНР». Групоўка была створаная пятнаццацьцю наймітамі з кантраляванай Расеяй Абхазіі, прымала ўдзел у штурме Данецкага аэрапорту, у баёх на Дэбальцаўскім пляцдарме і спробе захопу Мар’нкі. Вядомая праз марадзёрства сваіх байцоў, якія захапілі крамы, кватэры і незьлічоную колькасьць аўтатранспарту ў мясцовага насельніцтва.
Дастаўка грузаў баявікам групоўкі ажыцьцяўляецца на асабістым аўтамабілі Базюкова – пазашляхавіку Hyundai Galloper, рэг. нумар 7778 АТ-4. Характэрна, што гэты аўтамабіль прыцягнуў увагу гарадзенскіх журналістаў праз сваю правакацыйную, досыць рэдкую для заходнебеларускай Горадні, атрыбутыку ў студзені 2016 году (архіў). На фота ніжэй ён зафіксаваны зь сьцягам “ДНР” і, як ні дзіўна, сьцягам бандфармаваньня “Пятнашка” пад ветравым шклом.
Аднак матар’яльнае забесьпячэньне байцоў бандфармаваньняў харчаваньнем, мэдыкамэнтамі і іншымі сродкамі, як паводле беларускіх, гэтак і паводле ўкраінскіх законаў, цягне крымінальную адказнасць (арт. 132 КК РБ, арт. 447 КК Украіны). Менавіта таму «данбаскі экспрэс» зьяўляецца вельмі даўгім, лягістычна складаным, абсалютна невыгодным і незаконным. Гуманітарная ж дапамога выкарыстоўваецца як прыкрыцьцё для дастаўкі харчаваньня, неабходных мэдыкамэнтаў і амуніцыі баявікам бандфармаваньняў. Апроч гэтага, дзеяньні фігурантаў расьледаваньня падпадаюць пад артыкулы 332, 3321 КК Украіны (незаконнае перасоўваньне людзей празь дзяржмяжу, а таксама парушэньне парадку ўезду на часова акупаваную тэрыторыю Украіны і выезду зь яе).
“Гуманітарная” місыя Базюкова і Альшэўскага была належным чынам адзначаная як правадырамі тэрарыстычнага ўтварэньня «ДНР», гэтак і бандфармаваньня «Пятнашка». Ніжэй можна пабачыць граматы, выдадзеныя ім адным з архітэктараў «рускай вясны» і заснавальнікам сэпаратысцкага руху «Данецкая рэспубліка» А.Пургіным (1, 2, 3). Таксама ў фота зафіксаваны ліст падзякі, выдадзены Базюкову так званым начальнікам штабу групоўкі «Пятнашка».
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Карташоў Уладзімер Віталевіч, нарадзіўся 22.06.1973 г. у г. Цурупінск Херсонскае вобл., УССР. Жыў у Адэсе, на вул. Гагарына, 10-2 (архіў профілю ў «VK», кантактаў, фотаальбому; профілю №2, архіў профілю ў «ОК»; профілю №2, фотаальбому).
На ніжэйпададзеных фота Карташоў і ягоныя байцы фігуруюць з харчаваньнем, дастаўленым ягонаму падраздзяленьню Базюковым і Альшэўскім (архіў: 1, 2).
Як было высьветленае далей, Базюкоў і Карташоў – шчырыя сябры, якія падтрымліваюць блізкія прыязныя адносіны. На фота ніжэй Базюкоў зафіксаваны разам з парай Карташовых, на вясельлі якіх ён быў сьведкам. Як бачым, Карташоў мае нават баявыя ўзнагароды «ДНР».
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Несьцярэнка Мікіта Валер’евіч, нарадзіўся 03.07.1993 г., жыве ў г. Макееўка, мкр-н Сонечны, 10-66 (архіў профілю ў «VK», кантактаў, фота; архіў профілю ў «ОК», кантактаў, фота; профілю №2). Выявілася, што ён – сын жонкі Карташова Аляксандры ад папярэдняга шлюбу. Як бачым, за змрочную будучыню «наваросіі» ваююць цэлымі сямейнымі падрадамі.
