InformNapalm.org (Беларуская)

Дзе Служба зьнешняй выведкі РФ хавае “Навічок”: валянтэры дасьледзілі мапу аб’ектаў

Сусьветныя СМІ працягваюць публікаваць вэрсіі пра мажлівае мейсца вытворчасьці й захоўваньня нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок», які выкарыстоўвалі падчас атручваньня колішняга супрацоўніка ГРУ ГШ ЗС РФ Сяргея Скрыпаля й ягонай дачкі Юліі ў брытанскім горадзе Солсбэры.

Характэрнай асаблівасьцю ўсіх сэнсацыйных публікацыяў пра мейсцы базаваньня лябараторыі, у якой выраблялі «Навічок» у РФ, зьяўляецца непазначаныя крыніцы з брытанскае выведкі й спэцслужбаў. Усе гэтыя заявы ў СМІ, безумоўна, цікавыя і маюць права быць зробленыя, але міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm імкнецца да максымальнае адкрытасьці падчас наданьня доказаў і фактаў, таму падаем уласныя здагадкі, падмацаваныя назіраньнямі OSINT-экспэртаў нашае каманды.

Што вядома з СМІ

5 красавіка брытанскае выданьне The Sun з спасылкаю на ўласныя крыніцы ў якасьці  мажлівага мейсца вытворчасьці атрутнага рэчыва «Навічок» пазначыла сакрэтную лябараторыю Службы зьнешняй выведкі (СЗВ) у маскоўскім раёне Ясенева.

Наступнага дня, 6 красавіка, брытанскае выданьне The Times назвала ўжо зусім іншае мейсца – вайсковую дасьледніцкую базу ў закрытым горадзе Шыханы Саратаўскае вобласьці РФ.

Было цікава назіраць, як рэагуе на гэта расейскі бок, найбольш зачэпак для нашага расьледаваньня надаў тэлеканал НТВ (архіў).

Зьвярніце ўвагу на гэтыя дэталі:

«Гэтая лябараторыя не ўваходзіла да спэктру нашае працы. Усе базы, дзе захоўвалася хімічнае ўзбраеньне, вядомыя, Шыханы да іх не належыць»;

«Шыханы – муніцыпальнае ўтварэньне, якое ўваходзіць у Балакоўскі раён Саратаўскае вобласьці, гэта мая выбарчая акруга. Апошняга разу чулі пра вайсковыя Шыханы тады, калі Расея пачала працэс зьнішчэньня хімічнага ўзбраеньня, гэта было гадоў 20 таму. У маёй акрузе ніколі не захоўвалася хімічная зброя».

«…Так, сакрэтная лябараторыя зь Ясенева пераехала… ў Саратаўскую вобласьць, а менавіта – ў горад Шыханы. Цікава, што абедзьве газэты – брытанскія, і абедзьве спасылаюцца на крыніцы ў брытанскіх спэцслужбах. Атрымліваецца, што ці то таблоіды працуюць зь нейкімі рознымі спэцслужбамі, ці то ў брытанскай выведцы няма адзінага меркаваньня пра мейсцазнаходжаньне «расейскага Портан-Даўна».

Гэта звычайны прыём расейскае прапаганды: калі злапалі за руку й блізкія да выкрыцьця – заблытваць сьляды альтэрнатыўнымі вэрсіямі. І менавіта першая вэрсія, на нашую думку, была больш слушнай. Менавіта ад яе хочуць адцягнуць нашую ўвагу. Гэта мы зразумелі пазьней і растлумачым гэтыя гіпотэзы далей у OSINT-расьледаваньні.

Дзе й чаму трэба шукаць лябараторыю «Навічка» – вэрсія InformNapalm

Вэрсію The Times мы выключылі праз тое, што белы шум у СМІ вакол яе ўзьнялі невыпадкова:

Наяўнасьць усіх гэтых пунктаў, вядома, не выключае, але ставіць пад сумнеў мэтазгоднасьць разьмяшчэньня лябараторыі на гэтым аб’екце. Апроч гэтага, распрацоўнік атрутнага рэчыва (АР) – гэта толькі вызначэньне вытворчага цыклю вырабу. І ня выключанае, што ў Шыханах калісьці маглі таксама распрацоўваць гэтую тэхналягічную мапу (інструкцыю), але для дывэрсійных і тэрарыстычных апэрацыяў за мяжою немэтазгодна зьдзяйсьняць распрацоўку ў вялікай лябараторнай базе, якая вырабляе АР на тэрыторыі Мінабароны РФ. Для дывэрсійных задачаў патрэбныя вельмі невялікія аб’ёмы АР – некалькі грамаў, і мейсца вытворчасьці мае быць строга засакрэчанае. Тэхналягічную мапу таксама могуць перадаваць на любое прадпрыемства, якое мае вытворчую базу для вытворчасьці падобнай прадукцыі.

