Амаль праз тры гады мы вяртаемся да тэмы датычнасьці 19-й асобнай мотастралковай брыгады з Уладзікаўказа да злачынных артылерыйскіх абстрэлаў тэрыторыі Украіны. Улетку-увосень 2014 году супольнасьць InformNapalm толькі пачынала свае фармаваньне й развіцьцё дзейнасьці. Тады ў нас не было ані неабходнага досьведу, ані людзкога рэсурсу, які патрэбны для зьдзяйсьненьня OSINT (выведка адкрытых крыніцаў) у поўным аб’ёме. У той час нашай першачарговай задачай былі фіксацыя й ідэнтыфікацыя расейскіх вайсковых частак, уцягнутых ў агрэсію на Данбасе. Часам для гэтага мелася патрэба ў неразгалошваньні асабістых дадзеных вайскоўцаў – удзельнікаў падзеяў, бо пазначыўшы іхныя імёны, мы рызыкавалі страціць крыніцы, якія й забясьпечвалі нас апэратыўнай інфармацыяй.
Гэтак, напрыканцы верасьня 2014 году, у лясным гаі ля хутару Варэнік Матвеева-Курганскага раёну Растоўскае вобласьці РФ, за некалькі кіляметраў ад мяжы з Украінай, была выяўленая рэактыўная артылерыя 19-й брыгады (в/ч 20634 п. Спутнік, Уладзікаўказ, Паўночная Асэтыя) Паўднёвае вайсковае акругі ЗС РФ. Некалькі дзён пазьней у лясным масыве ля пасёлку Краснадарскі Матвеева-Курганскага раёну Растоўскае вобласьці РФ удалося ідэнтыфікаваць падразьдзяленьне самаходнае артылерыі (2С19 «Мста-С») гэтай жа мотастралковай брыгады.
Трохгадовы досьвед і сфармаваная OSINT-каманда нашае супольнасьці значна пашырылі нашыя магчымасьці. Напэўна, наш сталы чытач зьвярнуў увагу, што апошнім часам акцэнт у нашых новых расьледаваньнях надаецца ўжо пэрсаналіям – выяўленьню фактаў агрэсіі й ідэнтыфікацыі расейскіх ваенных злачынцаў, так званых «ветэранаў Данбаса». У тым ліку артылерыстаў розных частак і злучэньняў, батальённа-тактычных групаў або зводных рэактыўна-артылерыйскіх дывізыёнаў, якія былі задзейнічаныя ў баявых дзеяньнях на Усходзе Украіны. Гэта датычыць і артылерыі, якая абстрэльвала падразьдзяленьні Збройных Сілаў Украіны як з вандроўных пазыцыяў праз “парэбрык” з Растоўскае вобласьці, гэтак і з заездамі на ўкраінскую тэрыторыю. На гэты момант ідэнтыфікаваныя прыблізна 100 афіцэраў, кантрактнікаў і жаўнераў тэрміновае службы з артылерыйскіх падразьдзяленьняў розных вайсковых частак расейскага войска, у тым ліку:
25 артылерыстаў 7-й в/базы (в/ч 09332, г. Гудаўта, акупаваная Абхазія, Грузія), якія ў складзе зводнага артылерыйска-рэактыўнага дывізыёну былі прыцягнутыя да абстрэлу ўкраінскіх населеных пунктаў і пазыцыяў сілаў АТА з канца жніўня да сьнежня 2014 году;
9 артылерыстаў 120-й артбрыгады (в/ч 59361, Юрга, Кемераўская вобл.), якія з кастрычніка 2014 году года да канца лютага 2015 году падчас «растоўска-ўкраінскае камандыроўкі» ў складзе зводнага гаўбічнага дывізыёну ўдзельнічалі ў абстрэлах;
10 артылерыстаў і мінамётнікаў 74-й мотастралковай брыгады (в/ч 21005, г. Юрга), якія маюць дачыненьне да абстрэлаў Украіны ў 2014 годзе;
40 «ветэранаў» так званай «растоўска-ўкраінскай камандыроўкі» 2014 году з складу 291-й артбрыгады (в/ч 64670, станіца Троіцкая, Інгушэтыя). Агулам мы ідэнтыфікавалі 82 вайскоўцы гэтага артзлучэньня зь Інгушэтыі, у тым ліку 31 удзельніка «сірыйскае камандыроўкі» 2015 году;
Апроч гэтага мы вывілі некалькі артылерыстаў з складу 17-й АМСБр (в/ч 65384, Шалі, Чачэнія), 136-й АМСБр (в/ч 63354, Буйнакск, Дагестан), 8-й АМСБр горнай (в/ч 16544, Барзой, Чачэнія) і 19-й ОМСБр (в/ч 20634, Уладзікаўказ, РПА).
