- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Баявік «ДНР» распавёў пра пастаўкі на Данбас апошніх адзінак вайсковай тэхнікі арміі РФ. Станцыя «Аўрыга»

25 чэрвеня на афіцыйнай старонцы Апэрацыі Аб’яднаных Сілаў (ААС) у Facebook зьявілася [1] інфармацыя пра затрыманьне супрацоўнікамі Службы бясьпекі Украіны баявіка тэрарыстычнага ўтварэньня «ДНР».

У паведамленьні вядзецца пра тое, што затрыманы ў межах распачатае крымінальнае справы супрацоўнічае зь сьледзтвам і надае паказаньні пра дзейнасьць тэрарыстычнага ўтварэньня, а таксама пра ўдзел РФ у акупацыі асобных раёнаў Данецкае й Луганскае абласьцей.

Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm зьвярнула асаблівую ўвагу на сьведчаньні баявіка пра пастаўкі на тэрыторыю часова акупаванага Данецку расейскае зброі й вайсковае тэхнікі, у прыватнасьці, найноўшае мабільнае станцыі спадарожнікавае сувязі «Аўрыга», якая паступіла ва ўзбраеньне арміі РФ толькі ў 2014 годзе.

«Аўрыга» ў Сірыі й на Данбасе

Гэтая станцыя раней ужо фігуравала ў расьледаваньнях InformNapalm. Выкарыстаньне яе расейскімі вайскоўцамі таксама было зафіксаванае ў Сірыі й на Данбасе.

У 2016 годзе InformNapalm выкрыў разьмяшчэньне станцыі “Аўрыга” [2] на даху будынку ў населеным пункце Qalat Mirza (дакладныя каардынаты здымку – 35.654480, 36.268471). Непадалёк гэтага мейсца раней таксама былі зафіксаваныя вайскоўцы 291-й артылерыйскай брыгады ЗС РФ (в/ч 48271), якіх паводле афіцыйных дадзеных ня мелася быць у Сірыі.

[3]

У 2017 годзе супольнасьць InformNapalm выявіла, што Расея выкарыстоўвае тэрмінал аэрапорту Алепа ў якасьці пункту кіраваньня [4] сваімі падразьдзяленьнямі ў Сірыі. Сярод найноўшых адзінак расейскае вайсковае тэхнікі, зафіксаванай у фота з тэрміналу, супольнасьць выявіла антэну вайсковае станцыі спадарожнікавае сувязі «Аўрыга» (у фота маркэр 2).

Напачатку 2018 году сьведчаньні пра выкарыстаньне станцыі «Аўрыга» на Данбасе апублікаваў на сваёй старонцы Facebook [5] кіраўнік групы “Інфармацыйны супраціў” Дмытро Тымчук, які трагічна загінуў праз агнястрэльнае параненьне 19 чэрвеня 2019 году.

“У раёне н.п. Дэбальцава зафіксаваная найноўшая расейская мабільная спадарожнікавая станцыя «Аўрыга», прызначаная для арганізацыі абароненае сувязі ў падразьдзяленьнях ЗС РФ”, – напісаў ён 6 студзеня 2018 году.

Фотасьведчаньні й пацьверджаньне выкарыстаньня станцыі «Аўрыга» на Данбасе апублікавалі адмыслоўцы дасьледніцкай лябараторыі DFRLab [6] аналітычнага цэнтру «Атлянтычная рада» (Atlantic Council) 15 кастрычніка 2018 году.

[7]

9 чэрвеня 2018 году карыстальнік сацсеціва “VK” “Артем Донецьк” (рас.) выклаў фотаальбом зь некалькімі здымкамі, зробленымі ў розным часе, у якіх зафіксаваная ягоная дзейнасьць у якасьці баявіка кантраляваных Расеяй збройных фармаваньняў у Данецкай вобласьці.

У двух фатаздымках баявік пазуе побач зь іншым наймітам на тле зялёнай спадарожнікавай антэны. Гэтая радыёлякацыйная талерка вонкава выглядае гэтаксама як і спадарожнікавая антэна расейскае сыстэмы сувязі «Аўрыга-1,2В», якая маецца ва ўзбраеньні арміі РФ з 2014 году”, – зазначанае ў дасьледаваньні DFRLab. [8]У DFRLab параўналі выяву спадарожнікавае антэны ў фота баявіка на Данбасе (леваруч, крыніца “VK” [9], архіў [10]) з выявамі задняе часткі сыстэмы «Аўрыга 1.2В» на фрэгаце клясы «Адмірал Грыгаровіч» «Адмірал Эсэн» Чарнаморскага флёту Расеі (праваруч).

Для даведкі

Мабільная станцыя «Аўрыга» – гэта найноўшая расейская распрацоўка, якая ўваходзіла ў экспазыцыю ААТ «Воентелеком» (рас.) на міжнароднай выставе сродкаў забесьпячэньня бясьпекі «Интерполитех-2014» у Маскве, міжнароднага вайскова-тэхнічнага форуму «Армия-2015». Потым яна згадвалася падчас правядзеньня вышкалаў падразьдзяленьняў сувязі ў Армэніі ў 2015 годзе.

Фактчэкінг

З улікам згаданых вышэй расьледаваньняў розных аналітычных групаў з фотадоказамі й сьведчаньнямі выкарыстаньня спадарожнікавае станцыі “Аўрыга” расейскімі войскамі ў Сірыі й на Данбасе можна ўпэўнена сьцьвярджаць: паведамленьне на старонцы ААС з заявай баявіка тэрарыстычнага ўтварэньня пра пастаўкі найноўшых адзінак расейскае зброі на Данбас ёсьць пацьверджаным фактам. Апроч гэтага, міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm вядзе ўласную базу расьледаваньняў і фактаў выяўленьня [11] ўзбраеньня й вайсковай тэхнікі ЗС РФ, якая ня магла стаць трафейнай і ейная фіксайцыя на Данбасе ёсьць наўпроставым доказам расейскае ваеннае агрэсіі супроць Украіны.


Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm [12].

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын [13].

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 [14])

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [15] / Твітэр [16] / Telegram [17]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.