А вось і супольнае фота Базюкова і Альшэўскага з баявікамі «Пятнашкі» – забойцамі украінцаў і іхнымі памагатымі (архіў):
Падчас далейшага расьледаваньня было вызначанае, што “данбаскі экспрэс” ня толькі забясьпечвае тэрарыстычную групоўку, але й зьяўляецца адным з каналаў пастаўкі баявікоў і наймітаў у Беларусь. Дакладна вядома, што Аляксандар Базюкоў асабіста даставіў з “ДНР” у Беларусь баявіка Ігара Каляду, ураджэнца г. Тарэза.
Характэрна, што, паводле запэўненьняў Каляды, Базюкоў гэтак жа, як і ён, прымаў удзел у баявых дзеяньнях на Данбасе. Мы вырашылі расьледаваць гэта і выявілі некаторыя ўскосныя пацьверджаньні. У лютым 2015 году ў групе «VK» бандфармаваньня «Призрак» (рас.) Базюкоў пакінуў наступнае паведамленьне (архіў):
Наступны фігурант нашага расьледаваньня, які актыўна дапамагае функцыянаваньню між Беларусьсю і акупаванай часткаю Украіны так званага данбаскага экспрэсу, – Міхаіл Малаш.
Было вызначанае, што, апроч зьдзяйсьненьня дапамогі фонду “Спаси Донбасс”, Міхаіл Малаш працяглы час хаваў у сваім уласным доме ў Менску баявіка бандфармаваньня «Оплот» (рас.) Сяргея Кузьму.
Напрыканцы ліпеня 2014 году, падчас вызваленьня ўкраінскай арміяй г.Тарэцку, Сяргей Кузьма быў паранены і пакінуты сваім бандфармаваньнем, якое сьпешна адыходзіла з гораду. Як ні дзіўна, але памагатыя тэрарыстычных груповак змаглі пераправіць яго ў Беларусь, дапамаглі яму матар’яльна і нават знайшлі ў Менску працу. Як ужо было зазначанае, Міхаіл Малаш досыць працяглы час хаваў баявіка ў сваім уласным доме і ствараў праз гэта патэнцыйную небясьпеку для ўсіх жыхароў раёну, у якім ён жыве. Бо невядома, што ў галаве ў гэтага галаварэза і забойцы, вартасьць чалавечага жыцьця для якога значна зьніжаная.
Пасьля таго як Кузьма залячыў свае раны, Малаш дапамог яму вярнуцца ў красавіку 2015 году ў «ДНР», дзе той далучыўшыся да тэрарыстычнай групоўкі, так званага 9-га палку “АК НА МА ДНР”, дысьлякаванага ў н.п. Безыменае і удзельнічаў у баявых дзеяньнях у Наваазоўскім раёне. Перад адпраўкай баявіка, які прагнуў далей забіваць украінцаў, Малаш вырашыў сфатаграфаваць яго на памяць на тле свайго дому. Рэкамендуем азнаёміцца з вельмі цікавымі камэнтарамі да гэтага кранальнага моманту, клапатліва занесенымі ў архіў.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Джумаеў Раман Барысавіч, нарадзіўся 17.03.1991 г. у г. Марыўпалі (архіў профілю ў «VK», кантактаў; skype: zaebca4; e-mail: n1menka@mail.ru; выкарыстоўваў тэлефон: +375 33 6061865, апэратар МТС). Баявік тэрарыстычнай групоўкі «Пятнашка», удзельнічаў у штурме Данецкага аэрапорту. З чэрвеня 2015 года хаваецца ў Беларусі. Было вызначанае, што да нядаўняга часу працаваў у ПВГУП “Метаграфторг”, г.Мар’іна Горка Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці.
