- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Пахавальны марш расейскіх генэралаў (Статыстыка й інфаграфіка)

Ня ёсьць таямніцаю, што расейскія генэралы часта паміраюць, да таго ж часта не заўжды натуральнай сьмерцю. У гэтым артыкуле валянтэры міжнароднае супольнасьці InformNapalm пастараліся стварыць найбольш поўны сьпіс загадкавых сьмерцяў генэралаў і адміралаў, якімі насычаная найноўшая гісторыя Расеі. Абставіны сьмерці гэтых людзей ня высьветленыя, таямніцы пахаваныя. Дамо чытачам права самастойна вырашыць, што з гэтага было здарэньнем, што – забойствам, што – суіцыдам, а што – звычайнай сьмерцю праз старасьць ці хваробу. Таксама мы стварылі інфаграфіку сьмерцяў расейскіх генэралаў, на шкале якой вызначылі дзьве эпохі кіраваньня расейскіх прэзыдэнтаў.

Rus_Generals_D01_BY [1]

Спампаваць* .PNG version 2.1 [2]

Падрабязныя дадзеныя:

Маршал СССР, начальнік Генэральнага штаба Збройных сілаў СССР і першы намесьнік Міністра абароны СССР (1984-88 гг.) Ахрамееў пасьля правалу путчу “ГКЧП” скончыў жыцьцё самагубствам у сваім крамлёўскім кабінэце 24 жніўня 1991 г. (у той час Ахрамееў працаваў дарадцам Міхаіла Гарбачова ў вайсковых пытаньнях). Аднак матар’ялы справы пра самагубства маюць багата недакладнасьцяў і дзіўных дэталяў. Па-першае, дзівіць сам спосаб самагубства: вайсковы вырашае не застрэліцца, але павесіцца, яшчэ пры гэтым і седзячы. Па-другое, згодна з пакінутымі цыдулкамі, спробаў самагубства ў адзін і той жа дзень было дзьве, але ёсць паказаньні сьведак, якія бачылі Ахрамеева і атрымлівалі ад яго загады праз тэлефон у інтэрвале паміж дзьвюма спробамі. Па-трэйцяе, адзін з сьведкаў казаў, што ў гэтым жа інтэрвале хтосьці ўваходзіў і выходзіў з кабінэту Ахрамеева. Па-чацьвертае, сьледчага празь вельмі доўгі час не дапускалі да мейсца здарэньня і забаранілі браць панятых. 1 верасьня 1991 году маршал Ахрамееў быў пахаваны на Траякураўскіх могілках без вайсковых ушанаваньняў.

Генэрал-палкоўнік Гусеў загінуў у аўтакатастрофе 30 лістапада 1992 году ў Маскве. Былі распаўсюджаныя чуткі, што насамрэч гэта было сплянаванае забойства, бо за сэкунду да аварыі кіроўца Гусева раптам страціў прытомнасьць. Прычына раптоўнага нядужаньня кіроўцы гэтак і не была ўсталяваная.

У лютым 1993 году падчас паездкі ў аэрапорт пад Уладзівастокам у выніку сутыкненьня службовай «Волгі» зь «ЗІЛам» загінуў начальнік аддзелу вайсковай контрвыведкі Ціхаакіянскага флёту контр-адмірал Ягоркін. Ён накіроўваўся ў Маскву на нараду кіраўнікоў спэцслужбаў і праваахоўных ворганаў Расеі, прысьвечанай праблемам барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй.

Генэрал арміі Бараньнікаў, у мінулым міністар унутраных справаў РСФСР (1990-1991), апошні міністар унутраных справаў СССР (1991) і міністар бясьпекі РФ (1992-1993). Займаўся карабахскім канфліктам. Таксама вядомы праз тое, што прымаў удзел у арышце Міністра абароны СССР Язава пасьля жнівеньскага путчу 1991 году. 21 ліпеня 1995 году памёр на сваім лецішчы ад інсульту, да гэтага ён пасьпеў у 1993 г. паседзець у Ляфортове за арганізацыю масавых беспарадкаў у верасьні-кастрычніку 1993 г.

22 мая 1996 году п’яны супрацоўнік міліцыі зьдзейсьніў наезд на мінака, у выніку якога загінуў адзін з кіраўнікоў ГРУ Генштаба ЗС РФ генэрал-маёр Ламанаў.

