InformNapalm.org (Беларуская)

Мурманская 61-я АБрМП ВМФ РФ на луганскіх «гастролях»

Больш за год таму было апублікаванае расьледаваньне InformNapalm «Сьведчаньні ўдзелу ў баёх на Данбасе 61-й брыгады марской пяхоты ПФ ВМФ РФ», у якім былі раскрытыя факты ўдзелу ў баёх на Данбасе ўлетку – ўвосень 2014 году тактычнага падразьдзяленьня 61-й асобнай брыгады марской пяхоты Паўночнага флёту РФ. Доказы ўдзелу ў баёх марскіх пяхотнікаў былі пададзеныя ў выглядзе фотасьведчаньняў: больш за 40 фатаздымкаў зь мейсцаў баявых дзеяньняў з асабістых профіляў сацсетак 17 «ветэранаў Данбаса» – расейскіх вайскоўцаў. Пасьля згаданай публікацыі расейскія спэцслужбы зьдзейсьнілі масавую зачыстку крыніцаў уцечкі інфармацыі, але як толькі суцішыліся жарсьці, ліхія марпехі-інтэрвэнты зноў пачалі выхваляцца сваёй «украінскай камандыроўкай».

У выніку новага дасьледаваньня OSINT-экспэртаў міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm была выяўленая яшчэ адная група марскіх пяхотнікаў 61-й АБрМП ПФ (в/ч 38643 ПФ, пас. Спутнік, Мурманская вобласьць), якія тыражуюць фатаздымкі, зьвязаныя з «украінскай выправай» свайго злучэньня ў 2014 годзе. Збольшага гэта дасьведчаныя кантрактнікі з працяглым тэрмінам службы, якія атрымалі баявы досьвед у так званых контртэрарыстычных камандыроўках на Паўночным Каўказе. Характэрна, што частка «ветэранаў Данбаса» пасля ўкраінскага ваяжу ўдзельнічала ў «інтэрнацыянальнай місыі» на Блізкім Усходзе – у Сірыі. Некаторыя зь фігурантаў патрапілі ў сеціва InformNapalm паноўна, частка з тымі ж імёнамі і профілямі, але з новымі фотасьведчаньнямі ўдзелу свайго падразьдзяленьня ў вайсковай агрэсіі супроць Украіны.

Ігар Бушуеў (архіў профілю, фотаальбому 1 і 2, кантактаў), у ягоным фотаальбоме маецца сэрыя фота з Данбаса, у тым ліку знаёмы нам паводле мінулых расьледаваньняў супольны фатаздымак марскіх пяхотнікаў з шасьцю апазнанымі вайсковымі злачынцамі. У ягоным профілі маецца фота на тле надмагільнага помніку камандыру батальёну 61-й брыгады Мышку, які «заўчасна памёр» у “мірным часе” ў ліпені 2014 году.

У гэтым фатаздымку можна пабачыць гаражы на тэрыторыі в/ч 3035 у Луганску, ягоны аналіз зьдзейсьніў блёгер-дасьледнік Askai.

Макс Баранаў, сапраўднае прозьвішча, меркавана, Развоў (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў), у ягоным фотаальбоме маецца сэрыя фота з рамонтам БТР, якія, цалкам мажліва, былі выведзеныя з зоны баявых дзеяньняў. Фота маюць геалякацыю Каменск-Шахцінскага раёну Растоўскае вобласьці, які мяжуе з Украінай. Гэтыя здымкі датаваныя ў верасьні 2014 году. Таксама ў альбоме Баранава маюцца фота з пачатку жніўня 2014 году з памежнай з Украінай вёскі Валаконаўка Кантэміраўскага раёну Варонежскае вобласьці.

Апроч фота Баранаў выклаў відэа «прывалу» марпехаў з жніўня 2014 году на тэрыторыі вайсковай часткі №3035 у Луганску з назовам «вось так там» (архіў).

Сяргей Качанаў (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў), у ягоным фотаальбоме маецца сэрыя фота з Данбаса, апублікаваных у красавіку 2016 году. У фатаздымках на тле разбуранай вёскі пазуюць «апалчэнцы», сярод якіх досыць лёгка апазнаць нашага фігуранта Качанава.

 

 

Раман Тэрцілаў (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў) “засьвяціўся” ужо другога разу. Яго мы выкрылі раней, гл. інфармацыю пра яго ў гэтым матар’яле, у якім ён фігуруе з №1. Праз свае глупства ён паноўна выклаў новае фота з Данбаса – у напаўстатутнай форме, зь імпэрскім расейскім сьцягам на БТР на заднім пляне.

 

 

Максім Мартыненка (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў) пазуе на тле танкаў сэрыі «Смерть Айдару» (рас.) суседняй 200-й брыгады спэцыяльнага прызначэньня Паўночнага флёту РФ, якія ўжо неаднойчы фігуравалі ў нашых расьледаваньнях.

Досыць адметным і іранічным ёсьць тое, што ў профілі Мартыненкі быў выяўлены рэпост інфаграфікі з публікацыі InformNapalm што да расейскіх ПВК, – выходзіць, што расейскія вайскоўцы зьяўляюцца прыхільнікамі й чытачамі нашага сайту.

Мікалай Мікалаевіч (архіў профілю, фотаальбому 1 і 2кантактаў) з фатаздымкам з памежных з Украінаю палеткаў Растоўскае вобласьці на тле гэлікоптэраў Ка-52 і Мі-8. Падобныя фота мы выяўлялі і ў іншых расейскіх вайскоўцаў, якія былі  ў «растоўска-ўкраінскай» камандыроўцы. Адметным ёсьць фатаздымак фігуранту на БТР з дадатковым боекамплектам, цалкам мажліва, зробленым ужо на тэрыторыі Украіны.

Уладзімер Дуброўскі (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў) падае фатаздымак замаскаванае тэхнікі мінамётнай батарэі з памежнага з Украінай раёну. Фота выкладзенае ў верасьні 2014 году, падобныя фатаздымкі з вандроўнымі батарэямі мы выяўлялі і ў іншых «ветэранаў Данбаса» (1 і 2). Таксама ў ягоным фотаальбоме ёсьць фатаздымак мінамётнай батарэі САУ «Нона» на базе БТР, зроблены ўжо ў Мілераўскім раёне Растоўскае вобласьці ў лістападзе 2014 году.
Дзіман Трудны (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў) зь сэрыяй фатаздымкаў вандроўнай батарэі САУ «Нона» з верасьня – кастрычніка 2014 году. Тэхніка была схаваная ў лесе і, цалкам мажліва, як і іншыя артылерыйскія сродкі ЗС РФ, сканцэнтраваныя ля ўкраінскае мяжы, зьдзяйсьняла абстрэлы Украіны. Гэтыя ж САУ, але ўжо пад Мілерава, мы выявілі ў профілі фігуранту Дуброўскага (гл. вышэй).

Зь інфармацыяй пра іншыя ўкраінскія “прыгоды” вайскоўцаў Паўночнага флёту ВМФ РФ можна азнаёміцца ў спасылках, пададзеных ніжэй:


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваны на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня валянтэраў міжнароднае супольнасьці InformNapalm.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.

 (CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Падзяліцеся публікацыяй у сацсеціве! Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version