Надыйшоў час дадаць у гэты сьпіс імёны новых злачынцаў – вайскоўцаў 19-й мотастралковай брыгады. У выніку новага расьледаваньня была выяўленая група артылерыстаў рэактыўнага дывізыёну 19-й АМСБр, якія ўлетку-ўвосень 2014 году ўдзельнічалі ў абстрэлах Украіны:
1. Аляксей Лістапад
У выніку аналізу профілю А. Лістапада можна зрабіць выснову, што сэрыя фатаздымкаў, выкладзеных ім у ліпені-кастрычніку 2014 году, зробленыя падчас адной з самых гарачых фазаў расейскага ўварваньня ва Украіну. У здымках зафіксаваныя: лясное стойбішча вандроўнага рэактыўнага дывізыёну 19-й брыгады (дакладна такія ж, якія мы фіксавалі ўвосень 2014 году ў фотаальбомах іншых артылерыстаў гэтае брыгады ў памежных з Украінаю раёнах Растоўскае вобласьці, у тым ліку і з пазнакамі геалякацыі); РСЗВ 9К51М «Тарнада-Г» (мадэрнізаваны «Град») на пазыцыях для стральбы з дадатковым боекамплектам; паходна-«партызанскае» жыцьцё й шашлычныя вечарыны артылерыстаў. Адметныя асаблівасьці 19-й мотастралковай брыгады: тактычны знак у выглядзе напаўзафарбаванага праз дыяганаль квадрату, нестатутны вонкавы выгляд з выкарыстаньнем камуфляжу «флора», а таксама шмат іншага, што характэрна для крамлёўскіх «байцоў нябачнага фронту».
Заўвага: расейская рэактыўная сыстэма залпавага вагню 9К51М «Тарнада-Г» зьяўляецца мадэрнізацыяй 122-мм РСЗВ БМ-21 «Град». Асноўныя адрозненьні ад свайго папярэдніка –больш дасканалая сыстэма кіраваньня вагнём з спадарожнікавай навігацыяй і кампутарам разьліку балістычных паказьнікаў, навядзеньне ў аўтаматычным рэжыме на каардынаты цэлі. Павялічаная далёкасьць стральбы, якая паводле некаторых дадзеных сягае да 100 км. Адная з адметных рысаў «Тарнада-Г» – невялікая антэна для спадарожнікавай сувязі з падобнай на грыб формай, разьмешчанай над кабінай.
Прыблізна тое ж самае зафіксаванае ў ніжэй пералічаных таварышаў у службе А. Лістапада, якія былі ідэнтыфікаваныя намі ў выніку гэтага расьледаваньня. Збольшага, гэта колішнія жаўнеры тэрміновае службы, рэкрутаваныя з розных рэгіёнаў Расеі ўвосень 2013 году, якія пасьля перадбаявой падрыхтоўкі на палігоне Прудбой Валгаградзкай вобласьці былі накіраваныя ў баявую камандыроўку ў Растоўскую вобласьць.
2. Ільля Качуроў
У фотаальбоме І. Качурова маюцца фатаздымкі, выкладзеныя ў ліпені-кастрычніку 2014 году. Здымкі адлюстроўваюць «партызанскі» побыт вандроўнага дывізыёну 19-й брыгады, у іх можна пабачыць РСЗВ «Тарнада-Г», боекамплект да іх, маецца таксама й групавы здымак реактыўнікаў-ветэранаў, якія вяртаюцца з «растоўска-ўкраінскае камандыроўкі» да мейсца дысьлякацыі ва Уладзікаўказ. Апроч гэтага ў фотаальбоме Качурова выяўленае фота, зробленае на тле баявой машыны з той жа сэрыі, якую мы фіксавалі ўвосень 2014 году ў профілі іншага артылерыста гэтай брыгады (ідэнтыфікаваны як Качуроў, гэтак і ягоныя таварышы ў службе).
