Падаем тэкставую вэрсію дакладу кіраўніка беларускай службы InformNapalm Дзяніса Івашына “Гібрыдная агрэсія РФ: Беларусь і Украіна ў прыцэле расейскага нэаімпэрыялізму (OSINT-аналіз)”, які ён надаў падчас міжнароднай экспэртнай дыскусіі “Гібрыдная вайна РФ супроць Беларусі”. Мерапрыемства адбылося 07.02.2020 г. у памяшканьні Кіеўскай гарадзкой рады.
Арганізатарамі дыскусіі выступілі Недзяржаўны аналітычны цэнтар “Українські студії стратегічних досліджень” і Рух Салідарнасьці “Разам”. Прадстаўнікі Беларусі й Украіны абмяркавалі перадумовы, асаблівасьці й падрабязнасьці зьдзяйсьненьня Расейскай Фэдэрацыяй гібрыднай вайны супроць Беларусі. Зазначылі пра пагрозы рэалізацыі гэтай агрэсіі для ўсяго рэгіёну Сярэдняе Эўропы.
У дыскусіі ўдзельнічалі сярод іншых Раман Бязьсьмертны, віцэ-прэм’ер (2005), амбасадар Украіны ў РБ (2010-2011); Ігар Ліхавы, амбасадар Украіны ў РБ (2007-2010); Віктар Гвозьдзь кіраўнік Службы зьнешняй выведкі Украіны (2014-2016), прэзыдэнт незалежнага аналітычнага цэнтру геапалітычных дасьледаваньняў “Борісфен Інтел”; Віктар Ягун, генэрал-маёр запасу, намесьнік кіраўніка Службы бясьпекі Украіны (2014-2015), дырэктар Агенцыі рэфармаваньня сэктару бясьпекі; Алег Цягныбок, лідэр усеўкраінскага аб’яднаньня “Свобода”; Юры Сырацюк, народны дэпутат VII скліканьня, дырэкатар НАЦ “УССД”; Рыгор Кастусёў, кіраўнік партыі БНФ; Вячаслаў Сіўчык, лідэр Руху Салідарнасьці “Разам”.
Поўнае відэа ўкраінска-беларускай экспэртнай дыскусіі даступнае ў спасылцы.
Пытаньне што да анэксіі, патэнцыйнага мажлівага аншлюсу Расейскай Фэдэрацыяй Беларусі – ня ёсьць нейкім дыскусійным пытаньнем. На жаль, гэта адбудзецца й тут сьлед казаць толькі пра формы рэалізацыі й тэрміны. Гэта вынікае з таго агромністага патэнцыялу сілаў і сродкаў, якія Расейская Фэдэрацыя ў гэты момант задзейнічала для рэалізацыі гэтага пляну. Вядзецца пра дыпляматычныя, пра вайсковыя й эканамічныя сілы. Як кіраўнік беларускае службы InformNapalm хацеў бы распавесьці пра дыспазыцыю ўсіх сілаў і сродкаў, якія зараз заангажаваныя супроць Украіны й Беларусі.
Агрэсію супроць Беларусі сьлед разглядаць у адзіным кантэксьце ваеннае агрэсіі супроць Украіны, гэта адзіны фронт. Вядзецца перадусім пра стварэньне Расейскай Фэдэрацыяй адзінай ударнай наступальнай лініі, якая пачынаецца ад Навачаркаску Растоўскае вобласьці, дзе знаходзіцца штаб навастворанае 8-й агульнавайсковае арміі ЗС РФ, у якую ўваходзяць перадусім 1-ы акупацыйны армейскі корпус (Данецк) і 2-і акупацыйны армейскі корпус (Луганск). Гэтыя карпусы, якія на сёньня налічваюць прыблізна 25-30 тысячаў чалавек асабовага складу, паводле арганізацыйна-штатнай структуры уваходзяць у 8-ю агульнавайсковую армію ЗС РФ. Таксама ў структуры гэтай арміі створаная новая 150-я мотастралковая дывізія, якая ёсьць цалкам новай сілай.
Апроч Растоўскае вобласьці, створаныя ўдарныя падразьдзяленьні знаходзяцца таксама ў Багучары і Валуйках – у Варонежскай і Белгарадзкай, а таксама ў Курскай абласьцях РФ. У г. Багучар Варонежскае вобласьці знаходзіцца штаб навастворанай 3-й мотастралковай дывізіі, якая ўваходзяць у структуру перафармаванай 20-й агульнавайсковай арміі. З пачаткам расейскай ваеннай агрэсіі супроць Украіны штаб гэтай арміі быў перадысьлякаваны ў г. Варонеж зь н.п. Муліна Ніжненоўгарадзкае вобласьці.
Чытайце таксама: РФ канцэнтруе сілы на базе Валуйкі ля мяжы з Украінай
Створанае цалкам новае апэратыўнае вайсковае аб’яднаньне – 1-я танкавая армія, у якую ўвайшлі 4-я танкавая Кантэміраўская і 2-я мотастралковая Таманская дывізіі. Гэта асноўны бронетанкавы кулак Расейскае Фэдэрацыі, які таксама ў сваім патэнцыяле разгорнуты супроць Украіны й Беларусі. Адбываецца рэалізацыя аднога сцэнару. У другім эшалёне знаходзяцца 49-я і 58-я агульнавайсковыя арміі ў складзе Паўднёвае вайсковае акругі ЗС РФ, якія будуць выкарыстаныя ў выпадку рэалізацыі паўнамаштабнага вайсковага ўварваньня ва Украіну й Беларусь. Усе гэтыя сілы й сродкі створаныя й задзейнічаныя ў выглядзе адзінай ударнай наступальнай лініі непасрэдна ля ўкраінскай і беларускай мяжы.
