У матар’яле міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm «81 артылерыст 291-й брыгады: яны выконвалі злачынныя загады Крамля (Інфаграфіка) была апублікавала зводная інфармацыя пра выяўленых артылерыстаў з майкопаскае брыгады Паўднёвае вайсковае акругі ЗС РФ. Гэтая публікацыя, апроч ідэнтыфікацыі выяўленых 40 артылерыстаў – “ветэранаў Данбаса 2014 года” – мела і іншыя мэты.
Інфаграфіка
Абагульненьне ўсяе інфармацыі пра 291-ю артбрыгаду, сабраную цягам апошніх 3 гадоў. Аб’яднаньне гэтых зьвестак у адзіную інфаграфіку, у якой выразна прадэманстраваныя дадзеныя пра ўдзельнікаў так званых растоўска-ўкраінскіх і сірыйскіх камандыровак і пра самую артбрыгаду – структуру, узбраеньне, камандаваньне.
Апэрацыя «Вакант»
Уважлівы чытач зьвярнуў увагу на «вакантныя» мейсцы ў інфаграфіцы – яны былі пакінутыя наўмысна. Не раскрываючы дэталяў задумы, зазначым, што празь некалькі дзён пасьля публікацыі пзначанага вышэй матар’ялу нам удалося справакаваць аднаго з вайскоўцаў 291-й артбрыгады, які міжволі падаў нам бясспрэчныя доказы сваёй бягучай камандыроўкі на тэрыторыю акупаванага Данбаса.
Абноўленая інфаграфіка
З улікам новых дэталяў падаем абноўленую інфаграфіку, у якой падаем дадзеныя пра 82 артылерыстаў 291-й артбрыгады. Выяўленыя ўзнагароджаныя вайскоўцы пазначаныя ў інфаграфіцы выяваю адпаведных ведамасных і дзяржаўных узнагародаў, прыкамандыраваныя да бандфармаваньняў НЗФ «Л/ДНР» пазначаныя сьцягам так званай «Новороссии»).
(Для прагляду націсьніце на малюнак або скарыстайцеся спасылкай)
На лаўца і зьвер бяжыць
У выніку комплексных выведвальных мерапрыемстваў HUMINT/OSINT валянтэры міжнароднае супольнасьці InformNapalm выявілі вайскоўца 291-й артылерыйскай брыгады (в/ч 64670, Інгушэтыя, станіца Троіцкая) 58-й агульнавайсковай арміі Паўднёвае вайсковае акругі расейскай арміі, які ў гэты момант знаходзіцца ў баявой камандыроўцы на акупаваным Данбасе.
Уладзімер Аляксеенка
Пасьля звальненьня з флёту і паўгадавой паўзы падпісаў 3-гадовы кантракт на службу ў 291-й артылерыйскай брыгадзе, дысьлякаванай у Інгушэтыі (меркавана, у процітанкавай батарэі 100-мм гарматаў МТ-12), пра гэта сьведчыць сэрыя фатаздымкаў, у тым ліку зь геатэгамі станіцы Троіцкая. З чэрвеня 2017 года фіксуецца на тэрыторыі акупаванага Данбаса ў якасьці інструктара-артылерыста ў складзе аднаго з тэрарыстычных фармаваньняў «ДНР».
У сацыяльных сетках: “VK” №1 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў) актыўны, №2 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў) неактыўны з 2016 году, №3 неактыўны з 2013 году, “ОK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
Адным з галоўных доказаў «украінскай камандыроўкі» У. Аляксеенкі зьяўляецца групавы фатаздымак «квартэта ў майтках» на беразе ракі, выкладзены 11 чэрвеня 2017 году. Інфармацыя пра астатніх апазнаных ніжэй.
Таксама ў ягоным фотаальбоме маецца шэраг іншых фатаздымкаў, зробленых 4-13 чэрвеня 2017 году, сярод якіх:
сэлфі з выглядам на Зуеўскую ЦЭС у горадзе Зугрэс Данецкае вобл.;
сэлфі на тле 100-мм процітанкавай гарматы «Рапіра» (МТ-12, 2А29);
сэлфі на тле скрыні для боепрыпасаў.