3. Мерген Вячаслававіч
Нарадзіўся 16 жніўня 1991 г. ў г. Эліста, Калмыкія. Тэрміновую вайсковую службу праходзіў зь сьнежня 2013 году да сьнежня 2014 году ў рэактыўным дывізыёне 19-й брыгады. У сацсетках: «VK» (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
Фотаальбом Мергена досыць сьціплы, вядома ж, з тае прычыны, што ўвосень 2014 году мы публікавалі фатаздымкі «партызанскага» жыцьця рэактыўнікаў 19-й брыгады, якія былі ўзятыя менавіта зь ягонага профілю, праз што ён пазьней і быў зачышчаны. За выключэньнем аднаго супольнага фатаздымка з таварышамі ў службе, якія пазуюць за сталом ляснога лягеру (гэты ж здымак маецца ў фотаальбоме іншых фігурантаў).
Наступныя, пералічаныя ніжэй артылерысты 19-й мотастралковай брыгады, былі апазнаныя паводле згаданага групавога фатаздымку новасьпечаных «ветэранаў», якія вярталіся пасьля баявой камандыроўкі ва Уладзікаўказ. Гэтае фота было выяўленае ў профілі Качурова.
4. Даніл Храмаў
У фотаальбоме Храмава ўсё яшчэ захоўваюцца фатаздымкі, зробленыя падчас ягонай «растоўска-ўкраінскае камандыроўкі» 2014 году. Гэтыя фота, што адлюстроўваюць «партызанскае» жыцьцё, былі выкладзеныя ў ягоным фотаальбоме ў ліпені-верасьні 2014 году. Таксама Д. Храмаў апазнаны ў фота фігуранту №1 А. Лістапада, у якім яны пазуюць на тле вагнявой пазыцыі РСЗВ, і ў некаторых іншых групавых здымках.
5. Сяргей Дзенісевіч
У фотаальбоме Дзенісевіча маюцца ўсяго некалькі фатаздымкаў, зробленыя падчас ягонай службы ў войску, і няма аніводнага, які б сьведчыў пра ягонае дачыненьне да «растоўска-ўкраінскае камандыроўкі» 2014 году. Нягледзячы на гэта, ён быў апазнаны ў групавым здымку реактыўнікаў, якія вярталіся з вайны ў пункт сталай дысьлякацыі (ПСД).
6. Daniel Frozen
Родам з г. Сочы, меркавана, пражывае ў г. Санкт-Пецярбург. Тэрміновую вайсковую службу праходзіў з кастрычніка 2013 да кастрычніка 2014 году ў рэактыўным дывізыёне 19-й брыгады. У сацсетках: «VK» (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме фігуранту маецца ўсяго некалькі фота, якія сьведчаць пра ягоную тэрміновую службу ў войску, у прыватнасьці ў артылерыі, з характэрным камэнтаром. Але няма аніводнага здымку, зробленага падчас ягонае «растоўска-ўкраінскае камандыроўкі» 2014 году. Нягледзячы на гэта, ён быў апазнаны ў групавым здымку артылерыстаў-рэактыўнікаў, якія вярталіся з вайны ў ПСД.
Іншыя артылерысты рэактыўнага дывізыёну 19-й АМСБр, у профілях якіх выяўленыя фатаздымкі зь відавочнымі азнакамі «растоўска-ўкраінскае камандыроўкі» 2014 году:
7. Аляксей Завязаў
У сьціплым фотаальбоме неактыўнага профілю Завязава маецца ўсяго некалькі фота, зробленых падчас службы ў 19-й брыгадзе. У тым ліку, здымкі зь ляснога лягеру артылерыстаў- «партызанаў» падчас «растоўска-ўкраінскае камандыроўкі» 2014 году, якія маюць і фігуранты №2 і №3.
