InformNapalm.org (Беларуская)

Кожны з нас: дзеля будучыні Беларусі маем ведаць і бараніць Курапаты (ВІДЭА)

Прапануем вашай увазе відэа ток-шоў «Кожны з нас» тэлеканалу «Белсат», прысьвечанага абароне Народнага мэмарыялу Курапаты. Гэтая першая грамадзкая спроба нацыянальнага дыялёгу што да пошукаў шляхоў разьвязаньня канфлікту. У перадачы ўдзельнічаюць аўтар дакумантальнага фільму «Дарога на Курапаты» Міхаіл Жданоўскі; архэоляг Мікалай Крывальцэвіч, які разам зь Зянонам Пазьняком зьдзяйсьняў раскопкі ў Курапатах; вядомы беларускі палітык і публіцыст, лідар Варты абароны Курапатаў Павал Севярынец; протаярэй БПЦ Яўген Грамыка; намесьнік старшыні ЛДБП Алег Гайдукевіч; іншыя беларускія грамадзкія актывісты й палітыкі. Журналісцкую супольнасьць прадстаўлялі галоўны рэдактар рэспубліканскага выданьня «Новы Час» Аксана Колб і аўтар гэтых радкоў.

Урочышча Курапаты – цэнтральнае мейсца ў Беларусі, дзе савецкія карныя ворганы НКУС зьдзяйсьнялі масавыя расстрэлы мясцовага насельніцтва. Паводле розных ацэнак колькасьць забітых тут можа сягаць ад 30 да 250 тысячаў чалавек. Гэта, без перабольшваньня – найвялікшае мэмарыялізаванае сьведчаньне генацыду беларускага народу і наяўны доказ аднаго з самых жахлівых злачынстваў таталітарных рэжымаў у гісторыі чалавецтва.

Архіўнае фота расстрэльнай каманды НКУС

Праўду пра Курапаты ўпершыню расскрылі ў 1988 годзе архэолягі Зянон Пазьняк і Яўген Шмыгалёў у сваім артыкуле ў газэце «Літаратура і Мастацтва», які меў эфэкт разарванай бомбы. Менавіта з гэтага моманту, з усьведамленьня маштабаў нацыянальнай катастрофы, значна актывізаваўся беларускі нацыянальна-вызвольны рух, які й спрычыніўся да аднаўленьня незалежнасьці краіны і ў якасьці аднаго з ключавых чыньнікаў – да распаду вязьніцы народаў – Савецкага Саюзу. Паказальна, што пагадненьне пра спыненьне існаваньня СССР было ўхваленае акурат на беларускай зямлі.

Усталяваньне “Крыжа Пакуты”, мітынг у Курапатах, “Дзяды”, 1989 г. / Радыё Свабода

На працягу трох апошніх дзесяцігодзьдзяў намаганьнямі беларускага народу ў Курапатах створаны Народны мэмарыял, які сакралізуе гэтае мейсца і кадыфікуе памяць пра масавыя рэпрэсіі савецкага рэжыму ў манумантальнай форме.

Фота: Дзяніс Івашын

Але акурат у трыццатую гадавіну адкрыцьця праўды пра Курапаты побач з расстрэльнымі ямінамі адчыніўся рэстарацыйна-забаўляльны комплекс, дзе адбываюцца гулянкі й запускаюць фаэрвэркі. Ягоны чарнасоценны назоў «Бульбашъ-холл», праз пратэсты зьменены на найменьне расейскага кулінарнага шоў «Поедем Поедим», адкрыта дэманструе пагарду ды каляніяльную зьнявагу да беларусаў як Нацыі.

Яшчэ ў 2012 годзе паводле прадстаўленьня Генпракуратуры й прадпісаньня Мінкульта РБ у адказ на звароты грамадзкіх актывістаў і шматлікія подпісы пад заявамі, будоўля гэтага комплексу была спыненая, прызнаная незаконнай і самавольнай. Дзяржаўныя працэсуальныя дакуманты адназназна сьведчаць пра самазахоп зямлі, неадпаведнасьць праэктнае дакумантацыі, незаконную будоўлю ў ахоўнай зоне мэмарыялу Курапаты і рэкамэндуюць прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

Аднак рэзалюцыі дзяржаўных ворганаў застаюцца толькі на паперы, іх ніхто не выконвае. Цалкам мажліва, праз тое, што дзьме досыць моцны вецер з Усходу. Арэндатарам амаль 1,2 га зямлі пад забаўляльным комплексам да 2106 г. зьяўляецца СТАА «Белрэстінвэст», што належыць расейскай ТАА «Ренессанс» з Санкт-Пецярбургу. Відавочна пад уплывам лабістаў расейскага капіталу ў Беларусі забаўляльны комплекс выводзяць зь межаў ахоўнае зоны мэмарыялу і легалізуюць.

На мейсцы, дзе некалі пачалося беларускае Адраджэньне актыўна разьвівае свой наступ расейскі Рэнэсанс. Каб актыўна яму супрацьдзейнічаць кожны з нас мае ведаць, што такое Курапаты. Ад пазыцыі і дзеяньняў кожнага з нас залежыць канчатковае скіданьне ярма калёніі, росквіт і дабрабыт беларускай Нацыі.

Глядзіце й пашырайце відэа ток-шоў “Кожны з нас” ў беларускай інфапрасторы. Далучайцеся да Варты абароны Курапатаў!


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў рэдактар беларускае службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын.

Загалоўнае фота: мітынг у Курапатах, “Дзяды”, 1989 г., аўтар – Валер Пальсьцюк.

Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Exit mobile version