InformNapalm.org (Беларуская)

Дынастыя расейскіх вайсковых злачынцаў 2: Давыдавы

Падставаю шматлікіх публікацыяў міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm зьяўляюцца здабытыя нашымі OSINT-дасьледнікамі дадзеныя пра баявыя дзяржаўныя й ведамасныя ўзнагароды Расейскай Фэдэрацыі, атрыманыя расейскімі вайскоўцамі за ўдзел у таемных войнах, якія крамлёўскі рэжым вядзе ва Украіне і ў Сірыі. За ўвесь час нашай дзейнасьці былі ідэнтыфікаваныя ўжо больш за 50 такіх узнагароджаных. У большасьці выпадкаў мы падаем ня толькі прозьвішчы вайскоўцаў, але й копіі ўзнагародных пасьведчаньняў з нумарамі і датамі указаў (загадаў), а таксама робім абгрунтаваныя здагадкі пра тое, за якія заслугі былі атрыманыя гэтыя ордэны і мэдалі.

Прадмова

Згодна з нашай статыстыкай вялікая частка ўзнагароджаных зьяўляюцца вайскоўцамі сумнавядомай 291-й артылерыйскай брыгады (в/ч 64670, Інгушэтыя, станіца Троіцкая, у складзе 58-й агульнавайсковай арміі ПВА ЗС РФ), якая пасьпела праявіць сябе, як у неабвешчанай вайне супроць Украіны, гэтак і ў наземнай апэрацыі ў Сірыі. Юбілейны “засьвет” 291-й артылерыйскай брыгады ЗС РФ на Данбасе, дванаццаты паводле ліку, InformNapalm асьвятляў у чэрвені 2016 году.

Нагадваем, што напрыканцы сьнежня 2015 году выведнікі нашае супольнасьці выявілі групу вайскоўцаў 291-й артылерыйскай брыгады, якія «выконвалі інтэрнацыянальны абавязак» у Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы, гл. «Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі» (некаторыя фігуранты матар’ялу былі зафіксаваныя і ў «ўкраінскіх камандыроўках»). Праўда, пасьля гэтай публікацыі сьляды большасьці зь іх зьніклі – старонкі расейскіх вайскоўцаў былі выдаленыя расейскай цэнзурай – а з тых, што засталіся, прыбралі фотасьведчаньні, якія маюць дачыненьне да камандыроўкі на Блізкі Усход, бо паводле запэўненьняў Масквы -«ихтамнет».

Аднак, пэўна, расейскія ваякі маюць надта кепскую памяць, бо празь некалькі месяцаў тры фігуранты пазначанага расьледаваньня пахваліліся ў сацсетках ўзнагароднымі дакумантамі і мэдалямі, якія яны атрымалі ў выніку сірыйскай камандыроўкі на падставе ўказу прэзыдэнта РФ з 8 сьнежня 2015 г., гл. «Сірыйскія дывідэнды вайскоўцаў 291-й артбрыгады ЗС РФ». І паноўна пасьля нашай публікацыі і ўмяшальніцтва расейскай цэнзуры фота ўзнагародаў адважных ваякаў «русcкого мира» зьніклі. Мабыць, пасьля рэкорднага дванаццатага засьвета камандаваньне 291-й артылерыйскай брыгады зазнала сур’ёзную прачуханку ня толькі ад штабу акругі, але й ад Масквы. Сярод вайскоўцаў была праведзеная выхаваўча-прафіляктычная праца і жорсткі інструктаж: у сацсетках не піярыцца! Але гэтых захадаў відавочна недастаткова – зараз “зампаліты” і “асабісты” гэтай часткі будуць вымушаныя праводзіць выхаваўчую працу яшчэ і сярод бацькоў вайскоўцаў.

Арзуманяны-Давыдавы

Пад увагу нашых экспэртаў патрапіў вайсковец 291-й артылерыйскай брыгады нейкі Альбэрт Арзуманян-Давыдаў, 28.01.1999 г.н. (архіў профілю, фотальбомаў, кантактаў). На першы погляд малодшы сяржант в/ч 64670 мае звычайны профіль без намёкаў на ўкраінскую або сірыйскую «камандыроўку». Адзінае, што насьцярожвае – гэта фота з двума мэдалямі безь якіх-кольвек узнагародных дакумантаў і камэнтароў – выкладзенае ў фотаальбоме «Захаваныя фатаздымкі» 25 ліпеня 2016 г. У ім зафіксаваная мэдаль Суворава і мэдаль «За службу на Паўночным Каўказе». Апроч гэтага ў профілі маецца супольнае фота з таварышам у службе і земляком Дарзянам, фігурантам №2 з групы 29 вайскоўцаў 291-й артбрыгады ЗС РФ, адкамандыраваных ў Сірыю.

