15 дэпутатаў Вярхоўнае Рады зьвярнуліся да Міністра замежных справаў Украіны Паўла Клімкіна з просьбаю запатрабаваць Расейскаю Фэдэрацыю вызваліць татарскага мэцэната і грамадзкага дзеяча Рафіса Кашапава.
“Сваім зваротам мы імкнемся выказаць падтрымку ня толькі Рафісу Кашапаву, але й усім дзеячам татарскага нацыянальна-вызвольнага руху, якіх перасьледуюць на іхнай радзіме – у Татарстане. Нягледзячы на тое, што на рэферэндуме 1992 году народ Татарстана выказаўся за абвешчаньне дзяржаўнага сувэрэнітэту рэспублікі, Расейская Фэдэрацыя працягвае наступ на палітычныя і нацыянальныя правы волжскіх татараў. Сьпярша быў абмежаваны сувэрэнітэт рэспублікі, ліквідаваныя татарскія палітычныя партыі і незалежныя СМІ, цяпер Масква разпачала тэрор супроць лідэраў нацыянальна-вызвольнага руху. Перасьлед Рафіса Кашапава, Фаўзіі Байрамавай, Айдара Халіма і іншых нацыянальных татарскіх дзеячаў сьведчаць пра тое, што волжскія татары ня толькі пазбаўленыя права на самавызначэньне, але й права на свабоду думкі і права на выказваньне”, – сказаў ініцыятар звароту, народны дэпутат Украіны Ігар Луцэнка.
Рафіс Кашапаў зьяўляецца адным з лідэраў татарскага нацыянальна-вызвольнага руху. Ён вядомы ня толькі сваёй барацьбой за пашырэньне сувэрэнітэту Татарстана, але й публічнай падтрымкай недатыкальнасці ўкраінскіх межаў, праз што ён і быў пазбаўлены свабоды ў сьнежні 2014 году. Пратэстуючы супроць свавольства судовай сыстэмы і палітычных перасьледаў, Кашапаў двойчы аб’яўляў галадоўку. Шэраг міжнародных праваабарончых арганізацыяў, у прыватнасьці Amnesty International, вызналі Кашапова вязьнем сумленьня і запатрабавалі яго неадкладнага вызваленьня.
Падрыхтавана татарскай рэдакцыяй InformNapalm.org

