InformNapalm.org (Беларуская)

Берагавыя войскі ЧФ РФ рыхтуюцца да «пазазямной апэрацыі» ў Сірыі

Жаданьне Расеі навязаць сусьветнай супольнасьці легалізацыю анэксыі Крыма прымусіла Крэмль увязацца ў сірыйскую авантуру ў пагоні за правам быць “пераможцам, якога ня судзяць”… Але першыя нязграбныя крокі і шматлікія памылкі расейскай авіяцыі, праз што былі забітыя дзясяткі мірных сірыйскіх грамадзянаў і байцоў Свабоднае сірыйскае арміі, усё далей і далей пазбаўляюць Расею магчымасьцяў дасягненьня запаветнае мэты.

Паводле шматлікіх паведамленьняў расейскіх СМІ, з спасылкай на заяву прэзыдэнта Расеі У.Пуціна, было зазначанае: “Расейскія вайскоўцы ня будуць праводзіць у Сірыі наземную аперацыю супроць Ісламскае Дзяржавы”. Праз тыдзень, ужо прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў заявіў: “Перамагчы баявікоў групоўкі “Ісламская Дзяржава” магчыма толькі праз зьдзяйсьненьне пасьпяховае наземнае апэрацыі”, – і дадаў, што апэрацыю маюць зьдзяйсьняць урадавыя войскі Башара Асада.

Верыць словам кіраўніцтва РФ і іх “размаўляючым галовам” – гэта крайняя ступень нядбаласьці, таму міжнародная валянтэрская група InformNapalm вырашыла зьдзейсьніць папярэднюю выведку адкрытых крыніцаў і знайсьці прыкметы мажлівай падрыхтоўкі наземнае фазы вайсковае апэрацыі ў Сірыі. Праз тое, што вайсковае кіраўніцтва Расеі катэгарычна адмаўляецца ад магчымасьці падобнай апэрацыі, мы будзем выкарыстоўваць тэрмін “пазазямная апэрацыя“.

Тым часам на тэрыторыі акупаванага Крыма зьздяйсьняецца інтэнсыўная падрыхтоўка берагавых войскаў, магчыма менавіта для сухапутнай апэрацыі ў Сірыі.

Падчас OSINT-выведкі на тэрыторыі АР Крым былі знойдзеныя фатаздымкі вайскоўцаў у пясочнай форме. Было вызначанае мейсца іхнае службы і выяўленае, што вайсковая частка 87714 актыўна пераапранае сваіх байцоў у новы тып формы (8-ы асобны Артылерыйскі полк Берагавых войскаў Чарнаморскага флёту, адрэса: АР Крым, г. Сімфэропаль, вул.Калініна).

Дапамаглі ў выяўленьні гэтае інфармацыі два вайскоўцы Берагавых войскаў ЧФ РФ:

 Раман Логвін, в/ч 87714 (архівы фота:https://archive.is/ZFLYg, https://archive.is/GA8Hq, https://archive.is/6Yo27, https://archive.is/zJIuy,  https://archive.is/EW1x1).

Характэрна, што ў групе ў сацыяльным сеціве «VK», прысьвечанай Берагавым войскам ЧФ РФ, адзін з карыстальнікаў апублікаваў пост з фатаздымкам пясочнай формы і задаў пытаньне: “Што за форма такая? І ці ўсім будуць яе выдаваць?”, – замест адказу адміністрацыя супольнасьці апэратыўна выдаліла гэты пост.

Цікава, зь якой мэтаю ў верасьні расейскіх вайскоўцаў у Крыме пераапраналі ў форму, прызначаную для гарачага клімату, бо ўжо 20-га кастрычніка быў зьдзейсьнены пераход на зімовую форму вопраткі?

Паўстае яшчэ адное пытаньне: якія сакрэты мае начальнік Берагавых войскаў ЧФ РФ генэрал-маёр Аляксандар Острыкаў і ці не зьвязаныя яны з дадзенымі пра чарговы “груз 200 зь Сірыі ў Крым“? Нагадаем, што напрацягу апошніх двух тыдняў некалькі разоў былі агучаныя дадзеныя пра страты сьпярша 10-ці, а празь некаторы час, яшчэ 26-ці вайскоўцаў 810-й асобнай брыгады марской пяхоты ЧФ РФ, якая базуецца ў акупаваным Сэвастопалі.

Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Аляксандар Гвозьдзь

(с) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялу актыўная спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын

Exit mobile version