18 чэрвеня 1996 году скончыў жыцьцё самагубствам генэрал-маёр бронетанкавых войскаў Волкаў. Ён застрэліўся з узнагароднага пісталету, якім яго ўзнагародзіў Ельцын. Волкаў быў намесьнікам начальніка Галоўнага ўпраўленьня казачых войскаў, чальцом часовай назіральнай камісіі ва ўрэгуляваньні вайсковага канфлікту ў Чачэніі, таксама кураваў пытаньні абмену палоннымі.

5 мая 1997 г. скончыў жыцьцё самагубствам генэрал-маёр ГРУ ГШ РФ Шыпілаў. Ён выкінуўся з вакна сваёй маскоўскай кватэры на вул.Крылацкія халмы. Пасьмяротнае цыдулкі не пакінуў, аднак паводле вэрсіі сьледзтва прычынай сталася псыхічнае расстройства Шыпілава, якое адбылося пасьля вяртаньня генэрала зь Югаславіі. Шыпілаў з пачатку 90-х займаў пасаду вайсковага аташэ ў Югаславіі (працаваў падчас вайсковых дзеяньняў), займаўся арганізацыяй мірных перамоваў падчас югаслаўскага канфлікту.

Генэрал-лейтэнант Рохлін, кіраваў штурмам прэзыдэнцкага палацу й шэрагу раёнаў у Грозным. Быў кантактнай асобай для вядзеньня перамоваў пра спыненьне вагню з чачэнскімі палявымі камандырамі. Адмовіўся ад званьня Герою Расеі за пасьпяховы захоп Грознага: «У грамадзянскай вайне палкаводцы ня могуць набыць славу. Вайна ў Чачэніі – ня слава Расеі, але ейная бяда». У 1997 г. Рохлін стварае свой палітычны рух, увесь час знаходзіцца ў апазыцыі да ўлады, паводле адных чутак плянуе вайсковы пераварот, паводле іншых – імпічмэнт Ельцына. У ноч на 3 ліпеня 1998 г. знойдзены застрэленым на ўласным лецішчы. У забойстве генэрала абвінавацілі ягоную ўласную жонку.

У тым жа ліпені 1998 году ў аўтакатастрофе гіне намесьнік начальніка ГУБАЗ МУС РФ генэрал-маёр Батурын. Ягоную сьмерць некаторыя расейскія СМІ зьвязвалі з расьледаваньнем забойства журналіста Дзьмітрыя Холадава, які сур’ёзна распрацоўваў тэму карупцыі ў Міністэрстве абароны РФ. На лаву падсудных праз абвінавачваньне ў забойстве Холадава трапляе група вайскоўцаў з 45-га палку спэцназу ПДВ на чале з начальнікам выведкі ПДВ Папоўскіх (суд іх усіх апраўдае). Высьвятляецца, што 45-ы полк ПДВ удзельнічаў у спэцаперацыях у фізічнай ліквідацыі расейскіх і замежных грамадзянаў як унутры Расеі, гэтак і за мяжою. Падчас справы сьледзтва выходзіць на ГУБАЗ МУС і на самога Батурына, які ўласнаручна падпісваў байцам 45-га палку дакуманты прыкрыцьця. Неўзабаве пасьля гэтага Батурын і гіне.

7 жніўня 1999 г. у Ступінскім раёне Падмаскоўя з-за страты кіраваньня аўтамабілем гіне начальнік упраўлення ГРУ генэрал-маёр Шалаеў.

31 траўня 2001 г. у пас.Ханкала (Чачэнія) на тэрыторыі штабу расейскай вайсковай групоўкі ў выніку сардэчнага прыступу раптоўна памірае адмірал Угрумаў. Званьне адмірала было яму нададзенае напярэдадні – 30 траўня. Угрумаў займаў пасаду намесьніка дырэктара ФСБ і кіраваў Дэпартамэнтам у абароне канстытуцыйнага ладу і барацьбе з тэрарызмам. З 2001 г. Угрумаў сумяшчае гэтую працу з пасадай кіраўніка Рэгіянальнага апэратыўнага штабу на Паўночным Каўказе.

Генэрал-лейтэнант Лебедзь загінуў 28 красавіка 2002 г. у выніку катастрофы гэлікоптэру Мі-8 у Краснаярскім краі. Генэрала Лебедзя разам з генэралам Рохліным часта называлі самымі верагоднымі кандыдатамі, каб узначаліць вайсковы мяцеж у РФ.

