Ідэнтыфікаваныя вайскоўцы 17-й мотастралковай брыгады з Чачэніі, якія ўдзельнічалі ў баёх на Данбасе ўлетку-ўвосень 2014 году.
Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm працягвае сэрыю публікацыяў, у якіх раскрываюцца імёны й пэрсанальныя дадзеныя кадравых вайскоўцаў расейскае арміі, зафіксаваных ва ўдзеле ў неабвешчанае вайне супроць Украіны. У нашых матар’ялах фігуруюць як расейскія вайскоўцы, якія ўвайшлі ў шэрагі незаконных збройных фармаваньняў тэрарыстычных утварэньняў «Л/ДНР» у 2015-2016 гадох, гэтак і афіцэры і кантрактнікі, якія ўдзельнічалі ў пачатковай фазе расейскай агрэсіі на Данбасе ўлетку-ўвосень 2014 году.
Адным з найбольш згадваных злучэньняў расейскае арміі зьяўляецца 17-я асобная мотастралковая брыгада (в/ч 65384) 58-й агульнавайсковай арміі Паўднёвае вайсковае акругі ЗС РФ, дысьлякаванай у Чачэніі ў н/п Шалі. Маецца шмат сьведчаньняў ейных «украінскіх выправаў», у тым ліку дадзеныя пра страты, але імёнаў расейскіх вайсковых злачынцаў, датычных да гібелі абаронцаў Украіны і цывільнага насельніцтва, было выяўленае няшмат.
У выніку новага OSINT-расьледаваньня, ідэнтыфікаваныя чатыры вайскоўцы 17-й АМСБр, якія ў складзе батальёна-тактычнай групы гэтага злучэньня ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях на Данбасе ў 2014 годзе.
Станіслаў Сяргееў
Нарадзіўся 13.12.1987 г. Родам з г. Гусінаазёрск, Бурація, РФ. Вайсковец-кантрактнік 17-й АМСБр.
У сацыяльных сетках: «VK 1» (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), «VK 2» (архівы профілю, фотальбому, кантактаў).
У фотаальбомах С. Сяргеева (пазначаны чырвонаю стрэлкай) маецца шэраг характэрных фатаздымкаў, зробленых падчас «украінскай камандыроўкі» 2014 году, выкладзеных у 2016 годзе. У тым ліку:
- Фота на тле КамАЗаў 17-й АМСБр з тактычнымі знакамі ў выглядзе белых ідэнтыфікацыйных колаў. Падобныя ідэнтыфікацыйныя знакі гэтае брыгады, якая выкарыстоўвала іх падчас уварваньня на Данбас ў 2014 годзе, мы фіксавалі і раней.
- Фота трох баявікоў на тле зьнішчанага БТР-60 з усімі атрыбутамі «мяцежных шахтароў» – разнастайная нестатутная форма адзеньня, белыя ідэнтыфікацыйныя павязкі.
- Фота чатырох баявікоў у тым жа «шахтраскім» амплюа.
- Фота «застольля» з таварышамі ў службе з 17-й АМСБр, экіпіяваных на ўзор баявікоў «Л/ДНР» (дадзеныя апазнаньня аднаго зь іх пададзеныя ніжэй).
- Фота з таварышам у службе ў палявым лягеры тактычнае групы 17-й брыгады (дадзеныя апазнаньня на другога пададзеныя ніжэй).
Вадзім Яраслаўцаў
Нарадзіўся ў 1990 г. Родам з г. Ульянаўск, РФ. Адукацыя: Інстытут вайсковага навучаньня (ІВН) пры Тальяцінскім дзяржунівэрсытэце, 2013 г. Афіцэр 17-й АМСБр, званьне – старэйшы лейтэнант.
У сацыяльных сетках: «VK» (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), «OK».
Рыгор Кавальчук
Нарадзіўся 24 красавіка, год нараджэньня – н/в. Родам з г. Адлер, Краснадарскі край, РФ. Станам на 2014 год – вайсковец 17-й АМСБр.
У сацыяльных сетках «VK» (архівы профілю, агульнага фотаальбому, вайсковага фотаальбому, кантактаў). Унесены ў базу вайсковых злачынцаў Цэнтра «Міратворац».
У фотаальбомах Р. Кавальчука (пазначаны зялёнай стрэлкай) маецца шэраг характэрных фатаздымкаў «украінскай камандыроўкі», зробленых і выкладзеных у 2014 годзе. У тым ліку:
- Фота калёны тактычнае групы 17-й АМСБр з тактычнымі знакамі ў выглядзе белых ідэнтыфікацыйных колаў.
- Фота з прывальнага палявога лягеру расейскіх агрэсараў у разнастайнай нестатутнай вайсковай форме.
- Фота з таварышам у службе ў лесапаласе ў нестатутным адзеньні і белымі ідэнтыфікацыйнымі павязкамі на нагох (дадзеныя апазнаньня на другога пададзеныя ніжэй).
- Фота з таварышам у службе, у якой Р. Кавальчук зафіксаваны зь неахайным выглядам і барадою.
