InformNapalm.org (Беларуская)

Адмыслоўцы Пецярбургскага вайскова-рамонтнага заводу абслугоўваюць расейскую тэхніку для ўварваньня ва Украіну

Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm працягвае сэрыю расьледаваньняў, зьвязаных з ідэнтыфікацыяй штатнага ўзбраеньня і тэхнікі вайсковых злучэньняў Збройных Сілаў Расеі, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяньнях ва Украіне ў 2014-2015 гадох. Асноўнымі крыніцамі “зьліву” інфармацыі ёсьць самі ж расейскія вайскоўцы. Але ў некаторых выпадках гэта робяць цывільныя, якія трапілі з тых ці іншых прычынаў у гушчу падзеяў, якія дзеля свайго выхваленьня робяць фотасэсыі на тле аформленай “па-баявому” тэхнікі. У гэтым матар’яле падаем фотападборку, “падораную” прадстаўніком расейскага ВПК, якая сьведчыць пра ўдзел 200-й АМСБр СФ Расеі ўлетку-ўвосень 2014 году ў баёх на Данбасе.

У сацыяльным сеціве “VK” быў выяўлены профіль нейкага Міхаіла Баюрава, які 10 сьнежня 2015 году выклаў у свой фотаальбом сэрыю фатаздымкаў, зробленых у жніўні-верасьні 2014 году, падчас ягонага знаходжаньня ва “украінскай камандыроўцы”. Зыходзячы з дадзеных і фотаматар’ялу М.Баюрава, ён і іншыя адмыслоўцы ФДУП “775 артылерыйскі рамонтны завод” МА РФ былі адкамандыраваныя ў зону баявых дзеяньняў з задачай – забесьпячэньне рамонтна-прафіляктычных працаў баявой тэхнікі і ўзбраеньня на мейсцы.

Асабістыя дадзеныя: Міхаіл Баюраў (архівы на старонку, фотаальбом, кантакты), 10 кастрычніка 1967 г.н., жыве ў г.Санкт-Пецярбургу. Адукацыя: СПВЗРКУ – 1989 г.; АГУ – 2005 г. Вайсковая служба – в/ч 11127 1989-1992 гг. (начальнік разьліку); 131 брыгада, Расея, 1992-2002 гг., в/ч 03724 Расея, 1992-2002 гг. (намесьнік камандыра па ўзбраеньню), в/ч 67678 Расея, з 2002 г. Кар’ера: ГУП 775 АРЗ (в/ч 67678) Санкт-Пецярбург з 2002 году.

Фатаздымкі за час з 29 жніўня па 3 верасьня з камэнтарамі – “Кіроўца”, “Брыгада”, “Вельмі блізка”, “Усё закінутае” (архівы 1, 2, 3, 4).

Заўвага: Фэдэральнае дзяржаўнае унітарнае прадпрыемства “775 артылерыйскі рамонтны завод” Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі. Зарэгістраванае 21 сьнежня 2011 году ў рэгіёне Санкт-Пецярбург з адрэсаю: 195197, г. Сантк-Пецярбург, праспэкт Маршала Блюхера, 12. Асноўны від дзейнасьці: вытворчасьць і утылізацыя вайсковае тэхнікі, эксплюатацыя АЗС, захоўваньне нафты і нафтапрадуктаў, арганізацыя і зьдзяйсьненьне працаў у вайскова-тэхнічнай супрацы з замежнымі краінамі (1, 2).

Уся тэхніка, якая фігуруе ў фотаальбоме М.Баюрава, зьяўляецца штатным узбраеньнем 200-й асобнай матастралковай брыгады асаблівага прызначэньня Паўночнага флёта ВМФ РФ (в/ч 08275, дысьлякацыя – пас.Печанга Мурманскае вобласьці). Паводле нашых дадзеных, станам на верасень 2014 году, БТГр (батальёна-тактычная група) гэтай брыгады знаходзілася ў “растоўска-украінскай” камандыроўцы. Пляцдармам для ўварваньня ва Украіну БТГр 200-й брыгады зьяўляўся адзін з палявых лягероў Сілаў уварваньня ЗС РФ, разгорнуты ў памежным з Украінай Каменскім раёне Растоўскае вобласьці, скуль і адбываліся “набегі”. Першая фіксацыя матастралкоў-“севераморцаў” у складзе Сілаў уварваньня адбылася 10 верасьня 2014 году. У лістападзе 2014 году InformNapalm апублікаваў шэраг матар’ялаў, якія сьведчаць пра ўдзел тактычнае групы гэтага злучэньня ў баёх на Данбасе, у тым ліку з доказамі ўдзелу рэактыўнага дывізыёну ў абстрэлах украінскіх пазыцыяў з заездам на тэрыторыю Украіны. Гэтая БТГр таксама вызначылася праз сваю “крэатыўнасьць”, у прыватнасьці, з разнастайнымі надпісамі-слоганамі на баявой тэхніцы а-ля “агітпропу” савецкіх часоў (падаем у арыгінале тут і далей): “Смерть фашистам”, “За Сталина”, “Смерть Айдару” і г.д. Праз тып, тактычныя знакі і бартавыя нумары баявое тэхнікі, зафіксаваныя ў фатаздымках М.Баюрава, мы і вызначылі ейную прыналежнасць.

Фатаздымкі з альбому Баюрава, датаваныя і выкладзеныя 14 жніўня 2014 годупамежны КПП “Ізварына” на дзяржаўнай мяжы Украіны і РФ (з дадаткам – прывязка да мясцовасьці). Камэнтары “Тым часам у Расеі…”, “У раёне Каменск-Шахцінска” (архівы 1, 2).

Заўвага: Тое, што КПП “Ізварына” зьяўляўся асноўнаю “брамаю” для расейскага ўварваньня ва Украіну ня ёсць навіною. Пра гэта неаднаразова пісалі й валянтэры нашае супольнасьці. Глядзіце артыкул Антона Паўлушкі з 29 верасьня 2014 году “Куды ехалі гэтыя пскоўскія дэсантнікі?”.

Фатаздымкі з альбому Баюрава, зробленыя за час з 11 жніўня па 29 верасьня 2014 году і выкладзеныя 10 сьнежня 2015 году, з камэнтарамі “добра, што стаяць, не ўздымаюць пыл”:

 

Танкі гэтага ж падразьдзяленьня, з падобнымі тактычнымі знакамі і з сэрыяй бартавога нумару “831”, з надпісамі “Смерть Айдару”, “За Сталина” InformNapalm зафіксаваў увосень 2014 году.

Гэлікоптэры гэтага тыпу InformNapalm зафіксаваў у памежных з Украінай палёх Растоўскае вобласьці РФ яшчэ ў верасьні 2014 году (што паводле храналёгіі супадае з камандыроўкай М.Баюрава), гл. “Расейскія баявыя гэлікоптэры Ка-52 “Алігатар” на мяжы з Украінай“.

Нагадваем, што гэта ня першы выпадак “зьліву” інфармацыі ад ВПК РФ. Увосень 2014 году ў памежным з Украінай раёне Растоўскае вобласьці была зафіксаваная група адмыслоўцаў-рамонтнікаў з ТАА “Пермскі рамонтны завод” – гл. “Уральскія рамонтнікі на перадавой“.

Глядзіце тэматычныя спасылкі што да 200-й АМБр СФ у кантэксьце “растоўска-ўкраінскай” камандыроўкі:

Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Exit mobile version