InformNapalm.org (Беларуская)

Апазнаныя вайсковыя злачынцы першай хвалі з 8-й брыгады ЗС РФ, якія ваявалі на Данбасе

Выяўленыя вайсковыя злачынцы першай хвалі расейскай агрэсіі супроць Украіны з складу батальёну спэцыяльнага прызначэньня 8-й мотастралковай брыгады (горнай) Збройных Сілаў РФ.

Ужо чацьверты год Расея вядзе неабвешчаную падступную вайну супроць Украіны. Нашая супольнасьць IN і валянтэры іншых праэктаў зьдзейсьнілі грандыёзную працу ў вывучэньні й наданьні розгаласу пра факты расейскае агрэсіі. Свае расьледаваньні мы падмацоўваем бясспрэчнымі доказамі. Ужо ідэнтыфікаваныя сотні кадравых вайскоўцаў – афіцэраў, звыштэрміноўцаў і жаўнераў Збройных Сілаў РФ, і гэтая праца працягваецца. Нашая мэта – апазнаць кожнага ўдзельніка ганебнай вайны нягледзячы на ўсе складанасьці. Часам дзеля выяўленьня й ідэнтыфікацыі чарговых «іхтамнетаў» патрэбна досыць шмат часу, праглядаць сотні старонак і спасылак, з драбніцаў зьбіраць і аналізаваць інфармацыю. Але намаганьні вартыя таго, бо кожны адшуканы факт балюча б’е па рэпутацыі краіны-акупанта, якой раней ці пазьней давядзецца адказваць за ўчыненае. Нашая каманда ўпэўненая, што сабраная доказавая база будзе запатрабаваная міжнароднымі сьледчымі і судовымі ворганамі, якія будуць вырашаць лёс вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расейскае Фэдэрацыі.

Фатаздымак, які стаўся падставаю для новага OSINT-расьледаваньня міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm, шматлікім чытачам будзе здавацца знаёмым. Пададзенае фота расейскіх вайскоўцаў з складу 8-й АМСБр (горнай) упершыню мы апублікавалі яшчэ ўвосень 2014 году (фота №8). Потым гэты здымак выкарыстоўвалі СМІ і блёгеры. Пазьней, у лютым 2017 году, валянтэры-дасьледнікі змаглі ідэнтыфікаваць мясцовасьць (навакольле Сухадольска, Луганская вобласьць, Украіна) і апазналі аднаго з 19 вайскоўцаў (Д. Саліханаў).

А зараз удалося апазнаць яшчэ 6 інтэрвэнтаў: двух афіцэраў і чатырох кантрактнікаў, якія ў жніўні – верасьні 2014 году ваявалі на ўкраінскім Данбасе ў складзе так званага батальёну спэцыяльнага прызначэньня 8-й АМСБр (г).

Заўвага: ў 2014 годзе амаль ва ўсіх злучэньнях Паўднёвае вайсковае акругі ЗС РФ меліся так званыя нацыянальныя падразьдзяленьні – батальёны спэцыяльнага прызначэньня, укамплектаваныя кантрактнікамі з баявым досьведам, у тым ліку мясцовымі жыхарамі з рэгіёну Паўночнага Каўказа (у некаторых выпадках – амніставая баявікі). Падобны батальён уваходзіў і ў склад 8-й горнай брыгады. Усё гэта падрабязна пададзенае ў ранейшай публікацыі INНацыянальныя батальёны з складу Паўднёвае вайсковае акругі, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях ва Украіне” (жнівень 2014 году).

  1. Раман Сяргеевіч Вагачоў

Нарадзіўся 22 кастрычніка 1989 году. Родам з г. Беларэцк (Башкартастан), зарэгістраваны паводле адрэсы: г. Беларэцк, вул. Крупскай, 57, кв. 3.

Станам на 2015 год афіцэр 8-й АМСБр (г) ЗС РФ, меў званьне «старэйшы лейтэнант». Выпускнік Екатэрынбургскае вышэйшае артылерыйскае каманднае вучэльні 2012 году.

У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).

