26 красавіка 2017 году ў сталіцы акупаванай Абхазіі г. Сухумі ў будынку «Абхазскага дзяржаўнага унівэрсытэта» прайшоў форум на тэму: «Узмацненьне вайсковай прысутнасьці NATO ў Прычарнамор’і. Нацыянальная бясьпека Абхазіі». Адным з удзельнікаў на мерапрыемстве быў памочнік начальніка выведкі 7-й акупацыйнай вайсковай базы ў Абхазіі. Даклад афіцэра выведаддзелу гудаўцкай базы адметны праз тое, што зьмяшчае элемэнты дэзынфармацыі з наўмысным скажэньнем фактаў і прапагандысцкімі клішэ, далёкімі ад рэчаіснасьці. Напрыклад (падаем у арыгінале):
— «Военные учения, проводимые в акватории Черного моря и в Закавказье, носят неприкрыто враждебный характер и рассматриваются США и странами НАТО в качестве одного из способов силового давления на Абхазию»;
— «Основной маршрут переброски боевиков на территорию Северного Кавказа легальным путем проходит через территории Грузии, что дестабилизирует обстановку в Северокавказком регионе РФ»;
— «Заявления руководства США и ряда европейских стран с обвинениями России во вмешательстве во внутренние дела Украины послужили поводом к наращиванию военного присутствия в Черноморской зоне».
У зьвязку з гэтым міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm нагадвае пра канкрэтныя факты, якія сьведчаць пра баявы шлях 7-й расейскай акупацыйнай вайсковай базы, вайскоўцы якой цынічна кажуць пра нібыта варожае ўзмацненьне вайсковай прысутнасьці NATO ў Чорным моры. Узмацненьне групоўкі Паўночнаатлянтычнага альянсу на ўсходніх рубяжах – толькі сьледзтва паўзучай агрэсіі Расеі супроць суседніх дзяржаваў.
7-я акупацыйная вайсковая база (склад, узбраеньне, асаблівасьці)
7-я вайсковая база, в/ч 09332 (Грузія, акупаваная Абхазія, г. Гудаўта), 49-й арміі Паўднёвае вайсковае акругі РФ пачала фармавацца ў 2009 годзе – праз год пасьля расейскага ўварваньня ў Грузію. База сфармаваная на аснове 131-й Майкопской асобнай мотастралковай брыгады, якую падчас спробы штурму г. Грознага ў навагоднія дні 1994-1995 гадоў разьбілі чачэнскія паўстанцы.
Структура акупацыйнага злучэньня ў Абхазіі складаецца з сухапутнага кампанэнту ў выглядзе ўзмоцненай цяжкой брыгады: 4 мотастралковыя батальёны, танкавы батальён, 2 артылерыйскія дывізыёны, рэактыўны дывізыён, рота снайпэраў, рота БЛА, выведвальны батальён, а таксама іншыя асобныя падразьдзяленьні й забесьпячэньне. Асабовы склад злучэньня ўкамплектаваны паводле зьмяшанага прынцыпу жаўнерамі-тэрміноўцамі й кантрактнікамі. Спробы камандаваньня ўкамплектаваць базу выключна вайскоўцамі кантрактнае службы не спраўдзіліся. Гэтак, кантрактнікамі на 100% укамплектаваны толькі адзін мотастралковы батальён, які зьяўляецца ядром батальёна-тактычнае групы, якая прыцягваецца да баявых дзеяньняў супроць Збройных Сілаў Украіны на Данбасе.
Апроч гэтага ў склад вайсковай базы ўваходзяць:
- авіяцыйная камэндатура, якая забясьпечвае пэрыядычныя палёты лятакоў і гэлікоптэраў ПКС ЗС РФ на аэрадром Гудаўта;
- група зэнітна-ракетных дывізыёнаў (уключае сродкі вайсковай СПА – ЗРК «Аса», «Страла-10» і трохдывізыйны зэнітна-ракетны полк ЗРС С-300 (24 пускавыя ўстаноўкі), якія разгорнутыя для баявой варты ў н/п Агудзера і Прыморскае;
- радыётэхнічнае падразьдзяленьне, сродкі варты якога знаходзяцца на тэрыторыі Сухумскага аэрапорту Бабушэра.
