Апазнаныя восем вайсковых злачынцаў з складу мінамётнай батарэі батальёна-тактычнай групы 74-й АМСБр Збройных Сілаў Расейскай Фэдэрацыі, якія ваявалі на Данбасе. OSINT, ідэнтыфікацыя мясцовасці, інфаграфіка.
У выніку гэтага OSINT-расьледаваньня міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm у базу дадзеных фіксацыі кадравых расейскіх вайскоўцаў ва Украіне былі дададзеныя новыя бясспрэчныя факты ўдзелу мінамётнікаў 74-й асобнай мотастралковай брыгады (в/ч 21005, Кемераўская вобл, г. Юрга) у баявых дзеяньнях на Данбасе. Разам з гэтым мы вымушаныя прызнаць, што на Усходзе Украіны насамрэч ваююць колішнія шахтары, не мясцовыя, як заяўляе расейская прапаганда, але кузбаскія гарнякі з Расеі, якія праз безвыходнасьць шукаць лепшай долі ў шэрагах расейскай арміі.
Чацьверты год Расея вядзе неабвешчаную вайну супроць Украіны. Здавалася б, сабраныя шмат сьведчаньняў пра гэта і выявіць нешта новае ў агульнадаступных крыніцах ужо немагчыма. Тым больш, што расейскія спэцслужбы зачышчаюць візуальныя доказы ўдзелу ЗС РФ у гэтай вайне. Але дзякуючы вельмі каштоўнаму трохгадоваму досьведу зьдзяйсьненьня OSINT-расьледаваньняў, міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm выяўляе ўсё новыя факты.
74-я асобная мотастралковая брыгада з Кемераўскае вобласьці (в/ч 21005, г. Юрга) Цэнтральнае вайсковае акругі неаднойчы патрапляла ў поле зроку InformNapalm. Гэтае злучэньне пасьпела скампрамэтаваць сябе ня толькі праз так званыя растоўска-ўкраінскія, але й сірыйскія «камандыроўкі». Паводле нашых дадзеных, батальёна-тактычная група юргінской брыгады ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях на Данбасе ўлетку-ўвосень 2014 году, што пацьверджанае некалькімі нашымі расьледаваньнямі. Пазьней асобныя вайскоўцы 74-й АМСБр былі зафіксаваныя ў складзе незаконных збройных фармаваньняў так званай «наваросіі».
У выніку OSINT атрымалася выявіць восем вайсковых злачынцаў з складу 74-й АМСБр ЗС РФ. Зьмесціва фотаальбомаў фігурантаў гэтага расьледаваньня наглядна адлюстроўвае “ўкраінскую камандыроўку” мінамётнага падразьдзяленьня гэтае брыгады ўлетку-ўвосень 2014 году.
- Валянтын Цямноў
Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у 2005-2006 гадох у складзе 7-й дэсантна-штурмавой дывізыі ПДВ ЗС РФ (в/ч 61756, г. Наварасійск). З канца траўня 2014 года фіксуецца ў статусе вайскоўца-кантрактніка 74-й АМСБр. У гэты момант не зьяўляецца вайскоўцам ЗС РФ.
У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “OK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
Карціна маслам
Храналёгія й геаграфія падзеяў таго пэрыяду (зь некаторымі выключэньнямі) досыць добра адлюстраваная ў фотаальбоме фігуранту №1 Цямнова. Як ужо было зазначанае, напрыканцы траўня – напачатку чэрвеня 2014 году былы шахтар-кузбасавец, які падпісаў кантракт на службу ў ЗС РФ, пазуе ў сваім новым абліччы – праўда, у запазычанай у таварыша ў службе Хасамукдзінава форме з сяржанцкімі пагонамі і бляхаю вартавога роты. Досыць характэрныя камэнтары да фота: першы – ад жонкі Ксеніі, пра тое, што ейны муж вайсковец, і другі – ад нейкага Дзяніса, які цешыцца з таго, што Цямноў «бандеровцев гасит» (рас.).
Наступныя фатаздымкі з фотаальбому Цямнова, зробленыя ў пэрыяд з 20 чэрвеня па 5 верасьня 2014 году, адлюстроўваюць працэс баявой падрыхтоўкі на адным з мясцовых палігонаў юргінскага гарнізону: палявыя выхады, вывучэньне 120-мм мінамётаў, паралельна – заняткі «паводле сыстэмы Станіслаўскага» што да ператварэньня з вайскоўца ЗС РФ на баявіка «наваросіі».