Трэба зазначыць, што аматараў пахваліцца чужымі ўзнагародамі сярод тых, хто служыць у Паўднёвай усходняй акрузе хапае, таму гаспадар старонкі можа і не быць уладальнікам узнагароды. Падчас больш паглыбленага вывучэньня профілю Альберта былі знойдзеныя досыць цікавыя дэталі. Сярод кантактаў вайскоўца быў выяўлены Армэн Давыдаў (профіль 1, 2) – ягоны бацька, на старонках якога ў сацсетках «VK» і «ОК» і быў выяўлены фатаздымак узнагароднага пасьведчаньня да мэдалю Суворава №44112, выдадзенага Давыдаву Альбэрту Армэнавічу на падставе ўказу прэзыдэнта РФ з 15 сакавіка 2016 г.

Армэн Давыдаў ня толькі “засьвяціў” узнагароду свайго сына, дык яшчэ і падставіў яго праз сэрыю фатаздымкаў, выкладзеных у сьнежні 2015 году. У гэтых фота Альбэрт зафіксаваны перад адпраўленьнем у сірыйскую камандыроўку ў летняй форме пясочнага колеру, якую расейскія вайскоўцы выкарыстоўваюць у Сірыі.

Здагадку пра тое, што гэта менавіта адпраўленьне, але не прыбыцьцё, пацьверджвае некалькі азнакаў. Па-першае, навюткая форма, па-другое, той факт, што Альбэрт Давыдаў не ўваходзіў у групу 29 артылерыстаў, якія былі ідэнтыфікаваныя ў сьнежні 2015 году, а па-трэйцяе – дата ўзнагароджаньня. Першая партыя артылерыстаў 291-й брыгады знаходзілася ў Сірыі зь верасьня па лістапад (або пачатак сьнежня) 2015 году, што ўскосна пацьверджвае адзіны указ пра іхнае ўзнагароджаньне з 8 сьнежня 2015 г. Адпаведна, сірыйская камандыроўка Давыдава-малодшага пачалася напрыканцы 2015 году і скончылася напачатку сакавіка 2016 году – пра гэта сьведчыць дата ўказу што да ягонай узнагароды – сакавік 2016-га, а таксама сэрыя фатаздымкаў з фотальбому бацькі Альбэрта, у якіх Давыдаў-малодшы пазуе на тле характэрнага для Сірыі краявіду з неапазнанымі (пакуль) вайскоўцамі ЗС РФ.

У гэтым расьледаваньні пэўны інтарэс выклікае ня толькі сын Альбэрт, але й бацька Армэн, які жыве ў г. Мінэральныя Воды Стаўрапальскага краю, – пэдагог дадатковае адукацыі (пачатковая вайсковая падрыхтоўка), маёр Унутраных войскаў у адстаўцы, удзельнік карных апэрацыяў пуцінскага рэжыму на Паўночным Каўказе, ахвярамі якіх сталіся дзясяткі тысячаў чачэнцаў, дагестанцаў і інгушоў.

 

Давыдаў не адзіны вайсковец 291-й артбрыгады, які атрымаў дзяржаўную ўзнагароду ад вярхоўнага галоўнакамандуючага ў сакавіку 2016 году. Таксама выяўлены нейкі Саўчук Мікалай Міхайлавіч (архіў на профіль, фотаальбом, кантакты) зь сяла Каргасок Томскае вобласьці, які 3 чэрвеня ў сваім профілі пахваліўся мэдалём Жукава №1839, які атрымаў паводле ўказу Пуціна з 16 сакавiка 2016 г. за, меркавана, камандыроўку ў Сірыю.

 

Рэзюмэ

Нагадваем, што Давыдавы ня першая дынастыя расейскіх вайсковых злачынцаў, якую выявілі валянтэры InformNapalm. Напрыканцы ліпеня 2016 году мы апублікавалі матар’ял пра бацьку й сына Штандзенкаў, гл. «Дынастыя расейскіх вайсковых злачынцаў. Біяграфія акупанту».

291-я артылерыйская брыгада неаднойчы фігуравала ў публікацыях InformNapalm, з улікам гэтага матар’ялу гэта ўжо трынаццатая згадка:


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня валянтэраў міжнароднае супольнасьці InformNapalm.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.

 (CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version