У згаданым інтэрвію Джумаеў, не баючыся і не хаваючы сваёй асобы, распавёў усе падрабязнасьці свайго знаходжаньня ў «апалчэньні», распавёў пра тое, як абараняў “русский мир” і забіваў украінцаў. Распавёў і пра тое, што сустракаўся ў Беларусі з шматлікімі сваімі суайчыньнікамі і патэнцыйнымі заўтрашнямі баявікамі, якія цалкам могуць працягнуць рабаваць і забіваць, але ўжо на вуліцах беларускіх гарадоў (пакідаем у арыгінале): «Я тут уже много людей встретил, которые были и в «ДНР», и в «ЛНР». Наших тут на самом деле много. Очень много людей я просто случайно встретил. Я встретил человека (сам он из казаков), с которым мы вместе помогали раненым, когда железнодорожный вокзал разбомбили в Донецке… Так что отправлять запрос (на экстрадыцыю. – Заўв. аўт.) придется на многих».
З усяго вышэйпададзенага вынікае, што ў Беларусь разам з так званымі ўцекачамі з Усходу Украіны патрапляе значная колькасьць баявікоў, якія маюць досьвед вядзеньня баявых дзеяньняў. Розныя фонды дапамогі і «валянтэрскія» ініцыятывы граюць тут далёка не апошнюю ролю. Апроч гэтага, выкарыстоўваючы дастаўку гуманітарнай дапамогі мірнаму насельніцтву як прыкрыцьцё, яны забясьпечваюць бандфармаваньні расейска-тэрарыстычных войскаў харчаваньнем, амуніцыяй і мэдыкамэнтамі. Можна спрагназаваць, што ў зьвязку з пагаршэньнем сацыяльна-эканамічнага становішча акупаваных рэгіёнаў Украіны колькасьць баявікоў і наймітаў, якія пранікаюць на тэрыторыю Беларусі, значна павялічыцца, што максымальна спросьціць, у выпадку неабходнасьці, любы з падрыхтаваных спэцслужбамі РФ сцэнараў дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне.
Як заявіў 25 сакавіка 2016 г. начальнік Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў, «важна не прапусьціць у Беларусь замежных баявікоў-наймітаў, радыкальных мусульманаў, удзельнікаў вайсковых апэрацыяў ва Украіне, на Блізкім Усходзе». «Трэба стварыць аддзел, які будзе займацца спыненьнем дзейнасьці крымінальных аўтарытэтаў транспамежнай арганізаванай злачыннасьці, выяўляць дзейнасьць баявікоў і наймітаў». Хацелася б, каб гэта не заставалася пустой дэмагогіяй чыноўнікаў, якія дзеля захаваньня так званых саюзніцкіх адносінаў з Расеяй праяўляюць, насамрэч, абсалютную незацікаўленасьць у дачыненьні да замежных баявікоў і наймітаў, якія ня толькі бесьперашкодна пранікаюць на тэрыторыю дзяржавы, але й атрымліваюць ад яе дапамогу ў працаўладкаваньні і пошуку жыльля і практычна маюць роўныя зь беларусамі правы. Праблема яшчэ больш ускладняецца праз тое, што праз значны ўзровень карупцыі ў памежных структурах РФ і падкантрольных ёй «ДНР» і «ЛНР», а таксама праз адсутнасьць мяжы з Расеяй Беларусь драматычна насычаецца зброяй з тэрыторыі акупаванай часткі Украіны і, па сутнасьці, ператвараецца на тэрарыстычную Вандэю Эўропы.
Толькі праява палітычнае волі і спрыяньне кансалідацыі нацыі можа пазбавіць Беларусь ад паўтарэньня лёсу ўкраінскага Данбаса. Для гэтага важна аднавіць памежны кантроль на мяжы з РФ, паставіць магутны заслон на шляху тэрарыстаў, зброі і наркотыкаў, якія патрапляюць у краіну. Таксама больш рашучыя захады ў экстрадыцыі і прыцягненьні да адказнасці баявікоў, наймітаў, іхных памагатых і дэзэртыраў, якія хаваюцца ад правасудзьдзя ў Беларусі, мае зрабіць і Украіна. У адносінах да заўтрашніх магчымых герояў расейскіх рэпартажаў пра вайну ў Беларусі сьлед праяўляць не гасьціннасць, але выконваць дэкляраваныя мэты і задачы што да забесьпячэньня нацыянальнае бясьпекі дзяржавы.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў рэдактар беларускае службы міжнароднае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Падзяліцеся публікацыяй у сацсеціве! Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём. Разам пераможам!
