Ідэнтыфікаваныя выведнікі 17-й асобнай мотастралковай брыгады ЗС РФ, якія ўдзельнічалі ў баёх на Данбасе ўлетку-ўвосень 2014 году.
17-я асобная мотастралковая брыгада (в/ч 65384 н.п. Шалі, Чачэнская Рэспубліка) 58-й арміі Паўднёвае вайсковае акругі ўжо неаднойчы патрапляла ў поле зроку міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm. Маюцца пэўныя сьведчанні, што батальённа-тактычная група (БТГр) гэтага злучэньня адною з першых была задзейнічаная ў неабвешчанай вайне супроць Украіны падчас летне-восеньскай кампаніі 2014 году і зазнала істотныя страты.
У нашых матар’ялах фігуруюць як расейскія афіцэры і кантрактнікі 17-й АМСБр, якія ўдзельнічалі ў пачатковай фазе расейскае агрэсіі на Данбасе ў 2014 годзе, гэтак і кадравыя вайскоўцы гэтае брыгады, якія увайшлі пазьней (2015-2016 гг.) у склад незаконных збройных фармаваньняў так званай «наваросіі».
Галоўнымі крыніцамі інфармацыі новага OSINT-расьледаваньня, як і бальшыні папярэдніх, зьяўляюцца самі расейскія вайскоўцы, якія праз сваю дурасьць, неасьцярожнасьць і выхваленьне працягваюць захоўваць у сваіх профілях сацсетак фатаздымкі, якія адлюстроўваюць іхныя «растоўска-ўкраінскія камандыроўкі». Гэтак падчас маніторынгу старонак сацыяльных сетак выяўлены профіль кантрактніка 17-й АМСБр, які ўлетку-ўвосень 2014 году ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях на Данбасе.
Аб’екты расьледаваньня:
- Рустам Рагімаў
Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у 2012-2013 гадох у 19-й АМСБр (в/ч 20634, г. Уладзікаўказ, Паўночная Асэтыя-Аланія) ПВА. У красавіку 2014 году ўжо ў статусе вайскоўца паводле кантракту быў прызначаны на пасаду выведніка-кулямётніка ў в/ч 65384.
У сацыяльных сетках: “VK1” (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў, неактыўны з красавіка 2016 году), “VK2” (неактыўны з 2013 году).
Згодна з храналёгіяй і геаграфіяй фотаматар’ялу, выкладзенага ў альбоме Р. Рагімава, пасьля пачатку кантрактнае службы, нядоўгае адаптацыі і перападрыхтоўкі ён быў накіраваны ў Растоўскую вобласьць на пачатку ліпеня 2014 году ў складзе БТГр 17-й брыгады. Зь ліпеня па верасень 2014 году ў складзе тактычнае групы шалійскай брыгады прымаў удзел у баявых дзеяньнях на Данбасе.
У фотаальбоме Р. Рагімава можна і сёньня пабачыць фатаздымкі зь ліпеня-верасеня 2014 году, зробленыя падчас «растоўска-ўкраінскай камандыроўкі», у якіх ён разам з таварышамі ў службе пазуе ў поўнай баявой выкладцы, ў нестатутнай форме і з апазнавальным знакамі «мяцежных шахтароў Данбаса» (так званая «георгіеўская стужка»).
Найбольшую ўвагу прыцягнуў фатаздымак з подпісам «пулемётчики» (рас.), які выведнікам InformNapalm падаўся знаёмым. Больш за тое, удалося апазнаць іншых расейскіх вайскоўцаў, якія зафіксаваныя ў гэтым фота зь верасьня 2014 году.
Заўвага: Яшчэ ўвосень 2014 году мы пачалі зьдзяйсьняць кантроль старонкі расейскага вайскоўца-кантрактніка Дзяніса Пятрыкіна, фатаздымкі з альбома якога былі выкарыстаныя ў адной з нашых публікацыяў у верасьні 2014 году. Тады мы падалі інфармацыю пра падразьдзяленьне Пятрыкіна з складу 8-й мотастралковай брыгады (в/ч 16544, пас. Барзой, Чачэнія), зафіксаванае ў памежным з Украінай базавым лягеры расейскіх сілаў уварваньня ў Растоўскае вобласьці, скуль і адбываліся «сяброўскія візіты» на Данбас. Праз аналіз новых дадзеных можна з упэўненасьцю сьцьвярджаць, што Дзяніс Пятрыкін не з 8-й, але з 17-й АМСБр з той жа Чачэніі. Гэтая брыгада разам з 8-й актыўна ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях на Данбасе ўлетку-ўвосень 2014 году.
- Дзяніс Пятрыкін
Станам на 2014 год – вайсковец-кантрактнік 17-й АМСБр.
У сацыяльных сетках: “VK” (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў, старонка неактыўная з верасьня 2014 году); “OK” (архіў профілю).
Характэрнымі фатаздымкамі з фотаальбому Д. Пятрыкіна ёсьць тыя, якія маюць гэаграфічнае пазначэньне – гэатэгі. У тым ліку фатаздымкі з базавага лягеру расейскіх сілаў уварваньня ў Мясьнікоўскім раёне Растоўскае вобласьці, а таксама з перавалачнага лягеру расейскіх інтэрвэнтаў, разгорнутага непасрэдна ля самай украінскай мяжы – ў Куйбышаўскім раёне той жа Растоўскае вобласьці.
