Вышэйшае вайскова-палітычнае кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі на афіцыйным узроўні працягвае не вызнаваць сваю датычнасьць да пачатку вайны на Усходзе Украіны. Але бясспрэчныя факты ўдзелу кадравых расейскіх вайскоўцаў і наяўнасьць сучасных адзінак узбраеньня й вайсковай тэхнікі на Данбасе стала насычаюць доказавую базу для будучага міжнароднага трыбуналу. Таксама сталая фіксацыя фактаў агрэсіўных дзеяньняў РФ дэманструе недапушчальнасьць скасаваньня санкцыяў, але наадварот – зьяўляецца сыгналам неабходнасьці іхнага ўзмацненьня дзеля прымушэньня агрэсара да замірэньня.
Запыт на «Фарпост»
Іранічныя хэштэгі #ихтамнет і #куплено_в_военторге даўно сталіся масавымі сацыяльнымі мемами, якія характарызуюць цынічную хлусьню Крамля пра недатычнасьць да паставак вайсковых злачынцаў і зброі на ўкраінскі Данбас. Але наяўнасьць на Усходзе Украіны расейскай вайсковай тэхнікі выклікае заклапочанасьць ня толькі міжнароднай грамадзкасьці, але й нешматлікіх расейскіх актывістаў, якія сьмела задаюць нязручныя пытаньні афіцыйным асобам Масквы. Адным з такіх актывістаў ёсьць Канстантын Селязьнёў, які літаральна «дастае» інстытуты ўлады РФ сваімі запытамі. Сам аўтар называе сваю барацьбу за праўду сьледчым экспэрымэнтам і дасьледаваньнем прававой сыстэмы Расеі. У шэрагу ягоных запытаў былі выкарыстаныя і матар’ялы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm, таму нам досыць цікавы ягоны досьвед зьдзяйсьненьня гэтага экспэрымэнту.
Большасць адказаў на ягоныя афіцыйныя запыты зьяўляюцца адпіскамі ў форме «гэта ня ёсьць сфэраю нашае кампэтэнцыі» або «па-за нашай юрысдыкцыяй». Ня стаўся выключэньнем і запыт з просьбаю праверыць законнасьць дзеяньняў асобаў, якія эксплюатуюць БПЛА «Фарпост», і іхнае садзейнічаньне тэрарыстычнай дзейнасьці на тэрыторыі Данбаса.
Нагадаем, што 20 траўня 2015 г. група спэцназу падразьдзяленьня палку “Дніпро-1” супольна з сілавікамі цэнтру спэцыяльных апэрацыяў зьбіла бесьпілётны лятальны апарат «Фарпост» з завадзкім нумарам 923. Расейскі бесьпілётнік зьдзяйсьняў выведку непадалёк населенага пункту Вадзяное. Менавіта праз наяўнасьць заводзкага нумару атрымалася выявіць, дзе ён выраблены, бо БПЛА з такім жа нумарам 923 у 2013 годзе быў зафіксаваны на тэрыторыі ААТ “Уральскі завод грамадзянскае авіяцыі” (падрабязна пра гэта чытайце ў расьледаваньні InformNapalm: «БПЛА «Фарпост» зьбіты на Данбасе: знойдзены сьлед расейскіх вайсковых частак»).
Нязграбныя адказы на “нязручныя пытаньні” ад Мінабароны РФ
Адказ начальніцы аддзелу працы з паведамленьнямі грамадзянаў МА РФ аб’яднанага стратэгічнага камандаваньня Паўднёвае вайсковае акругі Валерыі Палавінкінай на запыт Канстантына Селязьнёва пра БПЛА «Фарпост» выклікае адно што ўсмешку.
У афіцыйным лексыконе стратэгічнага камандаваньня Паўднёвае вайсковае акругі ЗС РФ зьявіўся новы выраз: «інфармацыйны ўкід СБУ з мэтай дыскрэдытацыі іміджу Расейскай Фэдэрацыі».
Паводле лёгікі Міністэрства абароны РФ, Служба бясьпекі Украіны зьдзесьніла цэлую спэцапэрацыю, падчас якой падкінула ў 2013 годзе на Уральскі завод бесьпілётнік «Фарпост», які затым быў зьбіты ў траўні 2015 году ўжо на ўкраінскім Данбасе.
Супольнасьць InformNapalm вярнулася да тэмы БПЛА «Фарпост» ня толькі праз запыт расейскага актывіста. Нядаўна тэма выкарыстаньня бесьпілётнікаў арміяй РФ у вайне на Усходзе Украіны разгарэлася з новай сілаю дзякуючы паведамленьню карыстальніка @slozhny у сацыяльным сеціве “Твітэр”. Былі атрыманы дадзеныя, што «Фарпост» быў апазнаны на абноўленых спадарожнікавых здымках Google Earth у жніўні 2014 году падчас вырашальных баёў за Саўр-Магілу. Каардынаты палёту БПЛА «Фарпост» 15 жніўня 2014 году 47°52’58.8″N 38°41’38.4″E.
Цікава, як вайсковае камандаваньне ПВА ЗС РФ гэтым разам пазначыць свой чарговы пракол?
Расея не вызнае прысутнасьць сваіх кадравых вайскоўцаў, сучасных адзінак узбраеньня й тэхнікі на тэрыторыі Данбаса, наяўнасьць забітых і палонных расейскіх жаўнераў у выніку баявых дзеяньняў ва Украіне, а таксама іншыя бясспрэчныя факты ўварваньня ў суседнюю краіну.
Расейская Фэдэрацыя, якая дагэтуль сур’ёзна не пакараная за анэксію Крыма і распальваньне вайны практычна ў цэнтры Эўропы, адчувае сваю беспакаранасьць і працягвае зьдзяйсьняць агрэсіўную палітыку паўзучай вайсковай інтэрвэнцыі, што вымагае неадкладных захадаў міжнароднае супольнасьці, узмацненьня санкцыйнага ціску і ажыцьцяўленьня неабходнай дапамогі Украінскаму народу дзеля абароны ягоных правоў і выкананьня гарантыяў тэрытарыяльнай цэласьці, замацаванай некалькімі міжнароднымі дамовамі.
Матар’ял да публікацыі падрыхтавала валянтэр міжнароднае супольнасьці InformNapalm Victory Krm.
На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