У фотаальбоме Цямнова маюцца фатаздымкі, выкладзеныя 5 верасьня 2014 году, якія сьведчаць пра перакідваньне вайсковага эшалёна з Кемераўскае вобласьці з прыпынкам на чыгуначнай станцыі «Міхайлаўскі руднік» (станцыя аднашляховае лініі Арбузава – Арол, за 1 км ад гораду Жалезнагорск Курскае вобласьці). Яшчэ некалькі фота з 5 верасьня, цалкам мажліва, – з пунктам прызначэньня ў дысьлякацыю ляснога лягеру ў памежным з Украінай раёне Растоўскае вобласьці.
Заўвага: паводле нашых ацэнак, гэтыя фатаздымкі з фотаальбому Цямнова выкладзеныя з пэўным спазьненьнем. Напрыклад, фота на тле чыгуначнага эшалёну, якое маецца ў профілях ягоных таварышаў у службе датаванае раней – 15 жніўня 2014 году.
Найбольш цікавы фатаздымак, выкладзены ў фотаальбоме Цямнова ў перыяд з 11 верасьня па 6 кастрычніка 2017 году. Гэта здымкі зь ляснога лягеру й фатаздымкі з палёў. Характэрна, што расейскія вайскоўцы з гэтае сэрыі фота пазуюць то ў штатнай, то бок піксельнай форме ЗС РФ з усімі ідэнтыфікацыйнымі нашыўкамі, то ў разнастайнай форме вайсковага ўзору і нават у цывільнай вопратцы, пры гэтым экіпіяваныя яны «па-баявому» і зь белымі нарукаўнымі павязкамі (ідэнтыфікацыйныя знакі, якія выкарыстоўваюць расейскія вайскоўцы і незаконныя збройныя фармаваньні на Данбасе).
Зазначым і вайсковую тэхніку на гэтых фатаздымках: камуфляваныя аўтамабілі «УАЗ» з гвардзейскімі знакамі на дзьвярох (верагодна, машыны 22-й гвардзейскай брыгады спэцназа ГРУ); бронетранспартэры БТР-80 без бартавых нумароў і апазнавальных знакаў; грузавыя аўтамабілі КамАЗ і «Урал» (машыны разьлікаў мінамётнай батарэі) без нумарных знакаў, але зь белымі ідэнтыфікацыйнымі коламі на кабінах (падобнае маркаваньне на машынах расейскіх інтэрвэнтаў мы неаднаразова фіксавалі й раней). Сярод усяго гэтага, у адным з фатаздымкаў, у якім наш фігурант Цямноў пазуе на борце бронетранспартэра, можна пабачыць таблічку з надпісам «Донецк – Снежное» (рас.), цалкам мажліва, зьнятая з маршрутнага транспарту).
Згодна з храналёгіяй і зьмесцівам фотаальбому Цямнова, ён вытрымаў толькі адную «ўкраінскую камандыроўку». Зарабіўшы грошы дзякуючы патройнаму акладу з баявымі выплатамі, ён прыехаў ў Кемераўскую вобласьць, датэрмінова скасаваў кантракт і вярнуўся да цывільнага жыцьця. Праз два гады пасьля баявой камандыроўкі ў Цямнова абвастрылася настальгія: 8 верасьня 2016 году ён выклаў у сеціва фатаздымкі адной сэрыі, зробленыя ў зоне баявых дзеяньняў на Данбасе, – на тле зьнішчанай тэхнікі (танкаў Т-64 і БМП).
Ідэнтыфікацыя мясцовасьці й зьнішчанай бронетэхнікі
Для высьвятленьня геалякацыі й часу здымкі была выкарыстаная база дадзеных рэсурсу “lostarmour.info”. У выніку пошуку й аналізу фатаздымкаў вызначанае, што гэты вайсковец 74-й АМСБр зрабіў здымкі у раёне населенага пункту Навакацярынаўка. Паводле дадзеных гэтага рэсурсу, у фота зафіксаваная зьнішчаная 29 жніўня 2014 году калёна, у тым ліку танкі Т-64 і БМП-2 17-й танкавай брыгады Збройных Сілаў Украіны.
