InformNapalm.org (Беларуская)

Аналіз дакумантаў «МГБ ДНР» і СММ АБСЭ: узбраеньне й тэхніка РФ на Данбасе

Валянтэры міжнароднае супольнасьці InformNapalm зьдзейсьнілі ідэнтыфікацыю расейскай тэхнікі й узбраеньня з калібрам больш за 100 мм, якое выкарыстоўваюць баявікі «ДНР». Ідэнтыфікацыя зробленая на падставе здымкаў, атрыманых з электронных паштовых скрыняў «МГБ ДНР» і дакумантаў так званай «1-й асобнай мотастралковай брыгады ДНР», у якіх фігуравалі фатаздымкі сэрыйных нумароў тэхнікі й зброі (1-я АМСБр «ДНР», в/ч 08801, мейсца дысьлякацыі пас. Камсамольскае Данецкае вобласьці, тэрыторыя колішняй ПМК-106 і базы АПЗ (“ОРС”, рас.).

Аналіз інфармацыі

Адведзеная тэхніка маецца ва ўзбраеньні «1-й АМСБр». Адказны за тэхніку і артылерыйскае ўзбраенне – начальнік артылерыі «брыгады», маёр П.Белапашанцаў. Дакладнае мейсцазнаходжаньне базы захоўваньня вызначанае дзякуючы адмыслоўцу у геалякацыі surpher: база знаходзіцца ў ваколіцах населенага пункту Ульянаўскае Данецкае вобласьці.

Нагадаем, што ў лістападзе 2015 году валянтэры InformNapalm таксама фіксавалі схаваныя ад прадстаўнікоў маніторынгавай місыі АБСЭ самаходныя гаўбіцы 2С1 «Гвазьдзіка» пазначанай «брыгады» у населеным пункце Пятроўскае.

Падчас аналізу фатаздымкаў з паштовай скрыні «МГБ ДНР» былі выяўленыя:

4 баявыя машыны РСЗВ «Град» БМ-21 на базе «Урал-375Д» – выдатны стан лакафарбавага пакрыцьця, новыя шыны, тэхніка ўкамплектаваная каркасам і маскавальнай сеткай, маюцца чахлы для краткаў радыятару:

5 самаходных артылерыйскіх установак 2С1 «Гвазьдзіка» – выдатны стан апорных каткоў і пярэдніх вядучых колаў, мінімальны нагар ля выкідной трубы:

2 супрацьтанкавыя гарматы МТ-12 «Рапіра» – выдатны стан лакафарбавага пакрыцьця, маюцца пазначэньні пра праходжаньне капітальнага рамонту й сьляды кансэрвацыі:

Аналіз расейскага рэпартажу пра працу СММ АБСЭ

Апроч геалякацыі базы захоўваньня адведзенае тэхнікі, карыстальнік surpher перадаў для вывучэньня спасылку на відэарэпартаж расейскага прапагандысцкага каналу, зроблены на базе ў населеным пункце Ульянаўскае. Рэпартаж прысьвечаны прыезду спэцыялістаў СММ АБСЭ на базу для пераверкі сэрыйных нумароў тэхнікі. Цікава, што ў кадрах відэа фігуруюць два цягачы «Урал-4320» з дызельным рухавіком ЯМЗ-238 (іх адметнаю асаблівасьцю ёсьць тое, што паветраны фільтар усталяваны на правым крыле і падоўжаны маторны адсек). Сэрыйная вытворчасьць гэтай мадыфікацыі была пачатая ў 1994 годзе, ва ўзбраеньні Украіны падобнай тэхнікі няма.

Таксама прыцягвае ўвагу кадар, у якім зафіксаваны нататнік супрацоўніку АБСЭ. У ягоных запісах фігуруюць сэрыйныя нумары супрацьтанкавых гарматаў 2А29 №04165 і №03229, якія супадаюць з нумарамі гарматаў з паштовае скрыні «МГБ ДНР». Таксама ў нататніку пазначаны сэрыйны нумар САУ 2С1 «Гвазьдзіка» 978294, якога раней у дакумантах не было.

Яшчэ адным цікавым момантам ёсьць факт падмены расейска-тэрарыстычнымі войскамі САУ 2С1 «Гвазьдзіка» з бартавым нумарам 416. Аналягічныя інцыдэнты з падменай тэхнікі й разыходжаньнямі сэрыйных нумароў неаднойчы фіксавалі назіральнікі місіі АБСЭ (1, 2, 3).

Выснова

Падчас расьледаваньня, зьдзейсьненага на падставе зыходных дадзеных зь некалькіх крыніцаў (фатаздымкі з электроннай паштовай скрыні «МГБ ДНР» і відэафіксацыя працы СММ АБСЭ), былі пацьверджаныя факты неаднаразовага ўтойваньня й падмены аб’яднанымі расейска-тэрарыстычнымі войскамі ўзбраеньня з калібрам звыш 100 мм, а таксама выкарыстаньня тэхнікі, якой ніколі не было ва ўзбраеньні ЗСУ. Гэтыя факты чарговага разу дэманструюць галоўную ролю Расейскай Фэдэрацыі, як у пастаўках узбраеньня для баявікоў, гэтак і ў парушэньні Менскіх дамоўленасьцей.


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў валянтэр міжнароднае супольнасьці InformNapalm Міхаіл Кузьняцоў.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version