Ва ўсіх гэтых фота Аляксеенка пазуе ў нестатутнай форме «горка», якую звычайна апранае асабовы склад расейска-тэрарыстычных войскаў. Меркаваная лякацыя фотасэсіі – палігон тэрарыстаў паміж сёламі Шырокае й Пакроўка Данецкае вобласьці, дзе цячэ рака Крынка.
Апроч Аляксеенкі нам удалося ідэнтыфікаваць астатніх чальцоў «квартэта ў майтках».
Уладзімер Калган
Нарадзіўся 9 сьнежня 1981 году. Родам з Краснадар.
Найміт крамлёўскага праэкту «Новороссия» (рас.). У альбоме мае фота «квартэту», выкладзенае 10 чэрвеня 2017 году.
У сацыяльных сетках: «VK» (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
Аляксандар Князеў
Родам з Данецка, Украіна.
Найміт крамлёўскага праэкту «Новороссия». У альбоме мае фота «квартэту», выкладзенае 10 чэрвеня 2017 году.
У сацыяльных сетках: «VK» (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
Уладзімер Грэк
Найміт крамлёўскага праэкту «Новороссия». У альбоме мае фота «квартэту», выкладзенае 10 чэрвеня 2017 году.
У сацыяльных сетках: «VK» (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
Характэрны і іншы фатаздымак з гэтай жа лякацыі: у ім Аляксеенка пазуе з другой троіцай, якую нам таксама ўдалося апазнаць.
Уладзіслаў Гізбрэхт
Нарадзіўся 4 сакавіка 1993 году. Родам з Данецка, Украіна.
Найміт крамлёўскага праэкту «Новоросссия». У фотаальбоме мае сэрыю цікавых фатаздымкаў, у тым ліку супольныя здымкі зь фігурантамі гэтага расьледаваньня, разам з расейскім кантрактнікам У. Аляксеенкам, і згаданай гарматай МТ-12.
У сацыяльных сетках: VK” №1 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), неактыўныя профілі №2, №3.
Аляксей Увараў
Найміт крамлёўскага праэкту «Новороссия». У фотаальбоме мае сэрыю цікавых фатаздымкаў, у тым ліку супольныя здымкі зь фігурантамі гэтага расьледаваньня, разам з расейскім кантрактнікам У. Аляксеенкам, і згаданай гарматаю МТ-12.
У сацыяльных сетках: “VK” №1 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), неактыўны профіль №2.
Мікалай Мікалаевіч
(прозьвішча пакуль ня вызначанае)
Найміт крамлёўскага праэкту «Новороссия». Досыць асьцярожна паводзіць сябе з публікацыямі фота з тэматыкай “Л/ДНР”, у фотаальбоме мае сэрыю здымкаў з Данецка. Апазнаны ў альбомах іншых фігурантаў, у тым ліку ў супольных здымках зь іншымі фігурантамі гэтага расьледаваньня, разам з расейскім кантрактнікам У. Аляксеенкам, і згаданай гарматаю МТ-12.
У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
Гібрыдная служба ЗС РФ
Гэтае расьледаваньне чарговага разу пацьверджвае інфармацыю пра тое, што пэўная катэгорыя вайскоўцаў-кантрактнікаў ЗС РФ мае гібрыднае жыцьцё. Нягледзячы на тое, што яны застаюцца ў сьпісах вайсковых частак расейскае арміі, іх адкамандыроўваюць у так званае апалчэньне “Л/ДНР” у якасьці інструктараў або вайсковых спэцыялістаў (снайпэраў, артылерыстаў), адказных за сувязь і каардынацыю з асноўнымі рэзэрвовымі сіламі, якія знаходзяцца ў баявым становішчы на тэрыторыі Расеі.