8. Станіслаў Назараў (Рэдкі)
У фотаальбоме Назарава выяўленыя шэраг здымкаў, выкладзеных у ліпені-кастрычніку 2014 году, якія сьведчаць пра ягонае «партызанскае» жыцьцё – ўдзел у баявой камандыроўцы ў складзе рэактыўнага падразьдзяленьня 19-й брыгады. У так званым дэмбельскім фота Назараў пазуе з узнагародаю – юбілейным мэдалём за ўдзел у парадзе.
9. Раіль Хуснутдзінаў
Нягледзячы на тое, што ў фотаальбоме Хуснутдзінава няма фотасьведчаньняў «растоўска-ўкраінскае камандыроўкі» 2014 году, ён быў апазнаны ў здымках іншых артылерыстаў, у тым ліку ў групавым фота артылерыстаў-«партызанаў» 19-й брыгады зь верасьня 2014 году з фотаальбому фігуранту № 7.
10. Сямён Лаўрэнцьеў
У фотаальбоме Лаўрэнцьева маюцца фатаздымкі, зробленыя падчас тэрміновай вайсковай службы, але здымкаў з «растоўска-ўкраінскае камандыроўкі» 2014 году няма. Гэты фігурант быў апазнаны ў групавым фота артылерыстаў-«партызанаў» 19-й брыгады зь верасьня 2014 году з фотаальбому фігуранта №7.
Даведка па склад і ўзбраеньне 19-й АМСБр ЗС РФ
19-я асобная Варонежска-Шумлінская Красназнамённая ордэнаў Суворава й Працоўнага Чырвонага Сьцяга мотастралковая брыгада, в/ч 20634 (п. Спутнік, Уладзікаўказ) 58-й агульнавайсковай арміі Паўднёвае вайсковае акругі.
Вымпел, тактычны знак, шаўрон 19-й АМСБр
Узбраеньне: 40 адз. Т-90А, 1 адз. Т-90К, 120 адз. БМП-3, 9 адз. БТР-82А, 27 адз. БТР-80, 6 адз. ГАЗ-233014 СТС «Тыгр», 15 адз. МТ-ЛБ, 18 адз. БМ 2Б17-1 «Тарнада-Г», 36 адз. 152-мм СГ 2С19 «Мста-С», 18 адз. 120-мм мінамётаў 2С12 «Сані», 12 адз. 100-мм гарматаў МТ-12 «Рапіра», 12 адз. самаходных ПТРК 9П149 «Штурм-С», 4 адз. БРДМ-2, 12 адз. БМ 9К330 «Тор», 6 адз. БМ 9А34(35) «Страла-10», 6 адз. ЗСУ 2С6М «Тунгуска», 27 адз. ПЗРК 9К38 «Ігла».
19-я АМСБр ЗС РФ фігуруе ў дзесяці OSINT-расьледаваньнях InformNapalm. Гэтыя публікацыі зьвязаныя з фактамі ўварваньня ва Украіну ўлетку-ўвосень 2014 году, а таксама доказамі больш позьняга ўдзелу вайскоўцаў гэтае брыгады ў вайне на Данбасе:
- Баявыя разьлікі РСЗВ «Град» 19-й МСБр, якія «партызаняць» у лясох уздоўж мяжы з Украінай
- САУ «Мста-С» 19-й МСБр з Паўночнае Асэтыі на мяжы з Украінай
- Пра прыгоды роты БПЛА 19-й мотастралковай брыгады ва Украіне
- Вайскоўцы роты снайпэраў 19-й АМСБр ЗС РФ у шэрагах НЗФ «Самалі»
- Курс на агрэсію: у структуры АМСБр ЗС РФ створаныя новыя выведвальныя дэсантныя роты
- Ідэнтыфікацыя вайсковых злачынцаў з 19-й АМСБр ЗС РФ
- Кадравы голад збройных сілаў РФ: ва «ўкраінскіх камандыроўках» выкарыстоўваюць жаўнераў тэрміновай службы
- Данбас: снайпэр Збройных Сілаў РФ у шэрагах «апалчэньня Л/ДНР»
- Выяўленыя адмыслоўцы радыёэлектроннай барацьбы 19-й АМСБр Збройных Сілаў РФ
- Выяўленыя жаўнеры 19-й АМСБр ЗС РФ, узнагароджаныя за ўдзел у баёх ва Украіне
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня Іраклі Камахідзэ адмыслова для сайту InformNapalm.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
