Увечары, 18 сакавіка, на чацьвертую гадавіну афіцыйнай акупацыі Крыма, якая невыпадкова супала зь нелегітымнымі выбарамі прэзыдэнта дзяржавы-агрэсара, ля адмінбудынку амбасады РФ украінская валянтэры й актывісты з Крыму правялі крэатыўную акцыю пратэсту. Сьцяну расейскае амбасады з дапамогаю магутнага праэктару ператварылі на вялікі экран з фатаздымкамі ваенных злачынстваў Крамля. InformNapalm даведаўся пра ўнікальныя дэталі гэтага флэшмобу.
Акцыя пачалася а 18:30 і працягвалася прыблізна гадзіну. За гэты час на сьцяне амбасады Расеі зьявіліся слайды з праэкцыяй імёнаў загінулых і зьніклых бязь вестак украінскіх грамадзянаў, а таксама партрэты палітычных зьняволеных, якіх захапіла акупацыйная расейская ўлада ў Крыме. А напрыканцы акцыі амбасаду РФ ахапіў слайд з полымем, які меў сымбалічна выпаліць агрэсара.
Арганізатар акцыі – валянтэр і актывіст Валянтына Ахлапкова распавяла InformNapalm пра дэталі гэтае ініцыятывы.
“Ідэя правядзеньня гэтае акцыі ўзьнікла спантанна, мяне натхніў флэшмоб актывістаў у Вашынгтоне, якія 26 лютага 2018 г. арганізавалі праэцыяваньне выяваў на расейскую амбасаду ў падтрымку палітычнага зьняволенага Крамля Алега Сянцова. Мне падалося, што гэта вельмі магутная візуальная камунікацыя й таксама вельмі сымбалічная менавіта ў дзень расейскіх выбараў, бо відэапраэкцыя лёгка змагла дасягнуць сьценаў амбасады нягледзячы на ўсе парканы й калючы дрот. Вельмі прыемна, што акцыю таксама наведаў вядомы замежны вайсковы экспэрт Эдман Юэ, ён выклаў прыгожыя фатаздымкі з акцыі на сваёй старонцы Facebook”, – зазначыла валянтэрка.
Фота з акцыі ля амбасады РФ / Эдман Юэ (Edmond Huet)
Ініцыятар акцыі падкрэсьліла, што валянтэры адмыслова шукалі магутны праэктар, які б мог перабіць сьвятло з вокнаў і падсьвятленьне на будынку амбасады. Працаўнікі амбасады РФ вымкнулі сьвятло й зачынілі жалюзі, каб сьвятло не прабівалася ў пакоі, але гэта нават спрыяла стварэньню суцэльнага цёмнага фону для візуалізацыі.
“На акцыі былі мае сябры й знаёмыя, актыўна дапамагалі валянтэры з Крыма. Падчас акцыі досыць спантанна ўзьнікла ідэя паказаць фота так званых «іхтамнетаў», якія захоплівалі Крым, і зрабіць праэкцыю відэа вагню на сьцены будынку. Таксама хачу падзякаваць сябрам з арганізацыі “Crimea SOS” за інфармацыю пра ўсіх крымскіх актывістаў і вайскоўцаў, якія загінулі, зьніклі бязь вестак і былі незаконна ўвязьненыя ў выніку дзеяньняў расейскіх агрэсараў у Крыме. Галоўным лёзунгам акцыі мы абралі выраз «Нехай зрозуміє кремлівська тварина, що кримський півострів – це Україна!». Гэта варыяцыя, аснову якой мы ўзялі з слогану патрыётаў з гораду Марыюпалю. Дарэчы гэтае графіці было ключавым на нашай мінулай выставе, прысьвечанай абароне Марыюпалю”, – зазначыла Валянтына Ахлапкова.
Фота з выставы, прысьвечанай абароне Марыюпалю / Валянтына Ахлапкова.
Валянтына распавяла, што на момант інтэрвію InformNapalm пра флэшмоб не паведаміла аніводнае інфармацыйнае выданьне, хаця крымскія актывісты й запрашалі журналістаў на гэтую акцыю. Усё ж прадстаўнікам СМІ варта было б апроч асьвятленьня чарговых выбараў Пуціна надаваць увагу і іншым інфармацыйным падзеям, асабліва падчас якіх украінскія валянтэры крэатыўна з дапамогаю сьвятла й вагню выпальвалі крамлёўскую цемру.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Раман Бурко адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
