- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Допыт выведніка з батальёну спэцназа ЛНР “Лясун”

ФСБ пакідае сэпаратыстаў-падкідышаў (ВІДЭА)

2 траўня на мытным пункце пропуску “Мялавое” (Мялаўскі раён, Луганская вобл.) Фэдэральная Служба Бясьпекі РФ перадала ўкраінскім памежнікам баявіка батальёну спэцыяльнага прызначэньня ЛНР “Лясун” (рас. “Леший”) грамадзяніна Украіны Тарасенкава Міхаіла Уладзімеравіча, 05.09.1971 г.н. Гэты чалавек праходзіў службу ў незаконных збройных фармаваньнях ЛНР у якасьці выведніка-гранатамётчыка.

Год таму Тарасенкаў запісаў відэазварот да грамадзянаў Украіны, у якім прыніжаў украінскіх вайскоўцаў і абяцаў ім фізычную расправу.

Са жніўня 2014 году, у якасьці прадстаўніка фонду І.Стралкова, гэты баявік суправаджаў пастаўкі “гуманітарных грузаў” з тэрыторыі РФ на часова акупаваную тэрыторыю Луганскае вобласьці.

Падчас зьдзяйсьненьня чарговай пастаўкі, прадстаўнікі мытных ворганаў РФ адмовілі М.Тарасенкаву ў перасячэньні ўкраінска-расейскай мяжы да асобнага распараджэньня, але не цярплівы баявік  вырашыў перасекчы дзяржаўную мяжу па-за пунктам пропуску і быў затрыманы прадстаўнікамі казацкіх бандфармаваньняў у раёне Ровенькаў.

Пасьля затрыманьня, М.Тарасенкаў быў перададзены баявікам гэтак званых «МВС ЛНР» і «МГБ ЛНР», якія, у сваю чаргу, перадалі яго прадстаўнікам памежных войскаў ФСБ РФ.

02.05.2015 году супрацоўнікі ФСБ РФ, пасля зьдзяйсьненьня сьледчых дзеяньняў, перадалі М.Тарасенкава на ПП “Мелавое” украінскім памежнікам.

У адносінах да затрыманага распачатая крымінальная справа паводле арт. 204-1, 260 КК Украіны.

Чаму гэтага сэпаратыста здалі ФСБ ягоныя ж паплечнікі з ЛНР, а пазьней ён быў перададзены украінскім сілавікам, глядзіце ў відэа допыту:

Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для InformNapalm [1],  пры перадруку і выкарыстанні матэрыялу спасылка на наш праект абавязковая.

Пераклад Дзяніса Івашына [2]