Валянтэры міжнароднае супольнасьці InformNapalm працягваюць адсочваць тэму «мэдыя-тэрарызму» ў кантэксьце абвастрэньня сытуацыі ў раёне Аўдзееўкі і ўздоўж усяе лініі разьмежаваньня сілаў на Данбасе.
Напрыканцы сьнежня ўжо было зазначанае, што баявікі актывізавалі практыку правакацыйных абстрэлаў падкантрольнай ім тэрыторыі, што сьведчыць пра пляны РФ абвастраць далей сытуацыю ў зоне канфлікту.
Варта прадэманстраваць яшчэ адзін прыклад правакацыі, якая зьздяйсьнялася напярэдадні эскаляцыі баявых дзеяньняў.
Увечары 26 студзеня 2017 году пасьля зьмярканьня расейска-тэрарыстычныя войскі пачалі інтэнсіўны абстрэл пазыцыяў ЗСУ з жылога сэктару ў многіх мейсцах лініі разьмежаваньня, спрабуючы справакаваць вагонь у адказ.
ЗСУ не падалося на гэтую правакацыю, таму яны задзейнічалі ўжо правераную тактыку: абстрэл акупаванае тэрыторыі дзеля стварэньня неабходнае карцінкі ў расейскіх СМІ.
На акупаваных тэрыторыях, падкантрольных расейскаму тэрарыстычнаму ўтварэньню «Л/ДНР», былі абстраляныя Данецк, Бранка, Горлаўка і іншыя населеныя пункты. Абстрэлы суправаджаліся значнай мэдыя-падтрымкай з боку РФ.
Разгледзіць усе правакацыі досыць складана, але калі на сваіх каналах расейскія баявікі публікуюць фота або відэа, узьнікае мажлівасьць прааналізаваць дэталёва ўсю хлусьню і маніпуляцыі расейскіх прапагандыстаў.
Для чарговага аналізу мы выявілі фота і відэа зь мейсца выбуху боепрыпасу ў г.Бранцы. Удалося зьдзейсьніць геапрывязку да мейсца стварэньня фатаздымкаў. Гэта Моладзевы мікрараён, дом № 8 і гастраном “Алімп” (карта).
Выяўленыя фатаздымкі №1-7:
Для аналізу таксама было выкарыстанае відэа прапагандысцкага каналу «ANNA News».
Зараз давайце дэталёва разгледзім пададзеныя вышэй фота. У фатаздымках не зафіксаванае мейсца паміж домам і крамай, няма і сьлядоў ад выбуху знараду (варонкі). Чорныя сьляды вагню ў раёне другога паверха дому № 8 (фота № 4,5,6) і пашкоджаньні (выбітыя бакавыя перакрыцьці бальконаў і пашкоджаньне бакавой сьценкі ўваходу) сьведчаць пра тое, што “прылёт” знараду быў у раёне пазначанага куту. Але адсутнасьць пашкоджаньняў бакавое сьцяны дому № 8 сьведчыць пра тое, што выбух быў з параднага боку дому.
У фота № 6 гэтае мейсца пазначанае. Паўстае пытаньне: чаму ж няма варонкі? Яна была альбо вельмі невялікай, альбо яе хтосьці прысыпаў ці наўмысна прыкрыў. Пра малую магутнасьць знараду сьведчаць пашкоджаньні толькі вокнаў, плястыкавае ашалёўкі, зрэзаныя галіны дрэваў, але пры гэтым практычна не пашкоджаная аніводная сьцяна і дрэва побач. Далёкасьць стральбы падобнымі боепрыпасамі не перавышае 3 км.
У відэа Anna News варонку добра відаць: яна знаходзіцца ля дрэва і мае нязначны памер – каля 50 см. Зьвяртае на сябе ўвагу адсутнасьць эліпса – гэта адбываецца, калі боепрыпас стрэлілі зь блізкае адлегласьці і паводле крутой траэкторыі. У фота № 6 варонка прыкрытая галінкамі, зьвярніце ўвагу – ляжаць яны толькі ля яе.
Празь некалькі хвілінаў у гэтым відэа мы бачым гэтую ж варонку, але ўжо раскапаную й “падрыхтаваную” да здымкі, нават эліпс выкіду зямлі зроблены з “патрэбным” напрамкам.
Але нягледзячы на невялікі памер варонкі «спікер» тэрарыстычнай арганізацыі «ЛНР» Андрэй Марачко сьцьвярджае, што аскепкі нібы ад 152-мм знараду. У гэтым выпадку ідэнтыфікацыя, агучаная баявікамі, наўмысна сфальшаваная для прапагандысцкіх мэтаў, каб заблытаць гледача.
Таксама досыць важным ёсьць тое, што дом № 8 цалкам прыкрывае мейсца выбуху знараду з захаду: гэта выключае верагоднасьць прылёту боепрыпасу з боку пазыцыяў Збройных сілаў Украіны. Але для расейскай прапаганду не патрэбныя факты, у інсцэнаваньні мае быць больш “трэшу”, таму ў кадрах абавязкова маюць быць штатная “плаксухі”, якія паводле сцэнару моляць Расею ды Пуціна выратаваць іх ад «кіеўскай хунты».
Абвастрэньне сытуацыі ў Аўдзееўцы і практычна на ўсяе лініі фронту, сталыя правакацыйныя абстрэлы расейскімі баявікамі з жылых кварталаў пазыцыяў Збройных сілаў Украіны, а таксама мірных жыхароў, сьведчаць пра пляны Расейскай Фэдэрацыі зьдзяйсьняць далейшую эскаляцыю баявых дзеяньняў. Праз тое, што ўкраінскія вайскоўцы не вядуць вагонь у адказ па густанаселеных раёнах, скуль зьдзяйсьняюцца правакацыйныя абстрэлы, расейска-тэрарыстычныя войскі ўчыняюць абстрэлы гэтых жылых масываў дзеля інсцэнаваньня для крамлёўскіх прапагандыстаў «карных апэрацыяў Хунты».
Чытайце таксама: Аўдзееўка пад вагнём рэактыўнае артылерыі: выяўленая адная з пазыцыяў расейскіх «Градаў».
Матар’ял падрыхтавалі Дзьмітры К. і Andrew Lysytskiy адмыслова для InformNapalm.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
