InformNapalm.org (Беларуская)

Бронетэхніка 11-й інжынэрнай брыгады ЗС РФ у г. Сьнежнае Данецкае вобласьці Украіны

Новыя неабвержныя сьведчаньні ўварваньня расейскіх войскаў на тэрыторыю Украіны: тэхніка аднаго зь інжынэрных падразьдзяленьняў Паўднёвае вайсковае акругі ЗС РФ у г. Сьнежнае Данецкае вобласьці ўлетку 2014 году.

Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm атрымала ўнікальнае відэа, у выніку вывучэньня й аналізу якога ўдалося вызначыць, што БТР-80 з чырвонымі тактычнымі знакамі (ТЗ), зафіксаваныя ў Сьнежным улетку 2014 году, да канца 2013 – напачатку 2014 году былі штатнымі бронетранспартэрамі 11-й асобнай інжынэрнай брыгады (в/ч 45767, Каменск-Шахцінскі, Растоўская вобласьць, Паўднёвая вайсковая акруга).

Відэа №1

Кадры зь відэа

Дакладнае мейсца перасоўваньня калёны ў г. Сьнежнае: ля супэрмаркету «Фуршэт» (Выказваем шчырую падзяку блёгеру Askai за ідэнтыфікацыю мясцовасьці й тактычнага знаку 11-й ІБр ЗС РФ).

Відэа №2


Гэтае відэа было сьфільмаванае разам зь першым у адзін і той жа дзень. Дзеля пацьверджаньня гэтага мы параўналі некаторыя кадры з абодвух відэа, у якіх на адной і той жа тэхніцы фігуруюць адныя і тыя ж людзі. Таксама варта зьвярнуць увагу на форму адзеньня, экіпаваньне й выпраўку людзей на БТР – гэта відавочна не мясцовыя шахтары ў гумовых ботах і плястыкавых ахоўных касках.

Кадры зь відэа

Лякацыя, сьфільмаваная ў другім відэа, знаходзіцца крыху далей ад супэрмаркету «Фуршэт», а асноўная вайсковая тэхніка рухалася ў мейсца базаваньня расейскіх акупацыйных войскаў, якое знаходзіцца непадалёк.

Вернемся да тактычных знакаў 11-й асобнай інжынэрнай брыгады (ІБр) ЗС РФ, каб паказаць адную з адзінак тэхнікі, зафіксаванай у відэа, і якая раней знаходзілася на тэрыторыі в/ч 45767 у Каменск-Шахцінскім Растоўскае вобласьці.

Для параўнаньня ТЗ былі выкарыстаныя фота расейскага жаўнера, які праходзіў службу ў гэтай вайсковай частцы ў 2013 годзе.

Пададзеныя ніжэй фота, апублікаваныя ў прамежку часу зь сьнежня 2013 году па красавік 2014 году, цалкам мажліва, зробленыя ўлетку-ўвосень 2013 году. Фота з БТР-80 з чырвоным тактычным знакам было выкладзенае ў красавіку 2014 году, напрыканцы тэрміновай службы аўтара фотаматар’ялу.

У некалькіх фатаздымках, зробленых расейскім жаўнерам, зафіксаваны аўтапарк вайсковае тэхнікі.

Для аналізу й параўнаньня падаем два фатаздымкі разам.

Дакладныя каардынаты мейсцазнаходжаньня БТР-80 з нумарам «101», які знаходзіўся ўлетку-ўвосень 2013 году на тэрыторыі в/ч 45767 у Каменск-Шахцінскім.

Падчас дэталёвага вывучэньня й параўнаньня БТР-80 з бартавым №101, зафіксаванага ў фота з сацсетак з 2013 году і ў відэа з 2014 году, былі выяўленыя ўнікальныя адметнасьці – зварачныя швы з заводу вытворцы, а таксама дэфэкты, якія зьявіліся падчас эксплюатацыі. Перадусім гэта падрапіна на правым борце, збоку ніжняй пярэдняй частцы бронетранспартэру. Падкрэсьліваем, што гэтую падрапіну можна пабачыць у шматлікіх кадрах відэа, і гэта не дэфэкт відэаздымкі.

Ніжэй пазначаная гэтая падрапіна й мейсцы заводзкога зварачнага шву, якія можна досыць лёгка параўнаць.


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Відаль Сарокін  на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня валянтэраў міжнароднае супольнасьці InformNapalm.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.

 (CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Падзяліцеся публікацыяй у сацсеціве! Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version