- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

InformNapalm узнагароджаны самай каштоўнай узнагародаю ад народу Украіны – ордэнам «Народны герой Украіны»

Каманда InformNapalm была ўзнагароджаная найважнейшым недзяржаўным ордэнам Украіны – «Народны герой Украіны».

17-я цырымонія ўзнагароджаньня адбылася ў Доме культуры гораду Мікалаева 29 чэрвеня 2016 г. Ордэны былі прызначаныя для 16 узнагароджаных, для некаторых пасьмяротна. InformNapalm стаўся гэтым разам адзіным праэктам, які атрымаў гэтую вельмі каштоўную ўзнагароду ад народу Украіны.

45b5423dfaac7b288462ab1ef21b82df [1]

Атмасфэра цырымоніі была ўрачыстай і строгай, пачалася яна з хвіліны маўчаньня па загінулых абаронцах Украіны. Першым быў пасьмяротна узнагароджаны Артур Кашапаў, баец 79-й брыгады, які абараняў Данецкі аэрапорт. Ягоную маці, якая прысутнічала падчас ўзнагароджаньня, пабрацімы Артура дзякавалі за выхаваньне надзейнага сябра й абаронцы. Яшчэ адным сумным момантам мерапрыемства было пасьмяротнае ўзнагароджаньне Андрэя Балагіна з пазыўным «Балаган», байца палку «Азоў», які загінуў 4 жніўня 2015 г. пад Мар’інкай. Ён быў грамадзянінам Расеі, які праз свае палітычныя перакананьні й незадаволенасьць дзяржаўнай сыстэмай Расейскай Фэдэрацыі, пераехаў ва Украіну яшчэ ў 2011 годзе, а ў 2014-м пайшоў на фронт дзеля абароны сваёй новай радзімы. Праз свае грамадзянства Андрэй працяглы час ня быў узнагароджаны, але ягоныя пабрацімы з палку «Азоў» зьдзейсьнілі максымум высілкаў, каб іхны баявы таварыш атрымаў свой пасьмяротны ордэн.

Шматлікія байцы казалі пра тое, што іхная барацьба – гэта барацьба перадусім за свае сем’і і сваю зямлю, казалі пра любоў да сваёй культуры й народу, якая ўздымае іхны баявы дух і прымушае ахвяраваць сабою й зьдзяйсьняць геройскія ўчынкі. Казалі, што трагедыя вайны, якая адбываецца на землях Украіны, зрабіла зь ейнага народу адзіную згуртаваную нацыю, моцную сваім духам вольналюбства.

Фактычна ўсе яны зазначылі важнасьць валянтэрскага руху ва Украіне – як на фронце, гэтак і ў тыле. Кожны, хто штодня аддае хаця б невялічкую частку свайго жыцьця барацьбе за свабоду Украіны, у любой форме – ці то на рэальным фронце, ці то на інфармацыйным, з зброяй у рукох або грукаючы па клявішах кампутару, у машыне з валянтэрскай дапамогаю для фронту або з старымі сьпіцамі і клубком воўны ў пальцах – кожны робіць свой унёсак у сьцьверджаньне абноўленае, моцнае й свабоднае дзяржавы Украіна.

Зазначым, што ўзнагарода «Народны герой Украіны» мае два варыянты: чырвона-чорная стужка на калодцы – для ваяроў, якія з зброяй у рукох абаранялі ўкраінскую зямлю, і жоўта-блакітная стужка – для валянтэраў і мэдыкаў. Срэбра для вырабу ордэну дасылаюць з усіх куткоў нашае плянэты.

13501730_10154381366086209_6050157267180221173_n [2]

13516326_10154381034596209_5930146890053617443_n [3]

13516359_10154381795921209_5613411995415565201_n [4]

Ад каманды InformNapalm на цырымонію ўзнагароджаньня прыехалі два чалавекі. Віталіс Кавальскі [5], які ўжо больш за год зьяўляецца чальцом нашае OSINT-групы і нядаўна прыбыў з акупаванага Луганска, прымаў у свае рукі ўзнагароду за ўсю нашую каманду. А прадстаўлялі нашую супольнасьць Аляксандар Нойнец [6], заснавальнік выданьня «Пятро і Мазэпа», і Міхайла Макарук [7], прадстаўнік супольнасьці «Вольныя Людзі».

13438972_1121465387925593_8421434939763820490_n [8]

Для нас гэта – ўзнагарода ўсёй нашай камандзе, якая ўжо больш за два гады змагаецца з расейскай гібрыднай агрэсіяй ня толькі ва Украіне, але і ў іншых краінах сьвету.

У кожнага з нас – свая жыцьцёвая гісторыя, якая спрычынілася да пачатку барацьбы супроць Расеі, і сталася выпраўным пунктам, зь якога пачалася свая ўласная гісторыя InformNapalm.

Кожны ў нашай камандзе робіць сваю невялічкую справу паводле сваіх магчымасьцяў і імкнецца максымальна хутка данесьці інфармацыю да ўсяе сусьветнае супольнасьці, бо часта на афіцыйным узроўні важная інфармацыя замоўчваецца або губляецца ў кабінэтах.

Нашая праца і інфармацыя, якую мы публікуем на сайце InformNapalm, даходзіць да мноства людзей ня толькі ва Украіне і Беларусі, але і ў шматлікіх краінах сьвету, якія сочаць за дзеяньнямі Расеі. Таму наш досьвед, досьвед InformNapalm – вельмі каштоўны.

Віншуем усіх інфармнапалмаўцаў з заслужанай узнагародаю. Нашая каманда за два з паловай гады здолела зрабіць немажлівае. Але самае важнае для нас, што ўзнагарода гэтая – НАРОДНАЯ, то бок мы атрымалі яе ад тых, дзеля каго й быў задуманы ўвесь наш праэкт.

Дзякуй усім сябрам і чытачам за падтрымку й веру ў нас! Гэта і вашая ўзнагарода таксама! Толькі разам можна выстаяць і перамагчы!

Мы дзякуем народу Украіны за вялікую пашану й павагу, якую ён мае да нас, за гэтую вельмі каштоўную ўзнагароду!

Слава Україні! Жыве Беларусь!

Матар’ял падрыхтавала Irina Schlegel [9] адмыслова для InformNapalm.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын [10].

P.S. Каманда InformNapalm асабліва дзякуе Міхайлу Макаруку, Аляксандру Нойнецу  і Андрэю Левусу за падораную магчымасьць прысутнічаць на цырымоніі ўзнагароджаньня ў Мікалаеве!