11 верасьня 2002 г. у аўтакатастрофе на 45-м кілямэтры Кіеўскай шашы гіне генэрал-маёр Герцэў, начальнік аднаго з упраўленьняў Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўленьня Збройных сілаў РФ.

Генэрал-маёр Фэдэральнай памежнай службы Платошын быў застрэлены ў салёне свайго «Мэрсэдэса» з свайго ж пісталету выпадковай спадарожніцай пад Чэбаксарамі, прозьвішча якой падмянілі «дзеля інтарэсаў сьледзтва». Інцыдэнт адбыўся ў верасьні 2002 г. Платошын быў камандуючым авіяцыяй групы ФПС ў Таджыкістане, таксама займаўся барацьбой з наркотыкамі на таджыка-афганскай мяжы.

4 чэрвеня 2002 г. памірае генэрал арміі Івашуцін. Івашуцін быў 1-й намесьнікам старшыні КДБ СССР (1954-1963), в.а. старшыні КДБ СССР (5 -13 лістапада 1961 г.), начальнікам ГРУ – намесьнікам начальніка ГШ ЗС СССР (1963-1986). У 2002 г. генэрал Івашуцін быў ужо вельмі старым, таму, цалкам мажліва, ён памёр сваёю сьмерцю.

Генэрал-маёр Шавялёў быў знойдзены згарэлым у сваім уласным аўтамабілі ў Раменскім раёне Падмаскоўя 19 верасьня 2002 г. На ягоным лецішчы былі выяўленыя сьляды ўзлому і рабаваньня. Паводле вэрсіі сьледзтва менавіта рабаўнікі спалілі Шавялёва ў ягонай уласнай машыне, папярэдне перагнаўшы яе ў суседні населены пункт. Да 1997 г. Шавялёў працаваў у Фэдэральнай агенцыі ўрадавай сувязі і інфармацыі, а пасьля гэтага займаў пасаду намесьніка дырэктара ААТ «Ростелеком» (рас.).

30 кастрычніка 2002 г. памірае генэрал-маёр Калесьнік, галоўны распрацоўшчык штурму палаца Аміна ў Аўганістане. У 1979 г. Калесьнік кіраваў фармаваньнем і навучаньнем 154-га асобнага атраду спэцыяльнага прызначэньня, які выконваў спэцзаданьні ў Аўганістане. У 1982-92 гг. Калесьнік займаў пасаду начальніка ўпраўленьня спэцыяльнай выведкі ГРУ Генэральнага Штаба ЗС СССР.

5 лістапада 2002 г. гіне ў аўтамабільнай катастрофе генэрал-лейтэнант Шатохін, колішні камандуючы авіяцыяй Фэдэральнай памежнай службы Расеі. Пасьля звальненьня ў запас Шатохін працаваў намесьнікам генэральнага дырэктара ААТ «Авиазапчасть» (рас.).

15 лістапада 2002 г. аўтамабіль Фэдэральнай службы спэцыяльнага будаўніцтва (ФССС) РФ трапляе пад абстрэл у Грозным. У ім знаходзіўся генэрал-лейтэнант Шыфрын, начальнік Вайсковага эксплюатацыйна-аднаўленчага кіраваньня сувязі ФССС. У выніку атрыманых параненьняў Шыфрын памёр.

17 лістапада 2002 г. памірае генэрал арміі Максімаў. У 1967-69 гг. ён быў вайсковым дарадцам ў Емэне, у 1979 г. прызначаны камандуючым войскамі Туркестанскае вайсковае акругі. З 1984 г. Галоўнакамандуючы войскамі Паўднёвага стратэгічнага накірунку. З 1985 г. Галоўнакамандуючы Ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэньня (РВСН), намесьнік Міністра абароны СССР. З 1991 г. Галоўнакамандуючы Стратэгічнымі сіламі стрымліваньня СССР. 1992 г. – камандуючы Стратэгічнымі сіламі Аб’яднаных збройных сілаў СНД.