Заўвага: інфармацыя пра Цямнова і «ўкраінскую камандыроўку» 74-й АМСБр ЗС РФ здабытая дасьледнікамі InformNapalm незалежна, паводле вынікаў уласнай OSINT. Але дзеля аб’ектыўнасьці зазначым, што фатаздымак Цямнова на тле зьнішчанай тэхнікі быў выкладзены ў якасьці камэнтару на адным з рэсурсаў «Канапных войскаў» яшчэ ў верасьні 2015 году (вынік пошуку з выкарыстаньнем функцыі images.google). Праблема палягае ў тым, што прыхільнікі гэтай гільдыі прызвычаіліся варыцца ва ўласным саку і абмяжоўваюцца экспрэс-камэнтарамі замест таго, каб пашыраць гэтую важную інфармацыю за межамі рэсурсу і надаваць яе шырокаму колу чытачоў.
Банда
Падчас разпрацоўкі Цямнова мы ідэнтыфікавалі і ягоных таварышаў у службе – ўдзельнікаў «украінскай камандыроўкі – 2014».
- Марк Шарыфулін
Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у 2010-2011 гадох у складзе 59-й асобнай мотастралковай брыгады (в/ч 44980, Прыморскі край, Пагранічны раён, с. Сяргееўка) УВА. З 2013 году і па лета-восень 2014 году быў вайскоўцам-кантрактнікам 74-й АМСБр. Мажліва, у 2015 годзе даслужваў свой 3-гадовы кантракт у 24-й асобнай брыгадзе спэцыяльнага прызначэньня ГРУ (в/ч 55433, Навасібірск) ЦВА. Ня бягучы момант звольнены з ЗС РФ.
У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
Храналёгія й геаграфія падзеяў у фотаальбоме Шарыфуліна адлюстраваная ня горш, чымся ў ягонага таварыша ў службе. Ён мае той жа «баявы шлях», што і фігурант №1 Цямноў. Але з адным дадаткам: прыблізна вядомая дата ягонага вяртаньня з «украінскае камандыроўкі» – 20 кастрычніка 2014 году (гэта вынікае з фатаздымку, зробленага на пэроне чыгуначнага вакзалу г. Самара). У фотаальбоме фігуранту №2 маецца шэраг групавых здымкаў, якія ёсьць і ў альбоме Цямнова, супольныя фота абодвух вайскоўцаў, у тым ліку здымак, зроблены падчас перакідваньня ва Украіну на чыгуначнай станцыі «Міхайлаўскі руднік», і фота зь ляснога лягеру расейскіх акупантаў.
Адзін з апошніх фатаздымкаў Шарыфуліна, выкладзены ў фотаальбом 23 лютага 2017 году, зроблены падчас ягонай баявой «камандыроўкі» 2014 году. У фота зафіксаваны КамАЗ зь белым ідэнтыфікацыйным колам, сам жа фігурант мае белую нарукаўную павязку акупацыйных войскаў.
- Яўген Іваноў
Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у ПДВ ЗС РФ. Станам на вясну-восень 2014 году вайсковец-кантрактнік 74-й АМСБр. Меркавана, дзейны вайсковец ЗС РФ.
У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме фігуранту №3 Іванова таксама выяўленыя здымкі, зробленыя падчас «украінскай камандыроўкі – 2014», у тым ліку групавы фатаздымак з той жа сэрыі, якую мае і фігурант №1 Цямноў (здымкі 207 і 224) і фота на тле ўжо знаёмага нам «Урала» мінамётнай батарэі зь белым ідэнтыфікацыйным колам і тактычным знакам, характэрным для НЗФ «наваросіі», – у выглядзе ромба. Іваноў таксама апазнаны ў фатаздымку (здымак 247) у фотаальбоме фігуранту №2 Шарыфуліна.
- Аляксандар Пыж’янаў
Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у 2013-2014 гадох у 74-й АМСБр, з 2014 году – вайсковец-кантрактнік гэтай жа брыгады.
У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “VK2” (профіль неактыўны зь вясны 2014 году).
