InformNapalm.org (Беларуская)

FactChecking: раскрыцьцё фэйкаў і дэзынфармацыі расейскай прапаганды

Апошнім часам у глябальным сеціве Інтэрнэт шматлікія сродкі масавай інфармацыі, афіляваныя з расейскімі структурамі інфармацыйна-псыхалягічнага ўзьдзеяньня, павялічылі ўзровень распаўсюду вялікага масыву дэзынфармацыі што да Збройных Сілаў Украіны і вайскова-палітычнага кіраўніцтва ўкраінскае дзяржавы. Спажыўцам прадукцыі любых інфармацыйных рэсурсаў вельмі важна трэнаваць уласнае крытычнае мысьленьне, умець хутка знаходзіць доказы з дапамогаю пошукавых сыстэмаў, адмысловых базаў дадзеных і разнастайных анлайн-сэрвісаў. У гэтым матар’яле падаем прыклады зьдзяйсьненьня падобнага апэратыўнага факт-чэкінга й належнае вэрыфікацыі атрыманых дадзеных, а таксама раскрываем мэханізмы стварэньня фэйкаў расейскай вайсковай прапагандай.

“Вызваленьне” Верхнетарэцкага

Напярэдадні ў Сеціве зьявілася інфармацыя пра вызваленьне ад расейскіх акупантаў пасёлку Верхнетарэцкае Ясінувацкага раёну Данецкае вобласьці. У выніку “факт-чэкінга за 5 хвілінаў” было вызначанае, што хаця гэты пасёлак і месьціцца паблізу лініі разьмежаваньня бакоў, але яго ўвесь час кантралявалі й кантралююць украінскія войскі. Дэталі гэтае гісторыі падае “Грамадзкае радыё” з спасылкамі на асноўныя крыніцы, у тым ліку і на інфармацыю заснавальніка й кіраўніка нашае міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm Рамана Бурко.

У інфармацыі зазначанае, што, па-першае, населены пункт Верхнетарэцкае – тэрыторыя, якая выключна знаходзілася й знаходзіцца пад кантролем Украіны. Па-другое, для пацьвержаньня гэтае інфармацыі можна скарыстаць з дакладнае мапы разьмежаваньня, якую надае геа-інфармацыйны сэрвіс “Infolight”, які апэруе афіцыйнай інфармацыяй што да абстрэлаў украінскае тэрыторыі і ёсьць крыніцаю, вартаю даверу. Па-трэйцяе, нават расейскія акупацыйныя войскі на сваіх зводных мапах, якія яны публікуюць дзеля прапаганды, падаюць Верхнетарэцкае як выключна украінскую тэрыторыю.

Замежныя пашпарты Украіны для міжнародных злачынцаў – фэйк жахаў ад расейскай прапаганды

Расейскае выданьне “Комсомольская правда” (рас.) запусьціла ў інфармацыйны прастор дэзынфармацыю, мэтаю якой ёсьць дыскрэдытацыя замежных пашпартоў Украіны на міжнароднай арэне (архіў публікацыі “КП”). Расейскія мэдыі нагэтулькі нязграбна легендавалі крыніцу інфармацыі, што фэйк досыць хутка быў раскрыты. За 5 хвілінаў было высьветленае, што Уладзімер Несьцераў, на якога “КП” спасылаецца як на крыніцу інфармацыі, маецца ў базе дадзеных “Міратворца”. Ён фігуруе ў ёй як здраднік Радзімы, колішні афіцэр ВМС, які застаўся ў Крыме і пачаў супрацоўнічаць з акупантамі. Паводле апошняй навіны, ён актыўна ўдзельнічае ў інфармацыйных апэрацыях расейцаў.

То бок спатрэбіліся ўсяго некалькі хвалінаў для таго, каб высьветліць, што расейскія спэцслужбы дзеля кампрамэнтацыі Украіны на міжнароднай арэне зьдзяйсьняюць інфармацыйныя ўкіды з дапамогаю здраднікаў і злачынцаў.

Новы фэйк  пра “украинских карателей”

З пачатку сьнежня 2017 г. ў расейскіх сацыяльных сетках, блёгах і СМІ стартавала чарговая інфармацыйна-псыхалягічная апэрацыя дзеля запалохваньня насельніцтва акупаваных раёнаў Данецкае й Луганскае абласьцей Украіны й дыскрэдытацыі ўкраінскіх Збройных Сілаў. Апэрацыя цягнецца дагэтуль. Да яе падключыліся ўсе асноўныя сайты й інфармацыйныя рэсурсы акупацыйнае адміністрацыі, якія каардынуюць свае дзеяньні з расейскімі СМІ.

Мы зьдзейсьнілі аналіз інфармацыйнае кампанэнты гэтае апэрацыі і вызначылі якім чынам дэзынфармацыю пашыраюць у Сеціве, хто ёсьць ейнай крыніцаю і якія асноўныя расейскія СМІ задзейнічаныя ў першым этапе ейнага распаўсюду.