Генэрал-палкоўнік Трафімаў (1995-97 гг. – Начальнік Упраўленьня ФСБ Масквы і Маскоўскай вобласьці) быў расстраляны разам з жонкай 10 красавіка 2005 г. непадалёк свайго дому. Забойца быў у масцы і дзейнічаў прафэсійна, выкарыстаўшы пісталет з глушыцелем. Забойства не было раскрытае, але колішні начальнік Упраўлення ФСБ Масквы Савасьцянаў і тады яшчэ жывы Літвіненка былі ўпэўненыя ў тым, што забойства генэрала мела палітычныя матывы.

У сьнежні 2007 году раптоўна памёр з-за «неспадзяванага спыненьня сэрца і наступнага інфаркту» першы намесьнік кіраўніка службы контрвыведкі цэнтральнага апарата ФСБ генэрал-палкоўнік Валеры Пячонкін. Існуе вэрсія, што генэрал меў асабістае дачыненьне да правальнай апэрацыі ў зьнішчэньні Аляксандра Літвіненкі ў Лёндане ў лістападзе 2006 году.

21 лютага 2008 г. генэрал-палкоўнік Уласаў, в.а. кіраўніка Службы будаўніцтва і раскватараваньня МА, застрэліўся ў сваім кабінэце.

Генэрал-палкоўнік Трошаў, камандуючы баявымі дзеяньнямі ў Чачэніі і Дагестане (1995-2002) загінуў 14 верасьня 2008 г. у авіякатастрофе Боінг-737-500 у раёне Пермі.

29 сьнежня 2008 г. у Махачкале быў забіты намесьнік начальніка штаба Паўночна-Каўказскага рэгіянальнага камандаваньня ўнутраных войскаў МУС РФ, генэрал-маёр Ліпінскі. “Ніва” Ліпінскага была абстраляная невядомымі. Генэрал атрымаў параненьне грудной клеткі, пасьля чаго быў дастаўлены ў больніцу, у якой памёр праз страту крыві.

22 лютага 2009 г. у пазашляхавіку Toyota Land Cruiser, прыпаркаваным побач з рэстарацыяй «Парызьен» на Ленінградзкім праспэкце з уключаным рухавіком, было знойдзенае цела генэрал-маёра ФСБ РФ у адстаўцы Рагачова. Спачатку супрацоўнікі міліцыі выказалі здагадку, што Рагачоў памёр натуральным шляхам у выніку нявызначанага захворваньня, аднак падчас дэталёвага агляду ў моргу экспэрты выцягнулі з галавы загінулага кулю 9 мм. Праз тое, што Рагачоў быў вядомы сваёю асьцярожнасьцю і праз тое, што стрэлілі ў яго ў ягоным жа аўтамабілі, меркавалася, што генэрал быў добра знаёмы з забойцам і асабіста дапусціў яго ў сваю машыну.

21 чэрвеня 2009 г. у Маскве памірае генэрал-маёр Пятроў, лідэр партыі КПЕ і кіраўнік апазыцыйнага праэкту «Канцэпцыя грамадзкай бясьпекі» (КОБ). Пятроў у свой час удзельнічаў у распрацоўцы і выпрабаваньнях касьмічнай сыстэмы «Энергія-Буран». Нягледзячы на ​​афіцыйную вэрсію пра натуральную сьмерць, прыхільнікі генэрала Пятрова да сёньняшняга дня  сьцьвярджаюць, што ён быў атручаны.

Генэрал-маёр Іваноў, намесьнік начальніка ГРУ Генштаба Збройных сілаў РФ, гіне ў выніку вельмі загадкавага здарэньня. Труп Іванова выявілі 16 жніўня 2010 г. (гэты год стане фатальным для шматлікіх генэралаў). Парэшткі знайшлі на беразе Міжземнага мора жыхары ўзьбярэжнае вёсачкі ў Турэччыне. Апошняга разу жывога генэрала бачылі на супрацьлеглым беразе – у Сірыі, калі ён наведваў будпляцоўку ў даволі вядомым горадзе Тартусе, дзе на той момант адбывалася будаўніцтва новых аб’ектаў расейскай вайскова-марской базы Чарнаморскага флёту. Пасьля наведаньня базы ў Тартусе Іваноў паехаў на сустрэчу зь сірыйскімі выведнікамі. Дзесьці ў гэты час ён і зьнік. Варта зазначыць, што Іваноў фактычна быў другім чалавекам у расейскім кіраваньні вайсковай выведкай ГРУ. Нібыта менавіта ён быў арганізатарам сэрыі забойстваў чачэнцаў, якія пражывалі за мяжой. Юрыя Іванова таксама зьвязваюць з авіякатастрофай Ту-154 у Смаленску, у якой загінуў Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі, амаль усё вайсковае камандаваньне Польшчы, а таксама цэлы шэраг польскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў.

