InformNapalm.org (Беларуская)

Баявікі, імітуючы глухую абарону, рыхтуюцца да наступу

У пэрыяд з 1 па 4 траўня 2015 году баявікі зьдзейсьнілі шэраг абстрэлаў па падкантрольных ім тэрыторыях, факты абстрэлаў можна прааналізаваць на падставе хронікаў InformNapalm. Найбольшая шчыльнасьць абстрэлаў была зьдзейсьненая па населеных пунктах, якія знаходзяцца на поўнач ад Данецка.
Паводле інфармацыі, што распаўсюджваецца ў адкрытых крыніцах, уначы з 2 на 3 траўня неідэнтыфікаваная артылерыя зьдзесьніла ўдары па раёнах Пуцілаўкі і Гладкаўкі (база Кронас). Паводле непацьверджанай інфармацыі, быў зьнішчаны склад з боепрыпасамі і частка тэхнікі баявікоў, якую рыхтавалі да параду 9-го Траўня. У выпадку, калі дадзеная інфармацыя пацьвердзіцца, можна казаць пра скасаваньне тэрмінаў пачатку актыўных баявых дзеяньняў баявікоў. Інакш, узрастаньне колькасьці патрулёў на вуліцах гораду Данецк 03.05, таксама актыўнае распаўсюджваньне чутак пра зазнаныя імі страты, можа быць спробай дэзінфармаваць камандаваньне збройных сілаў Украіны. Асабліва калі ўзяць пад увагу факты вывядзеньня тэхнікі з былой палітычнай вучэльні (вул.Купрына, 1) і каксахімічнага цэху ў Кіраўскім раёне Данецка да 04 траўня. Паводле наяўнай інфармацыі частка тэхнікі з пазначаных аб’ектаў высунутая ў раён дачнага пасёлку між Пятроўскім раёнам Данецка і Стараміхайлаўкай. Іншая частка тэхнікі пайшла ў бок населенага пункта Пяскі.
Зараз сталася модным рабіць аналёгіі з вайсковымі апэрацыямі мінулага. Мы таксама зробім аналёгію з 1939 годам і апэрацыяй, сплянаванай Г. Жукавым па атачэньню японскай Квантунскай арміі на ўсходнім беразе ракі Халхін-Гол. Гэтаксама як і зараз, тады была сплянаваная й зьдзейсьненая акцыя дзеля дэзінфармацыі супраціўніка. Японцам унушылі, што войскі рыхтуюцца да абароны. Магчыма, тое ж самае адбываецца зараз, улічваючы распаўсюджваньне баявікамі на акупаваных тэрыторыях чутак сярод мірнага насельніцтва, што нібыта неўзабаве пачнецца наступ ўкраінскіх сілаў.
У той жа час у раёне населенага пункта Яленаўка ствараюцца бутафорныя фартыфікацыйныя збудаваньні, якія вельмі выразна вылучаюцца на мясцовасьці, і фактычна, не даюць аніякае перавагі. Паводле інфармацыі ад інсайдэра – гэта шэраг неглыбокіх акопаў з бруствэрамі зь белых мяхоў, якія добра відаць зь вялікае адлегласьці. Да таго ж нутраныя блёкпасты разьбіраюцца альбо здымаецца частка блёкаў, якія закрываюць праезную частку. Такім чынам, вызваляецца нутраны пляцдарм для рыўка да лініі фронту.
Апроч гэтага, праз прапагандысцкія каналы ЛНР/ДНР/РФ распачатая апэрацыя дзеля дыскрэдытацыі ЗС Украіны і абвінавачваньня ў парушэньні Менскіх пагадненьняў. Паводле словаў аднаго зь лідэраў баявікоў, 2-га траўня “ДНР” была гатовая зьдзесьніць “контр-удар”, але не зрабіла гэта нібы праз “шанаваньне Менскіх пагадненьняў”, што не замінае ім перакідваць артылерыю калібру звыш за 100 мм на адлегласьць менш за 15 км ад лініі разьмежаваньня.

Паралельна ў Горлаўцы баявікі зьдзяйсьняюць разьмінаваньне паўночна-заходніх ускраінаў, што таксама ёсьць ўскосным пацьверджаньнем вэрсыі пра падрыхтоўку аб’яднаных расейска-сэпаратысцкіх сілаў (АРСС) да актыўных баявых дзеяньняў, асабліва калі ўзяць пад увагу артылерыйскі абстрэл Дзяржынска ўначы з 3 на 4 траўня.

Такім чынам, можна зрабіць выснову пра падвышэньне актыўнасьці баявікоў у заходнім і паўночна-заходнім накірунках, што можа сьведчыць пра падрыхтоўку АРСС апэрацыі дзеля ўсталяваньня кантролю над аўтадарогай Данецк-Канстантынаўка і магчымага атачэньня ўкраінскіх сілаў у раёне населенага пункта Аўдзееўка.

Матар’ял падрыхтаваў вайсковы аналітык InformNapalm Арцём Васіленка, падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялу спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

 

Пераклад Дязніса Івашына

Exit mobile version