InformNapalm.org (Беларуская)

8-я АМСБр ЗС РФ у складзе “народнай міліцыі” ЛНР

У выніку новага OSINT-расьледаваньня, каманда InformNapalm.org падрыхтавала чарговы матар’ял, які паказвае, як штатная расейская вайсковая тэхніка ўліваецца ў шэрагі т.зв. народнай міліцыі “ЛНР”, а расейскія вайскоўцы атрымліваюць статус “ветэранаў” у выніку камандыровак на Данбас.

На сайце расейскага “Першага канала” можна знайсьці тэлерэпартаж зь 1 лютага 2013 году “У Чачэнскай рэспубліцы адбываюцца вышкалы адзінай горнай матастралковай брыгады”, у якім распавядаецца пра 8-ю горную АМСБр (в/ч 16544, мейсца дысьлякацыі Чачэнія, с.Барзой) Паўднёвае вайсковае акругі ЗС РФ і вышкалы на палігоне “Дар’ял” у Паўночнай Асэтыі. У рэпартажы фігуруюць МЦЛБ (шматмэтавы цягач зь лёгкаю бранёю). У гэтым відэароліку з хранамэтражу 01:58 хв. можна пабачыць МЦЛБ з тактычнымі знакамі 8-й АМСБр горнай – белае кола, якое знаходзіцца ў квадраце (копія ў архіве https://archive.is/SY35B).

 

На відэапартале youtube ёсьць відэаролік з 15 сакавіка 2015 году, з назовам “У Навапаўлаўску праведзеныя заняткі з асабістым складам 2 матастралковага батальёну НМ ЛНР” ад т.зв. інфармацыйна-аналітычнае агенцыі “Юго-Восток” (рас.), у хронаметражы з 07:02 і 07:36 хв. можна пабачыць мадэрнізаваны МЦЛБ з НСВ “Утёс” (рас.) з тактычнымі знакамі вышэйзгаданай 8-й АМСБр. (копія ў архіве https://youtu.be/JMfUzCznP74, https://archive.is/ibbCY).

 

На відэа з вышкалаў “НМ ЛНР” ёсьць і іншая расейская вайсковая тэхніка, у тым ліку БМП з зафарбаванымі бартавымі нумарамі.

Каб яшчэ аднаго разу пацьвердзіць тактычны знак 8-й АМСБр, мы дасьледавалі некалькі профіляў сацсеціва “Укантакце” вайскоўцаў гэтага вайсковага злучэньня з Чачэніі, у якіх была выяўленая тэхніка з падобнымі знакамі. Нягледзячы на ​​тое, што ў профілі вайскоўца 8-й горнай брыгады Сяргея Чайнікава (архіў https://archive.is/94Plc) не фігуруюць адкрытыя фатаздымкі з Данбаса, ёсьць шэраг слайдаў, выкладзеных 4-5 катрычніка 2014 году зь відавочнымі азнакамі таго, што фатаздымкі зробленыя не ў Чачэніі, але маюць дачыненьне да сэрыі “растоўска-ўкраінскіх камандыровак” (закрыты твар, скопішча тэхнікі-ўзбраеньне, не каўказскі краявід і палявыя ўмовы, нестатутная форма адзеньня і г.д.).

    

Былі выяўленыя іншыя цікавая фатаздымкі, у тым ліку копіі некаторых дакумэнтаў і камэнтары да іх. Больш за ўсіх прыцягнуў увагу слайд “ветэранскага пасьведчаньня”, выкладзены 6 траўня 2015 году. Пасьведчаньне мае нумар 0389711, выдадзенае МА РФ 24 лістапада 2014 году, з подпісам начальніка кадраў Паўднёвае вайсковае акругі генэрал-маёру С.Панеўчыка. Цікавы і камэнтар Чайнікава пра тое, што ён нядаўна вярнуўся з “БЗ” – баявога заданьня і раней “ветэранствам” пахваліцца ня мог.

Іншы цікавы дакумэнт, гэта слайд з рапартам С.Чайнікава, выкладзены 8-га лістапада 2014 году, пра прадстаўленьне чарговага водпуску за 2014 год. З гэтага рапарту вынікае, што С.Чайнікаў зьяўляецца шараговым кантрактнікам з 25 кастрычніка 2013 году, пасада – гранатамётчык 3-га аддзяленьня 1-га ўзводу 3-й роты 2-га батальёна в/ч 16544. Яго непасрэдныя камандыры – кам. аддзяленьня гв. старэйшы сяржант Агамірзоеў, камандыр узводу старэйшы лейтэнант Галаеў, камандыр роты капітан Чыгасаў, камандыр батальёну падпалкоўнік Амірханян.

 

З улікам вышэйпададзенага і раней здабытай інфармацыі адносна ўдзелу 8-й брыгады ў баёх на Данбасе, можна сьмела выказаць здагадку, што расейская вайсковая тэхніка і, ў прыватнасці, МЦЛБ 8-й АМСБр ЗС РФ, ёсьць ва ўзбраеньні т.зв. 2 матастралковага батальёну НМ “ЛНР”, а расейскі кантрактнік гэтай жа брыгады С.Чайнікаў зьяўляецца “ветэранам” расейскай вайсковай авантуры ва Украіне.

Тэма расійскай бранетэхнікі, якая была заўважаная ва Украіне, досыць добра раскрытая блёгерам-дасьледчыкам “sled-vzayt”, адзін з апошніх запісаў прысьвечаны менавіта МЦЛБ у варыянце з буйнакаліберным кулямётам “Утёс” (рас.) – МЦЛБ ВМ, альбо “Корд” МЦЛБ ВМК.

8-я АМСБр горную мы ўжо шмат разоў фіксавалі ў кантэксьце “растоўска-ўкраінскіх камандыровак”, гл. тэматычныя спасылкі:

8-я горная матастралковая брыгада РФ ва Украіне September 22, 2014

Выведпадразьдзяленьне 8-й МСБР горнай на мяжы з Украінай October 8, 2014

“Show Must Go On”, або, “папярэднія ласкі” October 30, 2014

Мэдаль “За адвагу” December 9, 2014

InformNapalm.org неаднойчы адзначаў, што большая частка публікацыяў заснаваная на інфармацыі, прадстаўленай нашымі чытачамі і сябрамі, якія самастойна зьдзяйсьняюць OSINT-выведку. Прадстаўлены матар’ял быў назьбіраны на падставе назіраньняў Міхаіл Нет, які і вызначыў тэхніку 8-й АМСБр на Данбасе.

Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ

(с) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайта InformNapalm, падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялу спасылка на наш праэкт абавязковая.

Пераклад Дзяніса Івашына

Exit mobile version