У фотаальбоме фігуранту №4 Пыж’янава няма сьведчаньняў пра «ўкраінскую камандыроўку – 2014», на яе намякае хіба што групавы здымак на тле вайсковага эшалёну, выкладзены 15 жніўня 2014 году (такі ж фатаздымак маецца і ў альбоме фігуранту №1 Цямнова). Апроч гэтага, Пыж’янаў апазнаны ў шэрагу фота ў альбоме фігуранту №2 Шарыфуліна (здымкі 243, 239) і фігуранту №1 Цямнова (здымкі 214, 216, 228).
- Аляксей Голеў
З 2007 году і, меркавана, дагэтуль зьяўляецца вайскоўцам-кантрактнікам 74-й АМСБр.
У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “VK2” (профіль неактыўны з кастрычніка 2012 году), “OK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме фігуранту №5 Голева няма фота з «украінскай камандыроўкі – 2014», хаця яго самога ўдалося апазнаць у шэрагу фатаздымкаў у альбоме фігуранту №2 Шарыфуліна (здымкі 234, 237, 242).
- Максім Кузьмін
Станам на 2014 год вайсковец-кантрактнік 74-й АМСБр.
У сацыяльных сетках: “VK” (профіль неактыўны з кастрычніка 2012 году).
Нягледзячы на тое, што старонка фігуранту №6 Кузьміна неактыўная ўжо пяць гадоў, нам удалося апазнаць яго ў фатаздымках «баявых таварышаў», зробленых ў 2014 годзе, – у альбоме фігуранту №2 Шарыфуліна (здымак 237) і фігуранту №1 Цямнова (здымак 214 і 172).
- Даніл Коблік
Станам на 2014 год вайсковец 74-й АМСБр.
У сацыяльных сетках: “VK” (профіль неактыўны з жніўня 2014 году), “OK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
Нягледзячы на тое, што старонка фігуранту №7 Кобліка неактыўная з 2014 году, у ягоным фотаальбоме маецца шэраг здымкаў з «украінскае камандыроўкі – 2014», у тым ліку фота, выкладзенае 4 жніўня, з камэнтаром «На Украине» (рас.). Таксама ён апазнаны ў фатаздымках фігуранту №1 Цямнова (здымак 228) і фігуранту №2 Шарыфуліна (здымак 235, 237).
- Жакс Іскакаў
Станам на 2014 год і, меркавана, дагэтуль зьяўляецца вайскоўцам-кантрактнікам 74-й АМСБр.
У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме фігуранту №8 Іскакава выяўленыя некалькі фатаздымкаў, зробленых падчас «украінскай камандыроўкі – 2014», і выкладзеных у верасьні 2014 году, у тым ліку агульныя здымкі з фігурантам №2 Шарыфуліным.
Нагадваем, што 74-я АМСБр неаднойчы патрапляла ў поле зроку InformNapalm, як у кантэксьце «растоўска-ўкраінскіх камандыровак» у складзе тактычных групаў, гэтак і зь індывідуальнымі камандыроўкамі асобных ейных вайскоўцаў. Больш за тое, падразьдзяленьні 74-й брыгады мы фіксавалі і ў Сірыі:
- Расейскія войскі паноўна канцэнтруюцца ля мяжы з Данбасам
- 74-я АМСБР у баёх на Данбасе?!
- Чарговая графічная падробка ў скарбонцы ГШ ЗС РФ: расейская калёна ў раёне Старабешава
- Міністар абароны Расеі Шайгу выправіў у Сірыю сваіх землякоў
- Кантрактнікі 74-й АМСБр РФ ваююць на Данбасе пад прыкрыцьцём батальёну «ЛНР» «Хуліганы»
- Апазнаная тактычная група танкістаў 74-й брыгады ЗС РФ, якія ваявалі на Данбасе
Базы дадзеных што да кадравых расейскіх вайскоўцаў і доказаў іхнага ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Украіне на баку расейска-тэрарыстычных сілаў даступныя праз сталую спасылку: https://informnapalm.org/database.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваны на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня валянтэрамі міжнароднае супольнасьці InformNapalm.
Аўтар расьледаваньня Іраклі Камахідзэ.
Ідэнтыфікацыя мясцовасьці Victory Krm. Інфаграфіка Alex Alexidze.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