Цікава, што першакрыніцаю пашырэньня гэтага фэйка стаўся асабіста «кіраўнік аддзела міжнароднай інфармацыйнай службы палітаддзелу міністэрства абароны ДНР, намесьнік старшыні Камітэта ў  пытаньнях зьнешняй палітыкі й міжнародных сувязяў» Уладзіслаў Бердычэўскі. Інфармацыя пра яго маецца ў базе дадзеных “Міратворац”. Ён асабіста і праз шырокую разгалінаваную сыстэму інфармацыйных рэсурсаў, а таксама падкантрольныя старонкі ў сацсетках пашырае фэйкі пра нібыта абстрэлы ЗСУ мірных жыхароў агітацыйнымі знарадамі з улёткамі. На гэтых улётках маецца выява стылізаванага жаўнеру Вэрмахта з украінскім гербам “Трызуб”, а на ягоным тле надрукаваны тэкст на расейскай мове (падаем у арыгінале):

«Нам не нужны люди! Нам нужна территория!.. Мы скоро будем резать ваших жен и детей, а новый год вы встретите в земле или в тюрьме!»

На адваротным баку ўлёткі маюцца выявы целаў закатаваных жанчынаў і дзяцей (выявы ў арыгінале незарэтушаваныя) (1, 2).

Фэйк пашыраюць разам з інсцэнаванымі фота абалонкі знараду “А1ЖД” для 122-мм гарматаў Д-30 і САУ “Гвазьдзіка”, у які ўтрамбаваныя згорнутыя ўлёткі.

Схема пашырэньня гэтага фэйку стандартная: сьпярша яго актыўна распаўсюджваюць у сацыяльных сетках, затым публікацыі падхопліваюць разнастайныя маргінальныя блёгі й сайты, а ужо трэйцяй хваляю йдуць топавыя расейскія СМІ, як гэта зрабілі, напрыклад, “Газета.ru” і “Взгляд.ru” з спасылкаю на Interfax і “РИА Новости” (1, 2).

Чаму фота знараду А1ЖД зьяўляюцца інсцэнаванымі

У Сеціве мы выявілі чатыры фота, якія баявікі выкарыстоўваюць у якасьці “доказаў” фэйка. Мы аб’ядналі гэтыя фатаздымкі ў адзіны блёк.

Неабходна зьвярнуць увагу на наступныя дэталі: адсутнасьць адмысловай заглушкі; невялікая глыбіня яміны; няслушна згорнутыя ў рулон улёткі, без ссоўваньня. Усё гэта сьведчыць пра тое, што знарад “А1ЖД” ня быў выстрэлены – яго наўмысна падрыхтавалі для інсцэнаваньня.

Падобныя агітацыйныя знарады падчас вайны на Данбасе выкарыстоўваюць абодва бакі канфлікту: і Збройныя Сілы Украіны, і расейская армія. Напрыклад, 15 лютага 2015 году расейскі прапагандысцкі канал “News-Front” прадэманстраваў відэасюжэт, у якім падрабязна распаведзенае пра падрыхтоўку гэтых знарадаў для раскідваньня улётак над горадам Дэбальцава. Зьвярніце ўвагу на заглушку, спосаб ​​згортваньня улётак (некалькі варстваў) і на ўдакладненьне пра тое, што такі знарад можа «раскалоць дом».

Тэорыя й практыка. Падчас інсцэнаваньня баявікі не надалі ўвагу некаторым важным дэталям

У фота можна пабачыць, што знарад ляжыць у невялікай яміне, хаця важыць ён 20 кг (!) і падчас удару мог заглыбіцца ў зямлю на 1,5 мэтры. Зламаная дошка плоту й раскапаная зямля – ​няўдалая імітацыя прылёту агітацыйнага знараду, які нібыта не спрацаваў.

Фотафіксацыя знараду з улёткамі на зямлі яшчэ да таго, як яго ўзяў чалавек з расейскім вайсковым камуфляжам, таксама сьведчыць пра інсцэнаваньне: знарад, які нібыта не спрацаваў, ня мае заглушкі, якую закручваюць на этапе падрыхтоўкі. Калі гэтай заглушкі ня будзе, улёткі будуць умомант спаленыя праз гарэньне пораху ў ствале гарматы.

Вось прыклады падрыхтаваных агітацыйных знарадаў. Дэталі маюць значэньне.

Схематычны малюнак прынцыпу дзеяньня агітацыйнага знараду:

 

На гэты фэйк сьлед зьвярнуць асаблівую ўвагу. Ён больш небясьпечны, але ня менш эпічны за пашыраныя ў масавай сьвядомасьці ахвяраў дэзынфармацыі міталягемаў “распятый мальчик в трусиках” альбо “убийство и поедание снегирей” (рас.).

 

 

Ягоная мэта – выклікаць жах і распаліць нянавісьць насельніцтва акупаваных тэрыторый да Украіны дзеля прадухіленьня пашырэньня настрояў што да супраціву й дзеля падтрымкі канфармісцкага стаўленьня да часовае акупацыйнае адміністрацыі, а таксама для рэкрутаваньня навабранцаў у шэрагі 1-га расейскага акупацыйнага корпусу «ДНР» 8-й агульнавайсковай арміі ЗС РФ. Расейскія сродкі масавае інфармацыі актыўна ўдзельнічаюць у інфармацыйна-псыхалягічных апэрацыях, адных з галоўных кампанэнтаў маштабнае ваеннае гібрыднае агрэсіі, разгорнутае Расейскай Фэдэрацыяй супроць Украіны.


Матар’ял да публікацыі падрыхтавалі Кузьма Тутаў і Раман Бурко адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Exit mobile version