InformNapalm.org (Беларуская)

“Данецкі корпус” расейскай арміі. Маскі сарваныя

Падчас працяглага OSINT-расьледаваньня, якое зьдзесьніла каманда InformNapalm, было выяўленае дакладнае знаходжаньне супольнага лягеру расейскіх жаўнераў з 138-й АМСБр (в/ч 02511, Каменка, Ленінградзкая вобл.) Заходняе вайсковае акругі (ЗВА) і жаўнераў з зэнітна-ракетнага падразьдзяленьня з складу 20-й АМСБр (в/ч 22220, Валгаград) Паўднёвае вайсковае акругі (ПВА), пра які мы паведамлялі раней.

Праз аналіз некалькіх сотняў профіляў расейскіх жаўнераў, атрымалася вызначыць, што гэтыя падразьдзяленьні, як мінімум, зь лета 2014 году стала знаходзяцца ля мяжы з Украінай, таксама выконваюць баявыя задачы на ​​тэрыторыі акупаванага Данбаса. Выкананьне баявых задачаў адбываецца ў форме так званага “апалчэньня” з шаўронамі падразьдзяленьняў “ДНР/ЛНР” або “Наваросіі”.

Знаходжаньне лягеру.

Да сярэдзіны жніўня 2014 году буйны лягер знаходзіўся ў раёне н.п. Куйбышава (Растоўскае вобласьці, РФ) з рознай тэхнікай, узбраеньнем, боепрыпасамі і нават з добра абсталяванай  пляцоўкай для гэлікоптэраў. Усё гэта можна пабачыць на Google.Мапах з 15.08.2014 г.

І вось на Google.Мапах з 14.09.2014 г. можна пабачыць,  што буйны лягер стаў практычна цалкам пусты.

Праз аналіз мапаў вакол вёскі Куйбышава і параўнаньня з дадзенымі з профіляў расейскіх жаўнераў было вызначана, што буйны лагер быў падзелены на некалькі больш дробных. Сувязісты і СПА былі разьмешчаныя на вышыні, гэта акурат жаўнеры з 138-й АМСБр і 20-й АМСБр, пра што сьведчаць фатаздымкі, якія маюцца ніжэй у артыкуле. А вось лягер з боепрыпасамі, пра які паведамлялася раней, крыху ніжэй у перасечанай мясцовасьці ў яры і г.д. Гэта ня ўсе лягеры ў гэтым раёне, але яны адныя з асноўных ля вёскі Куйбышава.

Актуальнае мейсцазнаходжаньне лягеру расейскіх жаўнераў з 138-й АМСБр і 20-й АМСБр на Google.Мапы і Яндэкс.Мапы

 


Сувязь і прыналежнасьць да гэтага лягеру усіх пабачаных далей расейскіх жаўнераў у артыкуле лёгка можна прасачыць паводле фатаздымкаў (дзеля гэтага асноўныя асобы падпісаныя), дзе жаўнеры пазуюць разам або ў розных мейсцах лягеру: ля вадаёму, які знаходзіцца побач з лягерам, у вёсцы Куйбышава, а некаторыя з прадстаўленых расейскіх жаўнераў нават адзначаныя на тэрыторыі Украіны на акупаваным Данбасе.

Зараз па парадку прадставім асноўныя доказы.

У сувязіста Ванькі Падарожнага з 138-й АМСБр на зімовых фота мы назіраем цікавую вайсковую тэхніку: радыёлякацыйная станцыя “Каста” і на заднім пляне яшчэ 3 адз. ЗРК “Тор”.

Нагадаем, што ў студзені 2015 году ў Шахтарску (Украіна) быў заўважаны ЗРК “Тор”, а гэта акурат  з боку н.п.Куйбышава.

Вясновае фота з ЗРК “Тор” Аляксандра Акаванцава з гэтага лягеру.

Таксама Руслан Ізбаеў пазуе на тле ЗРК “Тор”. Калі вы не заўважылі, то зьвярніце ўвагу, што расейскі жаўнер ужо з шаўронамі  “ДНР” і “Наваросіі”. Цалкам мажліва, мейсца здымкі жаўнера яшчэ ў лягеры ля вёскі Куйбышава перад чарговай баявой “камандыроўкай” на ўкраінскі Данбас. Зазначым, што расейскі жаўнер – Руслан Ізбаеў яшчэ неаднаразова засьвеціцца з падобнымі шаўронамі.