- Валеры Мезін
Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у 2012-2013 гг. у 10-й Абр СпН ГРУ (в/ч 51532, Краснадарскі край, г. Гарачы Ключ, пас. Молькіна) ПВА. Станам на 2014 год – вайсковец паводле кантракту, в/ч 65384.
У сацыяльных сетках: “VK1” (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў, старонка неактыўная зь лістапада 2013 году); “VK2” (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў, апошняя актыўнасьць у траўні 2014 году); “ОK” (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў, апошняя актыўнасьць у кастрычніку 2016 году.
- Кулямётнік «Х»
P.S.: У гэты момант InformNapalm зьдзяйсьняе дадатковую выведку старонак пазначаных вышэй фігурантаў. Уся новая інфармацыя будзе пададзеная ў наступнай публікацыі.
-
Склад і ўзбраенне 17-й АМСБр
17-я асобная гвардзейская мотастралковая брыгада, в/ч 65384 (Шалі, Чачэнская Рэспубліка)
Склад: кіраваньне, 1-ы мотастралковы батальён, 2-і мотастралковы батальён, 3-ці мотастралковы батальён, батальён СпН, стралковая рота (снайпэраў), танкавы батальён, 1-ы гаўбічны самаходна-артылерыйскі дывізыён, 2-і гаўбічны самаходна-артылерыйскі дывізыён, рэактыўны артылерыйскі дывізыён, процітанкавы артылерыйскі дывізыён, зэнітны ракетны дывізыён, зэнітны ракетна-артылерыйскі дывізыён, выведвальны батальён, рота БПЛА, інжынэрна-сапёрны батальён, рота РХБА, батальён кіраваньня (сувязі), рота РЭБ, батарэя кіраваньня й артылерыйскай выведкі (начальніка артылерыі), узвод кіраваньня й радыёлякацыйнай выведкі (начальніка супрацьпаветранай абароны), узвод кіраваньня (начальніка выведвальнага аддзяленьня), рамонтна-аднаўленчы батальён, батальён матар’яльнага забесьпячэньня, камэнданцкая рота, мэдычная рота, узвод інструктараў, узвод трэнажэраў, палігон, аркестар.
Узбраеньне: 40 адз. Т-72Б3, 1 адз. Т-72БК, 159 адз. МТ-ЛБМ 6МБ і МТ-ЛБ ВМК, 6 адз. ГАЗ-233014 СТС «Тыгр», 18 адз. БМ-21 «Град» і 2Б26 «Град», 36 адз. 152-мм самаходных гаўбіцаў 2С19 «Мста-С», 18 адз. 120-мм мінамётаў 2С12 «Сані», 12 адз. 100-мм гарматаў МТ-12 «Рапіра», 12 адз. самаходных ПТРК 9П149 «Штурм-С», 11 адз. БТР-80, 4 адз. БРДМ-2, 12 адз. БМ 9А33БМ2(3) «Аса», 6 адз. БМ 9А34(35) «Страла-10», 6 адз. ЗСУ 2С6М «Тунгуска», 27 адз. ПЗРК 9К38 «Ігла».
Крыніца: milkavkaz.net
17-я АМСБр фігуруе ў 13 эпізодах расьледаваньняў InformNapalm, збольшага ў публікацыях, зьвязаных з фактамі ўварваньня й удзелу ў баёх на Данбасе ўлетку-ўвосень 2014 году. Маюцца сьведчаньні й больш позьняга ўдзелу кантрактнікаў гэтае брыгады ў вайне на Данбасе:
- 17-я АМСБр ПВА ва Украіне
- «Танкіст» – расейскі афіцэр 17-й АМСБр, удзельнік летніх баёў на Данбасе
- «Бясслаўныя вырадкі»: помнік вайскоўцам 17-й мотастралковай брыгады ў Шалі
- Афіцэр 17-й АМСБр ЗС РФ узнагароджаны ордэнам Мужнасьці за вайну на Данбасе
- САУ «Мста-С» 17-й АМСБр пад Наваазоўскам
- Фотасьведчаньні: 17-я АМСБр на Данбасе, лета 2014 году
- Чарговы гібрыдны шахтар з 17-й АМСБр
- Ветэраны Данбаса з 17-й АМСбр з ордэнамі Мужнасьці
- Знойдзены афіцэр ЗС РФ, які згубіў ордэн Мужнасьці
- «Вырачаная брыгада». Колішні кантрактнік і «ветэран» Данбаса пра 17-ю АМСБр ЗС РФ (Відэа)
- Апазнаныя мотастралкі з Чачэніі, якія ўдзельнічалі ў баёх на Данбасе
Базы дадзеных што да кадравых расейскіх вайскоўцаў і доказаў іхнага ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Украіне на баку расейска-тэрарыстычных войскаў даступныя праз сталую спасылку: https://informnapalm.org/database.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня Іраклі Камахідзэ.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
