InformNapalm.org (Беларуская)

Апазнаны танкіст 17-й АМСБр ЗС РФ: ваяваў на Данбасе, узнагароджаны мэдалём «За адвагу»

Ідэнтыфікаваны вайсковец-кантрактнік танкавага батальёну 17-й АМСБр, узнагароджаны ў выніку «растоўска-ўкраінскай» камандыроўкі 2014 году мэдалём «За Адвагу».

Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm (IN) працягвае сэрыю публікацыяў пра расейскіх вайскоўцаў, якія атрымалі дзяржаўныя баявыя ўзнагароды Расейскай Фэдэрацыі за свой удзел у неабвешчанай вайне супроць Украіны.

Нагадваем, што ўсе апублікаваныя раней OSINT-расьледаваньні IN, якія грунтуюцца на доказах ўзнагароджаньня вайскоўцаў ЗС РФ мэдалямі й ордэнамі за ўдзел у баявых дзеяньнях за межамі Расейскай Фэдэрацыі (Украіна, Грузія, Сірыя), структураваныя ў адзіную базу дадзеных і аформленыя ў выглядзе інфа- й відэаографікі, гл. Патаўраваныя вайсковыя злачынцы ЗС РФ. База дадзеных і відэаграфіка.

У выніку чарговага OSINT-расьледаваньня выяўлены расейскі вайсковец – танкіст-кантрактнік 17-й асобнай мотастралковай брыгады, узнагароджаны мэдалём «За Адвагу».

Аб’ект расьледаваньня:

Максім Віктаравіч Іваноў

Нарадзіўся 25 траўня, меркавана, 1994 году. Родам з г. Краснаярск, РФ.

Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у 2012-2013 гг. у танкавым батальёне 39-й асобнай мотастралковай брыгады (в/ч 35390, Южна-Сахалінск, УВА). З пачатку 2014 году – вайсковец-кантрактнік танкавага батальёну 17-й асобнай мотастралковай брыгады (в/ч 65384, г. Шалі, Чачэнія, ПВА).

У выніку «растоўска-ўкраінскай» камандыроўкі ўлетку-ўвосень 2014 году ў складзе батальёна-тактычнае групы 17-й АМСБр быў узнагароджаны мэдалём «За Адвагу» №64890 паводле ўказу прэзыдэнта РФ з 24 сьнежня 2014 году.

У сацсеціве “VK” выяўленыя некалькі ягоных профіляў: №1 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), №2 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), №3 (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў).

Падаем найбольш характэрныя фатаздымкі з альбомаў М.Іванова, якія адлюстроўваюць пэрыяд летне-восеньскай баявой камандыроўкі. Фігурант пазуе ў нестатутнай форме ў палявым лягеры сілаў уварваньня на тле танкаў Т-72Б3, САУ Мста-С і баявой тэхнікі БТГр 17-й брыгады з ужо добра знаёмымі ідэнтыфікацыйнымі знакамі ў выглядзе белых колаў.

Праз вывучэньне кантактаў М.Іванова былі выяўленыя профілі ягоных таварышаў у службе з сэрыяй цікавых фатаздымкаў, якія сьведчаць як пра храналёгію, гэтак і пра геаграфію «растоўска-ўкраінскай камандыроўкі» танкавага падразьдзяленьня БТГр 17-й мотастралковай брыгады.

Станіслаў Мусіенка

Нарадзіўся 22 ліпеня 1992 году. Родам з г. Краснадар, РФ.

Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у 2012-2013 гг. у падразьдзяленьні вайсковае СПА. З 2014 году – вайсковец-кантрактнік 17-й асобнай мотастралковай брыгады (в/ч 65384, г. Шалі, Чачэнія, ПВА).

Паводле фотасьведчаньняў улетку-ўвосень 2014 году ў складзе батальёна-тактычнае групы 17-й АМСБр знаходзіўся ў «растоўска-ўкраінскай» камандыроўцы, якая скончылася ў кастрычніку 2014 году. Фотаальбом С.Мусіенкі мае тую ж сэрыю фота, што і М.Іванова, у тым ліку маюцца фатаздымкі, зробленыя ў нестатутнай форме, і фота, зробленае на тле браняванай эвакуацыйнай машыны, на антэне якой прывязаная белая ідэнтыфікацыйная стужка, падобная на тыя, якія меліся на іншай тэхніцы гэтае брыгады падчас уварваньня ва Украіну, пад Навазоўскам.

У сацыяльных сетках “VK(архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “OK(архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).

Падобныя фота з сьцягам СССР на тле эшалёну можна знайсьці і ў фотаальбоме М.Іванова, але ў адрозненьне ад С.Мусіенкі, ён выклаў іх значна пазьней, у лютым 2015 году.

Характэрна, што сярод кантактаў М.Іванова фігуруюць расейцы, зафіксаваныя ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях на Данбасе:

Павал Дзікі

Вайсковец-кантрактнік 11-й асобнай інжынэрнай брыгады (в/ч 45767, Каменск-Шахцінскі, Растоўская вобласьць, ПВА), які выкрыў на Данбасе ня толькі сябе, але й жаўнера тэрміновае службы Аляксея Цёплых з той жа вайсковай часткі: чытайце матар’ял Жаўнер тэрміновай службы ЗС РФ зафіксаваны на Данбасе з 13 сьнежня 2016 г.

Павал Махоцін

Зямляк М.Іванова з Краснаярска, расейскі баявік-«добраахвотнік», адслужыў у марской пяхоце, яго ўдалося апазнаць у фатаздымку, выкладзенаму на старонцы нашага галоўнага фігуранту з камэнтаром “Братан ждем тебя” (рас.), пасьля чаго былі выяўленыя два ягоныя профілі ў сацсеціве “VK”: №1 (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў), №2 (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў), і адзін у сацсеціве “OK(архіў профілю, фотальбому, кантактаў). Апроч гэтага П.Махоцін як расейскі найміт фігуруе ў базе дадзеных Цэнтра «Міратворац».

Заўвага: Маецца некаторае вонкавае падабенства Паўла «Дзікага» з Паўлам Махоціным, мажліва гэта адзін і той жа баявік.

Сьлед зазначыць, што танкістаў 17-й АМСБр, у тым ліку двух афіцэраў, якія ўдзельнічалі ў баёх на Данбасе і ўзнагароджаныя вышэйшымі дзяржаўнымі баявымі ўзнагародамі, IN ідэнтыфікаваў і раней, гл.:

 

Працяг будзе…

17-я АМСБр фігуруе ў 11 эпізодах расьледаваньняў InformNapalm, збольшага ў публікацыях пра факты ўварваньня й удзелу ў баёх на Данбасе ўлетку-ўвосень 2014 году. Але маюцца сьведчаньні й больш позьняга ўдзелу кантрактнікаў гэтае брыгады ў вайне на Данбасе:

Базы дадзеных што да кадравых расейскіх вайскоўцаў і доказаў іхнага ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Украіне на баку аб’яднаных расейска-тэрарыстычных сілаў даступныя праз сталую спасылку: https://informnapalm.org/database.


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня Іраклі Камахідзэ.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version