4 кастрычніка 2010 г. генэрал-маёр Чаўрызаў, колішні начальнік выведкіраваньня штабу галоўнакамандуючага ўнутраных войскаў МУС Расеі, пусьціў сабе кулю ў галаву з ўзнагароднага пісталету ва ўласным пад’езьдзе на вуліцы Веерная ў Маскве. Характэрна, што ў чачэнскай вайне Чаўрызаў займаў пасаду намесьніка начальніка выведкіраваньня ў камандаваньні і выкарыстаньні сілаў спэцпрызначэньня. Празь некалькі дзён пасьля сьмерці Чаўрызава, у сваім гаражы на поўначы Масквы застрэліўся падпалкоўнік ФСБ Барыс Смірноў.

Генэрал-лейтэнант Дуброў 28 кастрычніка 2010 г. раптоўна гіне ў выніку падзеньня з плятформы пад электрычку ў Балашыхскім раёне Маскоўскае вобласьці. Дуброў займаў пасаду старшыні прэзыдыюма Рускага антыфашысцкага камітэта і зьяўляўся чальцом каардынацыйнай рады вайскова-патрыятычных грамадзкіх арганізацыяў Расеі. Раней, у лютым 2010 г., пад старшынствам генэрала Дуброва прайшла Агульнарасейская афіцэрская нарада, на якой было прынятае рашэньне пра пачатак дзеяньняў у падрыхтоўцы скіданьня рэжыму Пуціна-Мядзьведзева. 7 лістапада Дуброў меўся выступіць на мітынгу «Армія супроць Сердзюкова» (на той момант Сердзюкоў быў Міністрам абароны РФ). Характэрна, што на гэты мітынг ня змог патрапіць ня толькі Дуброў, але таксама генэрал-лейтэнант Дэбашвілі, якога знойдуць мёртвым у цэнтры Масквы, і генэрал-лейтэнант Шаманаў, які 30 кастрычніка патрапіць у аўтамабільную аварыю ў Туле.

30 кастрычніка 2010 г. цела генэрала-лейтэнанта Дэбашвілі было выяўленае каля дому №28 на Камсамольскім праспэкце ў цэнтры Масквы.

Генэрал-палкоўнік Ачалаў памёр «пасьля цяжкой і працяглай хваробы» 23 чэрвеня 2011 г. Намесьнік Міністра абароны СССР (1990-1991), Міністар абароны РФ (22 верасьня – 4 кастрычніка 1993 г.). Ачалаў быў знаны праз сваю непрымальную пазыцыю ў адносінах да рэжыму. Увосень 1993 г. Ачалаў быў сярод лідэраў паўстаньня, якое пачалося ў Маскве пасьля блякады дэпутатаў Вярхоўнага савета Расеі. Пасьля паўстаньня быў арыштаваны, але вызвалены паводле амністыі ў 1994 г. Пазьней патрабаваў звальненьня Сердзюкова, быў адным з асноўных арганізатараў лістападаўскага мітынгу ў 2010 г., перад якім загадкава загінулі генэралы Дуброў, Чаўрызаў і Дэбашвілі, а генэрал Шаманаў выжыў, але з-за траўмаў, атрыманых у аўтамабільнай аварыі, трапіў у больніцу, і ня змог прыехаць.

26 жніўня 2011 г. генэрал-маёр Мораў быў знойдзены мёртвым у сваім кабінэце з куляй у галаве. Мораў займаў пасаду начальніка ўпраўленьня ФСБ Цьвярской вобласьці. Да гэтага Мораў быў начальнікам Упраўленьня ФСБ Расеі ў Рэспубліцы Саха-Якутыя.

Генэрал-лейтэнант Шэбаршын, начальнік зьнешняй выведкі СССР (з 06.02.1989 па 22.09.1991), в. а. Старшыні КДБ СССР (з 22 па 23 жніўня 1991 г.), 30 сакавіка 2012 г. у сваёй кватэры на 2-й Цьвярской-Ямской скончыў жыцьцё самагубствам, застрэліўся з узнагароднага пісталету. Шэбаршын скончыў МДІМА, ведаў чатыры мовы, працаваў у Індыі, Іране, Пакістане, Аўганістане. Шэбаршын быў начальнікам Пуціна падчас ягонай працы ў ПГУ КДБ.