 

Характэрна, што пра Р. Вагачова прыблізна два гады таму падаваў інфармацыю валянтэрскі праэкт “lostivan”. На жаль, праэкт спыніў сваё існаваньне, і арыгінал запісу не захаваўся, але дадзеныя пра расейскага афіцэра былі скапіяваныя на старонку праэкту “gruz200”, яны ўтрымліваюць наступнае: «Нацыст-імпэрац з расейскай арміі. Паводле геададзеных, атрыманых з фота, можна меркаваць, што быў у Сухадольску Луганскае вобласьці».

 

  1. Павал Арафьеў

Нарадзіўся 13 чэрвеня 1987 году. Родам з г. Пенза (таксама, мажліва, г. Цейкава Іванаўскай вобл.).

Станам на 2016 год афіцэр 8-й АМСБр (г) ЗС РФ, меў званьне «капітан». Выпускнік Каломенскае вышэйшае артылерыйскае каманднае вучэльні.

У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому), “OK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), профілі неактыўныя з 2013 году.

 

  1. Аляксандар Юрын

1976 г.н. Родам з г. Самара.

Станам на 2017 г. вайсковец-кантрактнік 8-й АМСБр (г) ЗС РФ.

У сацыяльных сетках: “OK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).

 

 

 

  1. Ерсаін Шыкшыкееў


Нарадзіўся 30 сакавіка 1992 году. Родам з г. Астрахань.

Станам на 2016 год вайсковец-кантрактнік 8-й АМСБр (г) ЗС РФ.

У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “OK”.

 

 

  1. Віктар Аншакаў

Нарадзіўся 18 жніўня 1993 году. Родам з г. Харабалі (Астраханская вобл.).

Станам на 2016 – 2017 гады вайсковец-кантрактнік 8-й АМСБр (г) ЗС РФ.

У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “OK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).

 

  1. Сяргей Мацюшэнка

1994 г.н. Родам з г. Камышын (Валгаградзкая вобл.).

Станам на 2016 год вайсковец-кантрактнік 8-й АМСБр (г) ЗС РФ.

У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “OK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).

 

 

У гэты час адбываецца перафармаваньне шэрагу мотастралковых брыгадаў ПВА. Гэтак, дысьлякаваныя ў Чачэніі брыгады трансфармуюцца ў палкі адноўленай 42-й мотастралковай дывізіі (гл. публікацыю IN з 05.04.2017 г.). Разам з 17-й і 18-й АМСБр перефармоўваецца і 8-я АМСБр (г), в/ч 16544, – у новы – 291-ы мотастралковы полк, в/ч 65384, з захаваньнем мейсца дысьлякацыі ў п. Барзой.

З улікам раней апазнанага Д. Саліханава на гэты момант атрымалася вызначыць імёны 7 вайсковых злачынцаў з 19. Праца ў ідэнтыфікацыі астатніх працягваецца. Нагадваем, што гэта ня першае апазнаньне паводле групавых фатаздымкаў расейскіх агрэсараў, якія ваявалі на Данбасе: ужо былі выяўленыя выведнікі з 18-й АМСБр, артылерысты й выведнікі з 7-й в/базы, танкісты й выведнікі з 17-й АМСБр, танкісты з 74-й АМСБр. І гэта толькі невялікая частка акупантаў, ідэнтыфікаваных OSINT-выведнікамі InformNapalm.

8-я АМСБр (горная) ужо неаднойчы фігуравала ў матар’ялах InformNapalm ў кантэксьце «ўкраінскіх камандыровак»:

8-я горная мотастралковая брыгада РФ ва Украіне

Выведпадразьдзяленьне 8-й МСБр (горнай) ля мяжы з Украінай

Show Must Go On, або «Папярэднія пяшчоты»

Мэдаль “За адвагу”

8-я АМСБр ЗС РФ у складзе “народнай міліцыі ЛНР”

Пасьля “камандыровак” на Данбас у 8-й АМСБр ЗС РФ застаюцца “200-я” і інваліды

Расея канцэнтруе сьвежыя сілы для перакідваньня на Данбас

Шлях 8-й АМСБр ЗС РФ: ад выправы на Данбас да ўзнагародаў за вайсковыя злачынствы

8-я АМСБр ЗС РФ у Сухадольску. Прывязка да мясцовасьці


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваны на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Аўтар расьледаваньня: Іраклі Камахідзэ.

Інфаграфіка: Alex Alexidze.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version