7-я акупацыйная вайсковая база ў матар’ялах InformNapalm
Разгледзеўшы структуру, узбраеньне й некаторыя асаблівасьці, характэрныя для 7-й вайсковай базы, мы хочам нагадаць, што в/ч 09332 зьяўляецца ня толькі злучэньнем ЗС РФ, якое акупавала адзін з рэгіёнаў Грузіі, але й адным з самых актыўных фармаваньняў расейскай арміі, якое ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях. Інфармацыя пра баявы шлях вайскоўцаў базы на Данбасе адлюстраваная ў 30 (!) OSINT/HUMINT-расьледаваньнях міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm. Храналёгія:
-
Спасылкі на 30 расьледаваньняў
- Баявыя разьлікі САУ “Акацыя” 7-й вайсковай базы, якія “партызаняць” у лясох уздоўж мяжы з Украінай.
- «Данецкі экспрэс» – ідэнтыфікацыя расейскай тэхнікі і ўзбраеньня, якое перакідваюць на Данбас.
- «Інтэрны» – мэдычнае падразьдзяленьне 7-й вайсковай базы з Абхазіі на мяжы з Украінай.
- Рэактыўная артылерыя 7-й расейскай акупацыйнай базы з Абхазіі на мяжы з Данбасам.
- “З мандарынавага раю ва ўкраінскае пекла”: як расейскіх кантрактнікаў добраахвотна-прымусовым чынам выпраўляюць забіваць украінцаў.
- Вайскоўцаў 7-й вайсковай базы РФ з Абхазіі за ўдзел у баёх на Данбасе ўзнагароджваюць мэдалямі.
- Тэрміноўцаў 7-й вайсковай базы РФ масава вярбуюць у кантрактнікі для “ўкраінскіх камандыровак”.
- Міхос “адважны” – выведнік 7-й в/базы, кавалер мэдалю “За адвагу”.
- Чарговыя ўзнагароджаныя з 7-й акупацыйнай вайсковай базы ў выніку ўкраінскіх камандыровак.
- Вайскоўцы 7-й вайсковай базы ЗС РФ перагульваюць падчас пераапрананьня ў баявікоў “ДНР/ЛНР”.
- Легенда-біяграфія “колішняга” вайскоўца 7-й вайсковай базы.
- Зафіксаванае маштабнае перакідваньне сілаў і сродкаў ЗС РФ з акупаванай Абхазіі.
- Расея перакідвае тэхніку 7-й вайсковай базы ў Растоўскую вобласьць.
- Кантрактнік ЗС РФ з 7-й вайсковай базы ваюе ў складзе бандфармаваньняў “ДНР”.
- «Калі няма што рабіць»: Гульні расейскіх акупантаў на Данбасе.
- «Падвойны ўдар» Лі па афіцэрах СПА Збройных Сілаў РФ
- Гудаўта – Растоў – Данбас – Хмэймім – Службовы сьпіс расейскага акупанта
- Дынастыя расейскіх вайсковых злачынцаў. Біяграфія акупанта
- Новая сукенка ВВХ: «А кароль голы!»
- Будні й сьвяты растоўскага рэзэрву арміі «наваросіі»
- Выяўленыя дакуманты пра склад БТГр 7-й в/базы, якая знаходзіцца ў «растоўска-ўкраінскай камандыроўцы»
- 21 з 35: апазнаныя артылерысты 7-й в/базы ЗС РФ, датычныя да абстрэлаў Украіны. Інфаграфіка
- Love Story 3: любоўны трыкутнік расейскага акупанта
- Расейскага выведніка з 7-й вайсковай базы выкрыў бультэр’ер з Горлаўкі
- Выкрытыя выведнікі 7-й вайсковай базы МА РФ, якія ваявалі ва Украіне
- Стэпы Данбаса: расейскія жаўнеры-калмыкі «заблукалі» ў стэпах Украіны
- Мінабароны Расеі заахвочвае кантрактнікаў, якія ваявалі ва Украіне, праз залічэньне ў элітныя вучэльні
Такім чынам рытарычныя заявы афіцэраў 7-й акупацыйнай вайсковай базы пра небясьпеку NATO ў Чарнаморскім рэгіёне зьяўляюцца цалкам недарэчнымі на фоне шматлікіх фактаў расейскай агрэсіі супроць Украіны й Грузіі. Сёньняшняя Расея – галоўны й адзіны агрэсар – які ёсьць небясьпекай для ўсіх краінаў Чарнаморскага басэйну. Доказам гэтаму ёсьць акупацыя часткі тэрыторыі Грузіі й Украіны.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ на падставе ўласных OSINT/HUMINT-расьледаваньняў міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