Таму зрабіць «Навічок» маглі ў любым закрытым ад праверак і непажаданых сьведкаў мейсцы па ўсёй Расеі, а дзе менавіта шукаць гэтае мейсца – паказаў таблоід The ​​Sun. Толькі з хібнасьцю ў геаграфіі. InformNapalm вырашыў праверыць першую вэрсію і знайсьці дадатковыя пацьверджаньні або абвяржэньні гэтае тэорыі.

Служба зьнешняй выведкі й іншыя зачэпкі

Такім чынам, The Sun першым апублікаваў дадзеныя пра хімічную лябараторыю ў маскоўскім раёне Ясенева. Дзе канкрэтна знаходзіцца гэты аб’ект, не паведамілі, але сказалі, што ён падпарадкаваны Службе зьнешняй выведкі (рас. – СВР) Расейскай Фэдэрацыі. Валянтэры InformNapalm зьдзейсьнілі маніторынг мапаў мясцовасьці й зрабілі выснову, што ў самім Ясеневе падобных аб’ектаў няма. Але поруч зь Ясеневам ёсьць сельскае паселішча Сосенскае, дзе на тэрыторыі Бутаўскага лесапарку дысьлякуецца в/ч 36606 – аб’ект СЗВ (каардынаты).


Гэта вялікая паводле плошчы й з добрай аховай тэрыторыя комплексу Службы зьнешняй выведкі РФ. Мы мяркуем, што менавіта тут можа знаходзіцца лябараторыя для вырабу  атрутных рэчываў. Згодна з спадарожнікавымі мапамі, наяўнасьць на тэрыторыі мейсца для складаваньня выцягнутага грунту дазваляе зрабіць здагадку, што побач было арганізаванае падземнае будаўніцтва, пра якое гаворка пойдзе далей. Аб’ём выцягнутага грунту вялікі. На працягу апошніх гадоў таксама будавалі новыя наземныя аб’екты. Параўнальна нядаўна там скончылі мантаж вадзяной сыстэмы ахалоджаньня для новага буйнога спэцыялізаванага аб’екту для сэрвэрнага й сеціўнага абсталяваньня (цэнта апрацоўкі дадзеных).

Атрута для шпегаў

Дарэчы, унікальнае фота аб’екту СЗВ, зробленае ў 2016 годзе, можна знайсьці ў блёгу (архіў).

Блёгер, які пралятаў над аб’ектам на гэлікоптары, канстатуе:

«Найсакрэтнае мейсца Масквы. Штаб-кватэра Службы зьнешняй выведкі. Зь зямлі яго не пабачыш, усё аточанае шчыльным плотам і непраходным лесам. А тут вунь якая цікавая архітэктура. СЗВ пашыраецца й расьце, на тэрыторыі адбываецца будаўніцтва двух вялікіх будынкаў. Паркоўка для супрацоўнікаў. Я й не ведаў, што маем столькі выведнікаў».

Высновы

Лябараторыя ў вытворчасьці нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок» можа быць у якім-кольвек мейсцы РФ, але па сьлядох у адкрытых крыніцах, а таксама паводле рэакцыі прадстаўнікоў Расеі можна выказаць здагадку, што першая вэрсія брытанскага таблоіду The Sun можа быць самай блізкай да разгадкі. Вядома, мы ня можам сьцьвярджаць дакладна й нашыя здагадкі грунтуюцца на ўскосных азнаках. Але мэта публікацыі гэтага расьледаваньня – зрабіць ключавыя пытаньні, адказ на якія мы, мажліва, даведаемся ўжо неўзабаве.

«Нават узмах крыла матыля можа выклікаць тайфун на іншым канцы сьвету» ​​(Тэорыя Хаосу).


Матар’ял да публікацыі падрыхтавалі Кузьма Тутаў і Андрэй Лісіцын адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Exit mobile version