Раней InformNapalm падаваў дзясяткі падобных фактаў пра шэраг вайсковых частак з ПВА – 291-я артбрыгада (в/ч 64670, станіца Троіцкая, Інгушэтыя), 7-я вайсковая база (в/ч 09332, г. Гудаўта, акупаваная Абхазія, Грузія), 8-я АМСБр горная (в/ч 16544, с. Барзой, Чачэнія), 17-я АМСБр (в/ч 65384, Шалі, Чачэнія), 18-я АМСБр (Каліноўская, Чачэнія), 136-я АМСБр (Буйнакск, Дагестан), 205-я АМСБр (Будзёнаўск, Стаўрапальскі край), 19-я АМСБр (в/ч 20634, г. Уладзікаўказ, Паўночная Асэтыя), 33-я АМСБр горная (Майкоп, Адыгея), 34-я АМСБр горная (Стражэвая, КЧР); ад ЦВА – 23-я АМСБр (в/ч 65349, Самара), 15-я АМСБр «міратворчая» (в/ч 90600, Рошчынскі гарнізон Самарскае вобл.), 21-я АМСБр (Арэнбург), 28-я АМСБр (в/ч 61423, Екатэрынбург), 31-я АДШБр ПДВ (Ульяновск). Таксама прыцягваліся падразьдзяленьні “Росгвардии” УВ МУС РФ і іншых сілавых і праваахоўных ведамстваў Расеі.
-
291-я артбрыгада ў матар’ялах InformNapalm
Даведка
291-я асобная артылерыйская брыгада
В/ч 64670, мейсца дысьлякацыі – Інгушэтыя, станіца Троіцкая. У першай палове 2011 году брыгада была перадысьлякаваная з г. Майкоп (Адыгея) у Інгушэтыю.Злучэньне ўваходзіць у склад 58-й агульнавайсковай арміі Паўднёвае вайсковае акругі ЗС РФ. Меркаваны штат: 6 артылерыйскіх дывізыёнаў: самаходны гарматны, самаходны мінамётны, гаўбічны, рэактыўны, процітанкавы, выведвальны. А таксама батарэя кіраваньня, 2 роты забесьпячэньня (МЗ і тэхнічнага), 2 узводы (інжынэрна-сапёрны і РХБА). Ва ўзбраеньні: 18 адз. гаўбіцаў «Мста-Б», 8 адз. РСЗВ «Ураган», 6 адз. гарматаў «Рапіра», 18 адз. СПТРК «Хрызантэма-З», а таксама 3 адз. ПРП-4М і 2 адз. АЗК-7. З 2016 году ва ўзбраеньне брыгады прынятыя артсродкі вялікае магутнасьці, здольныя застасоўваць ядравыя боепрыпасы: 12 адз. СП «Малка» і 8 адз. СМ «Цюльпан». Асабовы склад – прыблізна 600 чалавек.
291-я артылерыйская брыгада ўжо неаднойчы фігуравала ў кантэксьце так званых растоўска-ўкраінскіх і сірыйскіх камандыровак – пра гэтае злучэньне маецца 14 OSINT-расьледаваньняў InformNapalm:
- Войскі РФ, якія “засьвяціліся” ўздоўж украінскай мяжы і на Данбасе
- Ідэнтыфікацыя сілаў уварваньня ЗС РФ. Падразьдзяленьні і іхныя страты на тэрыторыі Украіны
- Ідэнтыфікацыя частак і ўзбраеньня артылерыйскіх падразьдзяленьняў расейскіх сілаў уварваньня
- “Баявы шлях” 291-й артылерыйскай брыгады ад Крыма да Данбаса
- Расея. Фота пазыцыяў артылерыі ЗС РФ, якая абстрэльвала тэрыторыю Украіны ў 2014 годзе
- Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
- Расея пачала замаскаваную наземную апэрацыю ў Сірыі
- Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
- Вайсковыя злачынствы 291-й артылерыйскай брыгады ЗС РФ у гібрыднай вайне супроць Украіны. Частка 1
- Вайсковыя злачынствы 291-й артбрыгады ЗС РФ у вайне супроць Украіны. Частка 2
- Сірыйскія дывідэнды вайскоўцаў 291-й артбрыгады ЗС РФ
- Юбілейны “засьвет” 291-й артылерыйскай брыгады ЗС РФ на Данбасе
- Ва ўзбраеньне 291-й артылерыйскай брыгады ПВА ЗС РФ, якая абстрэльвала Украіну, паступілі «Цюльпаны»
- 81 артылерыст 291-й брыгады: яны выконвалі злачынныя загады Крамля (Інфаграфіка)
Базы дадзеных што да кадравых расейскіх вайскоўцаў і доказаў іхнага ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Украіне на баку расейска-тэрарыстычных сілаў даступныя праз сталую спасылку: https://informnapalm.org/database.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня Іраклі Камахідзэ адмыслова для сайту InformNapalm. Інфаграфіка Alex Alexidze.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