Генэрал арміі Грачоў, Міністар абароны РФ (1992-1996), памёр 23 верасьня 2012 ў Цэнтральным вайсковым клінічным шпіталі імя Вішнеўскага. Прычынай сьмерці стаўся ці то інсульт, ці то атручэньне, ці то невылечная хвароба, ад якой генэрал пакутваў працяглы час. У афіцыйным паведамленьні Мінабароны было зазначанае, што Грачоў памёр ад вострага мэнінгаэнцэфаліта. Генэрал Грачоў быў эпічнаю асобай, чалавекам, які рыхтаваў ГКЧП, але ў апошні момант перакінуўся да Ельцына, затым расстрэльваў Белы Дом ў 1993 г., кіраваў вывядзеньнем войскаў з Усходняе Эўропы, вёў перамовы што да скарачэньня ядравага арсэналу, кіраваў увядзеньнем войскаў на тэрыторыю Прыднястроўя, Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, а таксама перакідваньнем расейскіх міратворцаў у Боснію; падчас ягонага міністэрства адбывалася Першая чачэнская вайна. Генэрал Грачоў, безумоўна, ведаў вельмі шмат, і гэтыя веды ён забраў з сабою у магілу, не напісаўшы ані радку мэмуараў пасьля сваёй адстаўкі.

У сьнежні 2012 году ў выніку загадкавай авіякатастрофы прыватнага гэлікоптэру Robinson R-44 загінуў кіраўнік выведвальнага кіраваньня службы контрвыведкі цэнтральнага апарата ФСБ Расеі генэрал-лейтэнант Алег Скопінцаў, пазначаны ў большасьці паведамленьняў пра гэты інцыдэнт у СМІ, як «жыхар Масквы». Галоўны акцэнт гэтага здарэньня быў ськіраваны ў бок ценявога бізнэсмэна Фёдара Царова (вядомага ў крымінальных колах зь мянушкаю Тарфяны Цар), у кампаніі якога на борце гэлікоптэру знаходзіўся генэрал. Таксама на гэтым борце знаходзіўся сын экс-кіраўніка “Росимущества” (рас.) Васіль Пятроў, імя якога ФСБ таксама спрабавала трымаць у таямніцы. Усе трое загінулі.

19 красавіка 2013 г. зьдзейсьніў самагубства генэрал-маёр РВСН Бондараў, выкладчык акадэміі Генштаба ЗС РФ. Бондараў павесіўся ў ваннай сваёй уласнай кватэры.

У ноч на 3 студзеня 2014 г. у сваёй кватэры ў Пецярбургу застрэліўся віцэ-адмірал Усьціменка, колішні намесьнік камандуючага Паўночным флётам ВМФ Расеі.

7 лютага 2014 г. зьдзейсьніў спробу самагубства контр-адмірал ВМФ Апанасенка, які стрэліў сабе ў галаву з узнагароднага пісталету. Ён памёр ужо ў больніцы празь некалькі дзён. Дачка Апанасенкі сказала, што прычынай самагубства сталася адсутнасьць абязбольвальнага ў ейнага бацькі, хворага на рак.

18 сакавіка 2014 г. генэрал-маёр ЗС СССР у адстаўцы Саплін скончыў жыцьцё самагубствам, застрэліўся з узнагароднага пісталету. Паведамлялася, што Саплін скардзіўся на жудасныя болі ў галаве, выкліканыя праз рак апошняй стадыі. Пра гэта вялося і ў перадсьмяротнай цыдулцы.

Генэрал-маёр ГРУ Гудкоў застрэліўся з узнагароднага пісталету 8 чэрвеня 2014 г. на поўдні Масквы. Гудкоў «пакутваў на цяжкую хваробу і скончыў жыцьцё самагубствам у выніку дэпрэсіі».

16 чэрвеня 2014 г. генэрал-маёр паліцыі Калесьнікаў (2012-1014 гг. – намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня эканамічнай бясьпекі і процідзеяньня карупцыі МУС Расеі) скончыў жыцьцё самагубствам наўпрост падчас допыту, выкінуўся з 6-га паверха будынку Сьледчага камітэта РФ. Прычыны й абставіны ягонай сьмерці да сёньняшняга дня да канца ня высьветленыя.