 

Дзякуючы іншаму расейскаму вайскоўцу Аляксандру Кокшыну мы бачым, што з адной часткі лягеру можна пабачыць вадаём, які знаходзіцца непадалёк, мейсца на мапе. Праз фатаздымкі тамака будуць адзначаныя шмат іншых расейскіх вайскоўцаў, але нам цікавыя Руслан Ізбаеў ды Улад Садаўнічы.

  

Далей усе ключавыя фатаздымкі, якія маюць сувязь з вайскоўцамі зь лягеру:

                  

Шматлікія расейскія жаўнеры з гэтага лягеру рабілі фатаздымкі ля помніка ў вёсцы Куйбышава (фота на Рanoramio), вось некаторыя зь іх:

* Аляксей Арцюшын, які ўжо быў заўважаны і інфармацыя пра якога была пададзеная ў артыкуле ў сакавіку гэтага года. Зьвярніце ўвагу, што ў тым артыкуле Арцюшын на першым фота ў форме “горка” (прынята лічыць, што гэта форма “апалчэнцаў ДНР”) і побач зь ім яшчэ адзін расейскі жаўнер у гэтай жа форме і з шаўронам “Наваросія”.

* Улад Садаўнічы – расейскі жаўнер, заўважаны ў форме “апалчэнцаў ДНР” і з шаўронамі “ДНР”, “Наваросія”, фота ніжэй.

 

Выявілася, што ля гэтага лягеру ёсьць невялікая пляцоўка для гэлікоптэраў, праўда яна ня гэтак добра абсталяваная, як пляцоўка пра якую йшла гаворка напачатку артыкулу. Вось яна.

Фота з украінскага Данбаса.

Ванёк Падарожны – зорка артыкулу, расейскі жаўнер з 138-й АМСБр, які прадаставіў нам цікавыя фатаздымкі.
Фота на тле вайсковага Камаза з нумарамі “ДК 3106”, што кажа пра ягоную прыналежнасьць да “Данецкага корпуса”, то бок “ДНР” і з шаўронамі “ДНР”.

              


Варта зазначыць, што Камаз з нумарамі ДК 3106 мае прыналежнасьць да падразьдзяленьня СПА “ДНР”. Пра гэта кажа фота тэхнікі ў падворку СТА “КомАвто”, што знаходзіцца па адрэсе: г.Данецк, вул. Сечанава, 7 – аўтамабілі з нумарамі “ДК 3111”, “ДК 3109” з нанесенымі тактычнымі знакамі на дзьверы – квадрат з стрэлкай у сярэдзіне.

 

На вуліцы Сечанава раней быў заўважаны рух ЗРК “Страла-10” з нанесеным тактычным знакам “квадрат з стрэлкай” у раёне крамы “Данецкрыба”.

(https://www.youtube.com/watch?v=GwDdqh761fI).

 


Мы маем факт таго як лёгка расейскі жаўнер ператвараецца ў “апалчэнца”, як расійскія жаўнеры лёгка перасоўваюцца па тэрыторыі РФ з шаўронамі так званага “апалчэньня Наваросіі” (“ЛНР”, “ДНР”), як расейская вайсковая тэхніка з нумарамі “ДК” свабодна без суправаджэньня перасоўваецца ў РФ і гэтую тэхніку ніхто з ворганаў правапарадку не спыняе і нават не ўзьнікае аніякіх пытаньняў да гэтых жаўнераў з боку ўладаў Расеі і іх не затрымліваюць ворганы правапарадку. Чаму?

Ды таму, што “ДК” – гэта Данецкі корпус расейскай арміі і, адпаведна, “ЛК” – гэта Луганскі корпус расейскай арміі, усё кропка, і ўся рыторыка пра “апалчэньне” пад рознымі назвамі “ДНР”, “ЛНР” і г. д, проста фікцыя, разлічаная на “ня буду казаць услых” і на бясконцы выраз занепакоенасьці…

Матар’ял падрыхтавалі @BuTaJIu4eK, krmvictory, Іраклі Камахідзэ і каманда InformNapalm,

падчас перадруку і выкарыстаньня матар’ялу спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Пераклад Дзяніса Івашына

RU: “Донецкий корпус” российской армии. Маски сорваны

Exit mobile version