InformNapalm.org (Беларуская)

Cувязісты 136-й брыгады ЗС РФ на Данбасе: сьпісы, дакуманты, загады (фота)

Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm працягвае сэрыю публікацыяў пра расейскіх вайскоўцаў з 136-й АМСБр (в/ч 63354, г. Буйнакск, Рэспубліка Дагестан), якіх камандаваньне 58-й арміі выправіла для вядзеньня баявых дзеяньняў супроць Украіны на Данбас. У гэтым матар’яле вядзецца пра выяўленьне й ідэнтыфікацыю сувязістаў 136-й брыгады.

Нагадаем, што інфармацыя, атрыманая з асабістай пошты начальніка штаба выведвальнага батальёну Дарашэнкі Алега Уладзімеравіча, была пададзеная валянтэрам InformNapalm хактывістамі Украінскага Кібэральянса (UkrainianCyberAlliance, UCA і «КібэрХунты»).

Адразу ж пасьля публікацыі першай часткі расьледаваньня, у якой была пададзеная інфармацыя пра ідэнтыфіканых танкістаў 136-й брыгады ЗС РФ, капітан Дарашэнка выдаліў свой профіль у сацыяльнай сетцы «VK». Гэтаксама зрабілі і некаторыя танкісты, асабістыя дадзеныя якіх InformNapalm падаў у адкрытым доступе ў выглядзе табліцы.

У гэтай публікацыі вядзецца пра вайскоўцаў батальёну сувязі, якія выконвалі задачы ў складзе групоўкі войскаў (сілаў) «Юг» (рас.) на тэрыторыі Растоўскае вобласьці ў 2014 годзе.

Прапануем вытрымку з загаду камандыра вайсковай часткі 63354 №177 з 30.07.2014 г.

Да ўхваленьня баявога загаду камандырам 58-й арміі РФ укамплектаваньне памежных вайсковых падразьдзяленьняў адбывалася паводле тэлеграмаў начальніка штаба вайсковай часткі 47084. Ніжэй маецца тыпавы загад камандыра вайсковай часткі 63354. Для сыстэматызацыі й аналізу былі выкарыстаныя дадзеныя дзясяткаў падобных загадаў.

Загад №217 з 11.09.2014 г.

Асабістыя дадзеныя вайскоўцаў з  складу батальёну сувязі, якія былі выпраўленыя ў камандыроўку з напрамкам Буйнакск – Папоўка (Растоўская вобласьць), пададзеныя ў выглядзе табліцы.

Падчас вывучэньня сацыяльных профіляў вайскоўцаў батальёну сувязі 136-й АМСБр ЗС РФ мы атрымалі доказы іхнага незаконнага знаходжаньня на тэрыторыі Украіны ўлетку – ўвосень 2014 году.

Напрыклад, малодшы сяржант Землянухін Уладзіслаў Віктаравіч (архіў профілю, фотальбому, кантактаў) выклаў сэрыю фатаздымкаў з расейска-ўкраінскае «камандыроўкі». Нумары й тактычныя знакі на тэхніцы залепленыя падручным спосабам – зямлёю.

  

Пра прыналежнасьць Уладзіслава Землянухіна да 136-й АМСБр ЗС РФ сьведчаць ягоныя фатаздымкамі, зробленыя на тэрыторыі вайсковай часткі, і мэдаль з асабістым подпісам камандыра 58-й арміі РФ А. Гурулёва.

 

Пра працягласьць камандыроўкі ва Украіне (тры месяцы) сьведчаць ніжэй пададзеныя камэнтары да фота (тут і далей пакідаем у арыгінале з захаваньнем артаграфіі):

Альбэрт Габасаў: когда дамой?

Уладзіслаў Землянухін: Альберт, как все закончится

Альбэрт Габасаў: Владислав, еще неизвестно чтоли?

Уладзіслаў Землянухін: “Бл@ мы тут третий месяц уже п@здец что поведали

На 1 кастрычніка 2014 году гэта акурат адпавядае тром месяцам камандыраваньня паводле загаду ў Растоўскую вобласьць з 28.07.2014 г.

Згадваюцца ў ліставаньні і іншыя вайскоўцы з пададзенага сьпісу сувязістаў: камандыр узводу кіраваньня Шмялёў Юры Мікалаевіч і кіроўца-электрык радыёстанцыі (Р-166-05) Балаеў Арцём Ігаравіч:

Альбэрт Габасаў: Владислав, как там Балаев и Шмелев поживают? привет передавай!

