InformNapalm.org (Беларуская)

Аматары Airsoft з Казахстана ваююць на Данбасе ў складзе бандфармаваньняў

У выніку новага OSINT-расьледаваньня каманда InformNapalm.org выявіла доказы ўдзелу “дзікіх гусей” і аматараў Airsoft’a з Казахстана ў складзе незаконных збройных фармаваньняў “ЛНР/ДНР”, якія дзейнічаюць на акупаваных тэрыторыях Данбаса.

Airsoft (Страйкбол), баявыя рэканструкцыі і іншыя вайскова-спартыўныя гульні, якія забясьпечваюць усплёск адрэналіну ейным удзельнікам, за апошнія 5 гадоў хутка набралі сваю папулярнасьць у краінах колішняга Савецкага Саюза. Экіпіроўка, якая выкарыстоўваецца гульцамі,  рыштунак і зброя шмат у чым падобная да рэальнай. Але часам, аматарам адрэналіну не дастаткова толькі бяскрыўднай перастрэлкі шарыкамі, некаторыя гульцы, якія маюць досьвед вайсковай службы і падрыхтоўкі, часам выкарыстоўваюць свае навыкі і ў рэальных збройных канфліктах. Ня ёсьць таямніцаю тое, што шматлікія расейскія вайскова-патрыятычныя клюбы сталіся крыніцаю вярбоўкі “дабраахвотнікаў”, якія накіроўваюцца на ўкраінскі Данбас. Расейскія спэцслужбы зазналі недахоп страйкбалістаў з РФ і ў пошуку новага гарматнага мяса яны завіталі да суседзяў.

У гэтым расьледаваньні прадстаўлены наглядны прыклад таго, як людзі, што прафэсыйна займаюцца airsoft, патрапляюць у шэрагі НЗФ, у прыватнасьці, гаворка пойдзе пра наяўнасьць “страйкбалістаў” з паўднёвай сталіцы Казахстана ў шэрагах бандфармаваньняў “ЛНР”.

У працэсе пошуку і ідэнтыфікацыі баявікоў “наваросіі”, быў выяўлены жыхар гораду Алма-Аты Іван Жукоўскі (архіў на профіль: https://archive.is/wl9FJ, архіў на фотаальбом: https://archive.is/VCmfL, архіў на кантакты: https://archive.is/uDDLm). На першы погляд, у профілі Жукоўскага няма нічога характэрнага – у 2009 годзе скончыў вайсковую службу, з 2013 году захапляецца airsoft, пра што сьведчаць шматлікія фатаздымкі з палявых збораў страйкбалістаў.

 

 

Падчас вывучэньня стужкі профілю старонкі Івана Жукоўскага, былі выяўленыя шэраг цікавых запісаў, напрыклад:

 

  

Сярод сяброўскіх кантактаў Івана Жукоўскага быў выяўлены яшчэ адзін аматар страйкболу Андрэй Караткоў (архіў на профіль: https://archive.is/Pi359, архіў на фотаальбом: https://archive.is/kZ8Y6, архіў на кантакты: https://archive.is/rf63g, у сацсеціве “Аднаклясьнікі” https://archive.is/RzmdN), які таксама знаходзіцца на акупаванай тэрыторыі Луганскае вобласьці і хаваецца пад псэўданімам Андрэ Андрэявіч (архіў на профіль: https://archive.is/bOptq, архіў на фотаальбом: https://archive.is/q5RMx, архіў на контакты: https://archive.is/aQutq)

Андрэй Караткоў, як і Іван Жукоўскі, таксама зьяўляецца ўдзельнікам страйкбольнага клюбу.

У альбоме Андрэя Караткова шмат супольных фатаздымкаў з Іванам Жукоўскім, паводле якіх можна вызначыць час іхнага знаходжаньня на тэрыторыі Украіны ў складзе незаконных збройных фармаваньняў – з пачатку 2015 году. Сярод фатаздымкаў Караткова ёсьць сэрыя фота з 9 траўня 2015 году на плошчы гораду Луганска. Таксама адметным ёсьць фатаздымак з 21 ліпеня 2015 году на тле БМП з тактычным знакам “4 брыгады збройных сілаў ЛНР”.

Нагадаем, што ў Астане ўжо быў прысуджаны да пяці гадоў калёніі строгага рэжыму грамадзянін Казахстана Яўгена Удавенка за ўдзел у іншаземных збройных канфліктах. Яшчэ два жыхары Кустанайскае вобласьці былі арыштаваныя, гл. “Арыштаваныя два жыхары нашае вобласьці, якія ваявалі ў шэрагах “апалчэнцаў” ва Украіне”.

Спадзяемся, што інфармацыя, якую мы падаем, будзе цікавая сьледчым ворганам рэспублікі Казахстан і паслужыць падставаю для пачатку крымінальных справаў у дачыненьні да так званых “дзікіх гусей”. Разам з гэтым хацелі б звярнуць увагу сілавых структураў Казахстана на страйкбольныя клюбы, ў якіх, верагодна, і адбываецца вярбоўка грамадзянаў для ўдзелу ў збройных канфліктах на тэрыторыі іншых дзяржаваў.

Аўтар OSINT-расьледаваньня Victory Krm (krmvictory).

(с) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm, падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялу спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

 

Exit mobile version