InformNapalm.org (Беларуская)

519-ы дывізыён выведвальных караблёў ВМФ РФ удзельнічаў у акупацыі Крыму

Валянтэры міжнароднае супольнасьці InformNapalm сабралі доказы непасрэднага ўдзелу асабовага складу 519-га асобнага дывізіёну выведвальных караблёў у ваеннай агрэсіі супроць Украіны. Да гэтага часу ў базе дадзеных вайсковай пракуратуры Украіны што да падразьдзяленьняў ЗС РФ і караблёў ЧФ ВМФ РФ, якія маюць дачыненьне да захопу Крыму, зьвесткі пра 519-ы АДВК адсутнічалі.

Асабістыя дадзеныя расейскіх вайскоўцаў

Расейскі вайсковец Кашчэеў Канстантын Канстантынавіч (рас. – Кащеев Константин Константинович) у сваім акаўнце сацыяльнага сеціва “VK” апублікаваў фота мэдалю за акупацыю Крыму й ўзнагароднага пасьведчаньня да яго.

На падставе дадзеных з акаўнту расейскага ваеннага злачынца К. Кашчэева вызначанае, што ён нарадзіўся 27.12.1992 г. у Санкт-Пецярбургу, РФ. У 2013 годзе скончыў Нацыянальны дасьледніцкі ўнівэрсытэт Вышэйшай школы эканомікі.

Рэкрутаваны на вайсковую службу ўвосень 2013 году.

Асабовы нумар вайскоўца – ВЕ-300089. Служыў у марской выведцы – на сярэднім выведвальным караблі “Ліман“. Гэты карабель уваходзіў у склад 519-га асобнага дывізыёну выведвальных караблёў ЧФ ВМФ РФ, в/ч 53189, пункт сталай дысьлякацыі – г. Сэвастопаль, часова акупаваны Крым.

У фотаальбоме Кашчэева маецца фатаздымак, зроблены на борце караблю “Ліман”. Ніжэй падаем параўнальную ідэнтыфікацыю характэрных элемэнтаў караблю:

Дадатковае пацьверджаньне таго, што Кашчэеў служыў менавіта на “Лімане”, знойдзенае ў акаўнце ягонага таварыша ў службе Уладзіслава Муратава. На сваёй старонцы Муратаў ня толькі пазначыў нумар вайсковай часткі, але й пацьвердзіў, што мейсцам службы зьяўляецца сярэдні выведвальны карабель “Ліман”.

У фотаальбоме Муратава выяўленыя групавыя фатаздымкі з часу службы, у якіх апазнаны Кашчэеў (апошні праваруч):

У фота ніжэй Кашчэеў сядзіць на кукішках, другі леваруч:

Скатавоз vs. карабель-выведнік РФ

У склад 519-га асобнага дывізіёну выведвальных караблёў уваходзяць сярэднія выведвальныя караблі (СВК) “Іван Хурс“, “Прыазоўе“, “Экватар“, “Кільдзін“.

У склад дывізіёну таксама ўваходзіў сярэдні выведвальны карабель “Ліман“. Але 27 красавіка 2017 году “Ліман” сутыкнуўся з скатавозам Yozarsif-H, які йшоў пад сьцягам Рэспублікі Тога (Афрыка), і затануў. Пасьля на ягонае мейсца ў дывізіён прыбыў карабель “Іван Хурс”.

Цікава, што за некалькі месяцаў да гібелі, у лютым 2017 году, СВК “Ліман” сачыў за вайскова-марскімі вышкаламі NATO “Марскі шчыт” (Sea Shield) у Чорным моры. У вышкалах удзельнічалі й Збройныя сілы Украіны.

На форумах і ў сацыяльных сетках можна знайсьці шмат дасьціпных камэнтароў з нагоды патапленьня расейскага караблю-выведніка скатавозам.

СВК “Ліман” быў абсталяваны сакрэтнай апаратурай, якую давялося зьнішчыць. Для расьледаваньня інцыдэнту была створана адмысловая камісія, якая разглядала прычыны сутыкненьня. У прыватнасьці, паводле адной з вэрсіяў, прычынай зьяўляюцца дзеяньні адказных асобаў на караблі, якія ня зьнізілі хуткасьць судна ва ўмовах кепскай бачнасьці. Выданьне “Думская” (рас.) з спасылкай на ўласныя крыніцы ва акупаваным Сэвастопалі паведаміла, што на момант інцыдэнту афіцэрскі склад, вахтавы афіцэр і камандыр “Ліману” былі ў стане алькагольнага ап’яненьня. На галоўным камандным пункце знаходзіліся толькі недасьведчаныя матросы. Радыёмэтрыст спрабаваў праінфармаваць камандаваньне пра набліжэньне скатавозу, аднак камандыры былі нагэтулькі п’яныя, што не адрэагавалі. Скатавоз пратараніў «Ліман» у борт. Вада хлынула ў машыннае аддзяленьне і карабель пачаў тануць. Расейскія маракі перабраліся на борт скатавозу, а “Ліман” пайшоў на дно.


Зьвяртаемся да праваахоўных органаў Украіны: У абвешчаным вайсковай пракуратурай Украіны пераліку падразьдзяленьняў ЗС РФ і караблёў ЧФ ВМФ РФ, якія маюць дачыненьне да захопу Крыму, адсутнічае 519-ы асобны дывізіён выведвальных караблёў і СВК “Ліман”. Руслан Ібрагімаў – капітан 2-га рангу з часовым выкананьнем абавязкаў камандыра в/ч 53189, які падпісваў узнагародныя пасьведчаньні да мэдалёў за акупацыю Крыма, – таксама пакуль не фігуруе ў сьпісе (1, 23) вайсковых службовых асобаў каманднага складу Збройных сілаў і прадстаўнікоў улады РФ, якім Галоўнай вайсковай пракуратурай Украіны паведамленае пра падазрэньне. Просім лічыць нашае расьледаваньне як паведамленьне пра злачынства, здзейсьненае супроць Украіны, і зьдзейсьніць усе неабходныя працэсуальныя дзеяньні.


Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Exit mobile version