InformNapalm.org (Беларуская)

Аўдзееўка пад вагнём рэактыўнае артылерыі: выяўленая адная з пазыцыяў расейскіх «Градаў»

Расейскія акупанты мэтаскіравана парушаюць Менскія пагадненьні і зьдзяйсьняюць масаваныя артылерыйскія ўдары па Аўдзееўцы. Расейцы застасоўваюць ствольную артылерыю, рэактыўныя сыстэмы залпавага вагню (РСЗВ) і мінамёты. Відавочцы выкладваюць у Сеціве відэа, у якіх зафіксаваны пуск ракетаў РЗСВ «Град» непасрэдна ля жылых масываў Данецка. Мірнае насельніцтва акупанты выкарыстоўваюць як жывы шчыт, бо ЗСУ не зьдзяйсьняюць у адказ вагнявыя удары па раёнах, што знаходзяцца паблізу жылога сэктару.

Валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm вырашылі прааналізаваць відэаматар’ял дзеля вызначэньня пазыцыяў РСЗВ і напрамку стральбы. У відэа вышэй зафіксаваная стральба з баявой машыны БМ-21 РСЗВ «Град». Відэа сфільмаванае 31.01.2017 г. паводле  мясцовага часу. З паведамленьняў відавочцаў вынікае, што гэта ўжо шосты «пакет» (пакет – 40 ракетаў), які расейцы адстрэльваюць з гэтай пазыцыі, пачынаючы з 30.01.2017 г. Мы вызначылі, што вагонь вядзецца з пазыцыі, якая знаходзіцца ў Будзёнаўскім раёне Данецка між кругавой дарогай і пасадкаю, за 250 мэтраў ад тэрыторыі гіпэрмаркета «Сігма» і за 450 мэтраў ад дзіцячага садку «Казачок» Данскога раёну гораду Данецка. Геалякацыя й прывязка да мясцовасьці падазденая на скрыншоце ніжэй (каб павялічыць націсьніце на мапу). Трыкутнік з клічнікам пазначае пазыцыю, чырвоная стрэлка – напрамак стральбы.

За 16,5 кілямэтраў ад пазыцыі ў напрамку стральбы месьцяцца ваколіцы Аўдзееўкі, па якой акупанты зьдзяйсьняюць удары. Варта зазначыць што максымальная далёкасьць стральбы аскепкава-фугасным рэактыўным знарадам 9М22/9М22У – 20,4 кілямэтры.

Такім чынам, расейцы чарговага разу засьведчылі ўсяму цывілізаванаму сьвету, што працягваюць самааддана выконваць запаветы свайго фюрэра што да тактыкі вядзеньня вайны на Данбасе: «Пусть попробует кто-то из военнослужащих стрелять в своих людей, за которыми мы будем стоять… пускай они попробуют стрелять в женщин и детей». Парушаючы Менскія дамоўленасьці, расейска-тэрарыстычныя войскі выкарыстоўваюць цяжкое ўзбраеньне, якое мелася быць адведзенае ад лініі разьмежаваньня яшчэ два гады таму, і тэрарыстычную тактыку вядзеньня вайны, страляючы з жылых кварталаў.


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Міхаіл Кузняцоў.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version