Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm падчас маніторынгу старонак расейскіх вайскоўцаў выявіла важныя факты ўдзелу жаўнераў 758-га Цэнтру матар’яльна-тэхнічнага забесьпячэньня Чарнаморскага флёту РФ у апэрацыі захопу Крыму. Вызначаныя канкрэтныя прозьвішчы. Расьледаваньне апублікаванае з мэтай дапоўніць базу дадзеных выяўленых падразьдзяленьняў і службовых асобаў, якім можа быць паведамленае пра падазрэньне ў зьдзяйсьненьні злачынства супроць Украіны.
Роля падразьдзяленьняў забесьпячэньня ў працэсе захопу Крыму была досыць значнай, бо яны зьдзяйсьнялі тэхнічнае й тылавое забесьпячэньне ўсіх відаў збройных сілаў і асобных родаў войскаў ЗС РФ. Напрыклад, для выкананьня баявой задачы ўсе караблі, падводныя, надводныя, забясьпечваюць паліўнымі й змазачнымі матар’яламі, ракетамі, боекамплектам, харчамі, прэснаю вадою і ўсім неабходным.
Фігуранты гэтага расьледаваньня служылі ў 758-м цэнтры матар’яльна-тэхнічага забесьпячэньня (758-ы ЦМТЗ) Чарнаморскага флёту Расейскае Фэдэрацыі (в/ч 63876, сталы пункт дысьлякацыі – часова акупаваны Крым, Сэвастопаль).
У спісе падразьдзяленьняў ЗС РФ, датычных да захопу Крыму, абвешчаным вайсковай пракуратурай Украіны, гэтае падразьдзяленьне пакуль не фігуруе, таму мы публікуем сабраныя дадзеныя й напрыканцы артыкулу публічна зьвяртаемся да праваахоўных органаў Украіны.
Пра гэтае падразьдзяленьне мы ўжо згадвалі ў лістападзе 2018 году ў матар’яле пра вайскоўцаў 99-й брыгады МТЗ (72153, г. Майкоп, Рэспубліка Адыгея, РФ). Яны апублікавалі фота, зробленыя на тэрыторыі Перагрузачнай базы паліва 758-га цэнтру МТЗ ЧФ РФ (1, 2). На той час мы ня мелі доказаў удзелу ў агрэсіі супроць Украіны вайскоўцаў, якія служылі ў 758-м цэнтры МТЗ. Аднак гэтыя доказы мы выявілі падчас маніторынгу акаўнтаў сацсетак.
Вызначаныя дадзеныя
Фотадоказы ўдзелу ў апэрацыі захопу Крыму апублікаваў на сваёй старонцы ў сацсеціве расейскі жаўнер Данілаў Сяргей Сяргеевіч (рас. – Данилов Сергей Сергеевич), 25.07.1991 г.н., г. Сочы, Краснадарскі край РФ.
У фотаальбоме Данілава маецца фота ўзнагароднага пасьведчаньня да мэдалю за акупацыю Крыму, якое падпісаў камандыр 758-га цэнтру МТЗ палкоўнік Аляксей Мікалаевіч Шышэчкін:
-
Старонкі сацсетак, скрыншоты, фатаздымкі С. Данілава
У фота ніжэй Сяргей Данілаў зафіксаваны разам з сваім таварышам у службе Уладзіславам Дзідзенкам, абодва маюць мэдалі за акупацыю Крыму:
Вызначанае, што Уладзіслаў Яўгенавіч Дзідзенка нарадзіўся 09.08.1991 г. у г. Валгаград. Скончыў Валгаградзкі дзяржаўны аграрны унівэрсытэт у 2013 годзе.
Цікава, што Дідзенка на сваіх старонках сацсетак не публікаваў доказаў удзелу ў захопе Крыму. Ягонае злачынства выкрыў таварыш у службе Сяргей Данілаў, у фотаальбоме якога маецца шмат супольных армейскіх фота зь Дзідзенкам, у тым ліку фатаздымак з мэдалём. Таксама здымак Уладзіслава Дзідзенкі з мэдалём маецца і ў фотаальбоме ягонага бацькі Яўгена Дзідзенкі:
-
Старонкі сацсетак, скрыншоты, фатаздымкі У. Дзідзенкі
Мы зьвяртаемся да праваахоўных органаў Украіны: У сьпісе падразьдзяленьняў Збройных сілаў РФ, датычных да захопу Крыму, абвешчаным вайсковай пракуратурай Украіны, адсутнічае 758-ы цэнтар МТЗ Чарнаморскага флёту ВМФ РФ. Таксама камандыр в/ч 63876 палкоўнік Аляксей Шышэчкін не фігуруе ў сьпісе (1, 2, 3) вайсковых службовых асобаў каманднага складу Збройных сілаў і прадстаўнікоў улады РФ, якім Галоўнаю вайсковаю пракуратураю Украіны паведамленае пра падазрэньне. Просім успрымаць нашае расьледаваньне як паведамленьне пра злачынства, зьдзейсьненае супроць Украіны, і зьдзейсьніць усе неабходныя працэсуальныя дзеяньні.
Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
