InformNapalm.org (Беларуская)

База акупацыйных войскаў Расеі пад Шырокіна раскрытая з дапамогаю Яндэкса

Міжнародная каманда InformNapalm.org выявіла фатаздымкі, у якіх зафіксаванае скопішча расейскай вайсковай тэхнікі акупацыйных войскаў Расеі ў пасёлку Безыменнае Наваазоўскага раёну, што месьціцца за 8 кілямэтраў ад вёскі Шырокіна.

Параўноўваючы фатаздымкі зь мясцовасьцю, было выяўленае, што ў сэрвісе “Яндэкс.Мапы” адбылося ўдалае абнаўленьне спадарожнікавых здымкаў, на якіх зафіксаваная база акупацыйных войскаў Расеі на тэрыторыі аграцэху № 5 ДП «Ільіч-Агра Данбас» ў сяле Безыменнае, дзе таксама знаходзіцца вялікая вышка сувязі й перадатчык украінскае мабільнай сувязі. Наагул, вельмі добрае мейсца для разьмяшчэньня вайсковае базы.

Зазначым, што 20 красавіка 2015 году, аэравыведка палку “Дняпро-1” апублікавала відэа зь бесьпілётніка, у якім было зафіксаванае скопішча расейскай вайсковай тэхнікі акупацыйных войскаў Расеі ў пасёлку Безыменнае Наваазоўскага раёну, на тэрыторыі гэтага ж аграцэху № 5.

Як бачым, мейсца ўжо наседжанае і стала выкарыстоўваецца для разьмяшчэньня разнастайнай вайсковай тэхнікі акупацыйнымі войскамі Расеі. Цалкам мажліва, на момант фіксацыі гэтай базы  пад адкрытым небам знаходзілася мінімум тэхнікі, астатняя ж проста была схаваная ў хляве, у гаражы, у кароўніку, у розных вытворчых памяшканьнях, карацей – усюды дзе толькі можна, але далей ад вачэй АБСЭ і самае галоўнае ад вачэй украінскай аэравыведкі. І сапраўды, прызнаемся, такая сытуацыя па ўсіх акупаваных тэрыторыях Данбаса.

Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў  @BuTaJIu4eK

(с) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялу актыўная спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Пераклаў на беларускую мову – Дзяніс Івашын

Exit mobile version