Нягледзячы на тое, што Землянухін паводле загаду быў накіраваны ў Растоўскую вобласьць як начальнік радыёстанцыі (Р-149 АКШ-2), у фатаздымках ён пазуе на тле расейскай мабільнай радыёстанцыі Р-166-0,5 «Артэк» (фота 1, 2, 3, 4).

Расейская радыёстанцыя Р-166-0,5 «Артэк» на шасі К1Ш1 маецца ва ўзбраеньні расейскай арміі з 2005 году, яе актыўна пачалі пастаўляць у Збройныя сілы з 2011 году. Узровень – не ніжэй за полк/брыгаду.

Гэтую вайсковую тэхніку расейска-тэрарыстычныя войскі выкарыстоўвалі ў баёх пад Дэбальцава ўзімку 2015 года, яна згаданая ў базе дадзеных супольнасьці InformNapalm. Сталая спасылка на базу: bit.ly/RuWeaponryDonbas.

Зазначым, што фота з радыёстанцыяй было зробленае ў Луганску на вуліцы Даля, 27, згодна з таблічкай – на тэрыторыі «Укртэлекома». Побач знаходзіцца ПТВ №7, якое мае адрэсу: вул. Шарамета, 7.

Як было зазначанае вышэй, нумар тэхнікі замазаны зямлёю, аднак нягледзячы на бруд можна апазнаць тактычны знак 136-й АМСБр – квадрат, у сярэдзіне якога паводле дыяганалі знаходзяцца два зафарбаваныя квадраты. Дадаткова ў камэнтарох радыётэлефаніст аддзяленьня (пераносных сродкаў сувязі) узводу сувязі Антон Мурашкін заўважыў нясьцерты надпіс на мачце мабільнага сродкі сувязі (МСС).

 

Землянухін так моцна ўпадабаў шаўрон 2-га армейскага корпусу Расеі «ЛНР», што нават пасьля вяртаньня ў пункт сталай дысьлякацыі яшчэ доўга фарсіў зь ім у сваёй частцы.

Апроч гэтага, у фотаальбоме Землянухіна маюцца фатаздымкі, зробленыя на тэрыторыі зборнага пункту Луганскага абласнога ваенкамата, на якой знаходзілася бандфармаваньне «Заря» (рас.) і на якой былі зафіксаваныя сродкі спэцсувязі Р-441 “Лівень. Зазначым, што гэтую тэхніку паводле дадзеных сьпісавага складу таксама выкарыстоўвае 136-я АМСБр. У некаторых фатаздымках можна пабачыць частку блакітнага будынку базы бандфармаваньня «Заря» (рас.).

 

У фотаальбоме таксама ёсць здымкі на тле будынку з процілеглага боку пляцу зборнага пункту й фатаздымкі ў будынку стацыянара Луганскага анкалягічнага дыспансэра, які знаходзіцца побач.

 

Параўнаем фота наступстваў абстрэлу будынку анкадыспансэра ўлетку 2014 году з фатаздымкамі (1, 2, 3), выкладзенымі ў фотаальбоме расейскага сувязіста Землянухіна.

Дысьлякаваньне на ​​тэрыторыі школаў, шпіталёў і іншых сацыяльных аб’ектаў – ёсьць чарговым яскравым прыкладам застасаваньня тактыкі тэрарыстаў расейскімі вайскоўцамі на Данбасе.

У першай публікацыі, прысьвечанай камандыроўкам вайскоўцаў 136-й АМСБр з Буйнакска ва Украіну ўлетку 2014 году, было зазначанае, што нашыя ранейшыя OSINT-расьледаваньні дадаткова пацьверджаныя атрыманымі дадзенымі афіцыйных загадаў што да вайсковай часткі. А ў гэтым расьледаваньні менавіта інфармацыя з загадаў дапамагла ідэнтыфікаваць мейсца дысьлякацыі буйнакскіх сувязістаў ў Луганску на працягу трох месяцаў улетку – ўвосень 2014 году.

 


Матар’ял падрыхтавалі Victory Krm і Міхаіл Кузьняцоў адмыслова для міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

«Цемру адолее полымя / Ignis vincit tenebris» – крэда InformNapalm.

Exit mobile version