21 ліпеня 2014 г. у працоўным кабінэце было знойдзенае цела генэрал-маёра Мішаніна з сьмяротным вагнястрэльным параненьнем у галаву. Мішанін з 2010 г. займаў пасаду вайсковага камісара Ніжненоўгарадзкай вобласьці. Да гэтага камандаваў 205-й асобнай мотастралковай брыгадай і 122-й мотастралковай дывізіяй. Прычынай сьмерці пазначанае самагубства.

3 студзеня 2015 г. быў знойдзены ў сваім працоўным кабінэце з сьмяротным параненьнем у галаву генэрал-маёр Бучнеў, міністар МУС рэспублікі Марый Эл. Паводле вэрсіі сьледзтва ён скончыў жыцьцё самагубствам, застрэліўся з узнагароднага пісталету.

6 студзеня 2015 г. на матузку павесіўся генэрал-лейтэнант ВПС Кудраўцаў праз «невыносны боль» з-за раку.

Генэрал-маёр Шушукін, намесьнік начальніка штаба ПДВ РФ, памёр 27 сьнежня 2015 г. у выніку «спыненьня сэрца». Менавіта генэрал Шушукін ажыцьцяўляў баявое плянаваньне і камандаваў анэксіяй Крыма ў 2014 г. На ягоным рахунку таксама досьвед удзелу ў баявых апэрацыях на Паўночным Каўказе і ў Югаславіі.

Генэрал-палкоўнік Сергун, начальнік Галоўнага выведвальнага ўпраўленьня Генэральнага штаба ЗС Расеі, намесьнік начальніка ГШ ЗС РФ, паводле афіцыйнай вэрсіі расейскіх уладаў раптоўна памёр у выніку шырокага інфаркту 3 студзеня 2016 году.

Пасада Сергуна гаворыць сама за сябе, тым ня менш, варта зазначыць, што Сергун мае наўпроставае дачыненьне ня толькі да анэксіі Крыма, але й да плянаваньня ўсёй апэрацыі супроць Украіны. На ягоным рахунку як падрыхтоўка захопу ўсходніх і паўднёвых рэгіёнаў Украіны, гэтак і акупацыя войскамі РФ і іх наймітамі часткі Данецкай і Луганскай абласьцёў, якія пад чулым кіраўніцтвам Сергуна ператварыліся на самаабвешчаныя псэўдарэспублікі «ДНР» і «ЛНР», дзе да сёньняшняга дня адбываецца гвалт, рабаваньні, марадэрства і гандаль людзьмі. Імя Сергуна таксама мае сэнс зьвязваць з крушэньнем Боінга-777 рэйса MH17, які быў зьбіты ракетай «зямля-паветра» у раёне Тареза 17 ліпеня 2014 г. Насуперак афіцыйнай заявы расейскага боку пра тое, што Сергун памёр з-за вострай сэрцавай недастатковасьці ў Падмаскоўі, амэрыканская прыватная выведвальна-аналітычная кампанія Stratfor паведаміла, што згодна зь ейнымі данымі, Сергун насамрэч памёр у Лібане 1 студзеня 2016 г.

Сьпіс няпоўны і можа актуалізавацца. Ёсць усе падставы меркаваць, што пасьля кожнай значнай апэрацыі Крэмль зьдзяйсьняе сэрыю зачыстак у апараце вышэйшага вайсковага кіраўніцтва. Маштабы вайсковых злачынстваў Расеі ў Сірыі і ва Украіне дазваляюць выказаць здагадку, што чарговы «генэральскі зоркапад» толькі пачынаецца. У большасці расейскіх генэралаў застаюцца два шляхі: бегчы і прасіць палітычнага прытулку, распавёўшы падчас вайсковага трыбуналу падрабязнасьці вайсковых злачынстваў, альбо стаць чарговым «парашутыстам» або памерці ў пятлі «з-за раку». Выбар ёсць заўсёды…

Матар’ял падрыхтавала валянтэр міжнароднае супольнасьці InformNapalm Christina Dobrovolska [3]

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын [4]

(CC BY 4.0 [5]) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org [6], падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Актыўны распаўсюд у сацсетках вітаецца!