Францыя павіншавала Расею з Днём касманаўтыкі, які яна сьвяткуе 12 красавіка, праз арышт у справе ЮКАСа плацяжоў за расейскія спадарожнікі і ракеты на $700 млн. Акцыянэры ЮКАСа пацьвердзілі арышт плацяжоў паводле іхнага патрабаваньня, якія прызначаліся прадпрыемствам “Роскосмос” і “Космическая связь” (рас.) ад дзьвюх французскіх кампаніяў.
На сёньняшні дзень агульная сума арыштаваных у Францыі расейскіх актываў дасягае $1 млрд.
11 красавіка 2016 г. прадстаўнік “Роскосмоса” адказаў на запыт Forbes што да арышту актываў у Францыі досыць ляканічна: «Пакуль адбываюцца судовыя дзеяньні, камэнтароў “Роскосмоса” ня будзе».
З арыштаваных $700 млн адная частка – $300 млн – прызначаная для плацяжоў “Arianespace” “Роскосмосу” за пастаўку і абслугоўваньне касьмічных караблёў “Саюз”. Яшчэ $400 млн – плацяжы кампаніі Eutelsat ФГУП “Космическая связь” за выкарыстаньне спадарожнікаў.
Французская “Arianespace” выкарыстала 13 караблёў “Саюз” для вывядзеньня на арбіту спадарожнікаў з касмадрома Куру ў Французскай Гвіяне. Чарговы пуск прызначаны на 22 траўня 2016 году.
Такім, досыць арыгінальным чынам, французы павіншавалі Расею з Днём касманаўтыкі.
«Happy Astronautics Day!»