- Фота Р. Кавальчука з пазначаным вышэй таварышам у службе С. Сяргеевым ў палявым лягеры тактычнае групы 17-й брыгады.
- Фотаскрын помніку з Шалі, на якім зафіксаваны 9 прозьвішчаў зьнішчаных на Данбасе вайскоўцаў 17-й брыгады з подпісам «… вечная памяць!».
Карэн (Джага) Шахламджан
Нарадзіўся ў 1993 г. Родам з г. Сочы, Краснадараскі край, РФ. Станам на 2014-2016 гг. – вайсковец-кантрактнік 17-й АМСБр.
Мабыць, самы «сьціплы» і асьцярожны што да самапіяру. У сацыяльных сетках «ОК» (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў). Ягоная жонка Вэнэра Пагасян (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў) пракамэнтавала шэраг фатаздымкаў таварышаў у службе мужу, што ў выніку спрасьціла іхнае апазнаньне.
К. Шахламджан апазнаны (пазначаны жоўтай стрэлкай) на некалькіх фатаздымках, зробленых падчас «украінскай камандыроўкі» 2014 году, з фотаальбому пазначанага вышэй Р. Кавальчука.
-
Склад і ўзбраеньне 17-й АМСБр
17-я асобная гвардзейская мотастралковая брыгада, в/ч 65384 (Шалі, Чачэнская рэспубліка)
Склад: Кіраваньне, 1-ы мотастралковы батальён, 2-і мотастралковы батальён, 3-ці мотастралковы батальён, батальён СпН, стралковая рота (снайпэраў), танкавы батальён, 1-й гаўбічны самаходна-артылерыйскі дывізыён, 2-і гаўбічны самаходна-артылерыйскі дывізыён, рэактыўны артылерыйскі дывізыён, процітанкавы артылерыйскі дывізыён, зэнітны ракетны дывізыён, зэнітны ракетна-артылерыйскі дывізыён, выведвальны батальён, рота БПЛА, інжынэрна-сапёрны батальён, рота РХБА, батальён кіраваньня (сувязі), рота РЭБ, батарэя кіраваньня й артылерыйскай выведкі (начальніка артылерыі), узвод кіраваньня й радыёлякацыйнай выведкі (начальніка супрацьпаветранай абароны), узвод кіраваньня (начальніка выведвальнага аддзяленьня), рамонтна-аднаўленчы батальён, батальён матар’яльнага забесьпячэньня, камэнданцкая рота, мэдычная рота, узвод інструктараў, узвод трэнажэраў, палігон, аркестар.
Узбраенне: 40 адз. Т-72Б3, 1 адз. Т-72БК, 159 адз. МТ-ЛБМ 6МБ і МТ-ЛБ ВМК, 6 адз. ГАЗ-233014 СТС «Тыгр», 18 адз. БМ-21 «Град» і 2Б26 «Град», 36 адз. 152-мм СД 2С19 «Мста-С», 18 адз. 120-мм мінамётаў 2С12 «Сані», 12 адз. 100-мм гарматаў МТ-12 «Рапіра», 12 адз. самаходных ПТРК 9П149 «Штурм-С», 11 адз. БТР-80, 4 адз. БРДМ-2, 12 адз. БМ 9А33БМ2(3) «Аса», 6 адз. БМ 9А34(35) «Страла-10», 6 адз. ЗСУ 2С6М «Тунгуска», 27 адз. ПЗРК 9К38 «Ігла».
Крыніца: milkavkaz.net
Нагадваем, што 17-я АМСБр фігуравала ўжо ў 10 эпізодах расьледаваньняў InformNapalm, збольшага ў публікацыях, зьвязаных з фактамі ўварваньня й ўдзелу ў баёх на Данбасе ўлетку-ўвосень 2014 году:
- 17-я АМСБр ПВА ва Украіне
- «Танкіст» – расейскі афіцэр 17-й АМСБр, удзельнік летніх баёў на Данбасе
- «Бясслаўныя вырадкі»: помнік вайскоўцам 17-й мотастралковай брыгады у Шалі
- Афіцэр 17-й АМСБр ЗВС РФ узнагароджаны ордэнам Мужнасьці за вайну на Данбасе
- САУ «Мста-С» 17-й АМСБр пад Наваазоўскам
- Фотасьведчаньне: 17-я АМСБр на Данбасе, лета 2014 году
- Чарговы гібрыдны шахтар 17-й АМСБр
- Вэтэраны Данбаса з 17-й АМСБр з ордэнамі Мужнасьці
- Знойдзены афіцэр ЗС РФ, які згубіў ордэн Мужнасьці
- «Вырачаная брыгада». Былы кантрактнік і «вэтэран» Данбаса пра 17-ю АМСБр ЗС РФ (Відэа)
Базы дадзеных на кадравых расейскіх вайскоўцаў з доказамамі іхнага ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Украіне на баку расейска-тэрарыстычных войскаў даступныя праз сталую спасылку: https://informnapalm.org/database.
Матар’ял да публікацыі на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня валянтэраў міжнароднае супольнасці InformNapalm падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
