InformNapalm.org (Беларуская)

Раскрыты ўдзел 68-й брыгады караблёў аховы воднага раёну Чарнаморскага флёту ў апэрацыі захопу Крыму

Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm падчас маніторынгу сацыяльных старонак расейцаў выявіла доказы непасрэднага ўдзелу вайскоўцаў 68-й брыгады караблёў аховы воднага раёну (в/ч 26977) Чарнаморскага флёту ВМФ РФ у апэрацыі захопу Крыму. Таксама вызначанае, што пасьведчаньне да мэдалёў за акупацыю Крыму ім падпісваў капітан 2-га рангу Аляксей Свірыдзенка. Гэты вайсковец фігуруе і ў матар’ялах Службы бясьпекі Украіны як адзін з афіцэраў, якія маюць дачыненьне да апэрацыі нападу на ўкраінскія караблі 25 лістапада 2018 г. у нэйтральных водах Керчанскае пратокі.

Асабістыя дадзеныя й фотадоказы

Ківа Ягор Анатолевіч (рас. – Кива Егор Анатольевич), 16.04.1991 году нараджэньня, у якасьці мейсца жыхарства пазначыў у сацсетках г. Краснадар, ягоная маці Натальля Ківа (Салоніна) жыве ў пгт. Афіпскі Северскага раёну Краснадарскага краю.

Навучаўся ў кубанскім дзяржаўным унівэрсытэце. Першыя вайсковыя фатаздымкі зьявіліся ў фотаальбоме ў лістападзе 2013 году. Тэрміновую службу праходзіў у 68-й брыгадзе караблёў аховы воднага раёна, в/ч 26977 (68-я БрКАВР ЧФ ВМФ РФ, акупаваны Сэвастопаль, Украіна). Удзельнічаў у апэрацыі захопу Крыму. Узнагароджаны міністэрствам абароны РФ мэдалём за акупацыю Крыму. Фота апублікаваў у сацсеціве. У фота Ягор Ківа (леваруч) з таварышам у службе Дзьмітрыем Сомавым (пра яго гаворка пойдзе далей).

Маці Ягора ў сваім акаўнце сацсеціва апублікавала пасьведчаньне да ўзнагароды сына:

Таксама яна ў камэнтарох на сваёй старонцы паведаміла, што ейны сын служыў на тральшчыку “Віцэ-адмірал Жукаў”, бартавы нумар 909. Гэты марскі тральшчык уваходзіць у склад 68-й БрКАВР.

Сомаў Дзьмітры Валер’евіч (рас. – Сомов Дмитрий Валерьевич), 13.06.1995 г.н., нарадзіўся ў г. Геленджык, Краснадарскі край РФ. Мажлівыя мейсцы жыхарства – г. Геленджык (Краснадарскі край), г. Южна-Курыльск (Сахалінская вобласьць, РФ).

Тэрміновую службу праходзіў у 2013-2014 гадох. Як і Ягор Ківа, служыў на марскім тральшчыку “Віцэ-адмірал Жукаў”, што дадаткова пацьверджанае наступным фатаздымкам, у якім з дапамогаю павялічэньня можна пабачыць надпіс на выратавальным крузе – “МТ 909“:

Удзельнічаў у апэрацыі захопу Крыму і быў узнагароджаны за гэта міністэрствам абароны РФ.

Мэдалі за акупацыю Крыму вайскоўцам 68-й БрКАВР падпісваў у той час часова выконваючы абавязкі (рас. – “врио”) камандыра брыгады, капітан 2-га рангу Аляксей Свірыдзенка (рас. – Алексей Свириденко). Станам на 2016 год Свірыдзенка – начальнік штабу брыгады караблёў АВР.

Як паведаміла 29 лістапада 2018 г. Служба бясьпекі Украіны на сваёй старонцы ў сацсеціве Facebook, Аляксей Свірыдзенка адзін з тых, хто аддаваў і выконваў загады пра напад на ўкраінскія караблі 25 лістапада 2018 г. у нэйтральных водах Керчанскае пратокі. Прэзэнтацыя сьпісу датычных да злачынства расейскіх акупантаў маецца на сайце СБУ.

Доказы ваеннай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супроць Украіны й факталягічная інфармацыя пра кадравых вайскоўцаў падразьдзяленьняў ЗС РФ, узбраеньне й вайсковую тэхніку, зафіксаваных на акупаванай тэрыторыі Украіны, скампіляваныя ў нашай базе дадзеных Russian Aggression.


Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Exit mobile version