У 20-ю агульнавайсковую армію ўваходзіць таксама наваствораная 144-я мотастралковая дывізія з штабам у г. Ельня Смаленскае вобласьці. У гэтую дывізію ў сваю чаргу ўваходзяць 488-ы мотастралковы полк (МСп) і 254-ы МСп, які на гэты момант паводле арганізацыйна-штатнай структуры больш адпавядае батальённа-тактычнай групе. Не забывайма, што на першым этапе збройнай агрэсіі супроць Украіны Расейская Фэдэрацыя актыўна выкарыстоўвала непасрэдна батальённыя тактычныя групы.
Сьлед зазначыць, што свае журналісцкія расьледаваньні я праводжу з выкарыстаньнем крыніцаў адкрытага доступу й рэсурсаў спадарожнікавае здымкі. Напрыканцы мінулага году я правёў журналісцкае расьледаваньне што да разгортваньня ля мяжы з Украінай і Беларусьсю, за 35 км ад украінскае й беларускае мяжы, у мясцовасьці Клінцы Бранскае вобласьці, новых мотастралковых фармаваньняў ЗС РФ. Клінцоўскі раён Бранскае вобласьці – гэта выступ Расейскай Фэдэрацыі ўглыб тэрыторыі Беларусі, ён таксама надвісае над Чарнігаўшчынай Украіны.
Першыя падразьдзяленьні былі перакінутыя ў гэтую мясцовасьць у траўні-чэрвені 2016 году. Напрыканцы 2016 году ўжо непасрэдна ў г. Клінцы, у раёне сяла Займішча, была разгорнутая палявая база захоўваньня ўзбраеньня й вайсковае тэхнікі. На ейнай тэрыторыі створаныя таксама казармы для асабовага складу. Характэрна, што з траўня 2018 году па кастрычнік 2019 году, то бок за паўтары гады, адбылося імклівае павялічэньне тэрыторыі гэтай вайсковай базы, практычна ў 2,3 разы. На нашых вачох адбываецца значнае ўзрастаньне колькасьці ўзбраеньня й вайсковае тэхнікі.
Чытайце таксама: Расейскія ўдарныя наступальныя войскі ля Беларусі й Украіны: Клінцы
Сьлед асабліва зазначыць, што ўся гэтая вайсковая тэхніка знаходзіцца не ў адмысловых боксах для сталага захоўваньня, якія прадугледжваюць зьдзяйсьненьне усіх амартызацыйных працэдураў, часовага рамонту тэхнікі. Уся тэхніка знаходзіцца ў палявым лягеры ўзбраеньня й вайсковае тэхнікі. На маю думку, на думку супольнасьці InformNapalm, гэта зробленае перадусім для хуткага мабілізацыйнага разгортваньня падразьдзяленьняў. Бяручы пад увагу тое, што яны знаходзяцца паміж дзьвюма шляхамі спалучэньня, перадусім чыгункай Гомель-Унеча й трасай рэгіянальнага значэньня Гомель-Бранск, мы прыйшлі да высновы, што Збройныя сілы РФ стварылі апэратыўны прастор для перакідваньня гэтай вайсковай тэхнікі альбо чыгуначным шляхам альбо з дапамогаю транспартэраў менавіта на тэрыторыю Беларусі.
Мэта гэтых груповак, мы іх называем сілы ўварваньня, не палягае ў тым, што яны будуць зьдзяйсьняць зь мейсцаў сваёй часовай дысьлякацыі патэнцыйны наступ на тэрыторыю Украіны. Дзеля гэтага будзе застасаваная тэрыторыя Беларусі як патэнцыйнага ваеннага пляцдарму, які Расея будзе выкарыстоўваць для далейшага наступу ў межах ужо паўнавартаснай канвэнцыйнай вайны супроць Украіны. Праз надыход і аналіз новых спадарожнікаў здымкаў будзем апэратыўна надаваць дадактовыя зьвесткі. Зараз у Клінцах, напрыклад, адбываецца даўкамплектацыя 254-га МСп.
Яшчэ адная лякацыя ў межах адзінай ударнай наступальнай лініі – г. Ельня Смаленскае вобласьці. Там зараз разгортваецца 59-ы танкавы полк (Тп). Паводле арганізацыйна-штатнай структуры ён таксама ўваходзіць у 144-ю мотастралковую дывізію. 59-ы Тп мае складацца зь ня менш за 3 танкавых батальёнаў, павінен мець ва ўзбраеньні агулам ля ста танкаў. Паводле наяўнасьці ўжо створанай інфраструктуры, шляхоў спалучэньня гэтае вайсковае фармаваньне цалкам скіраванае ў беларускім стратэгічным напрамку.
Чытайце таксама: За 200 км ад Віцебска й Магілева фармуецца новая расейская мотастралковая дывізыя
Расея мэтаскіравана разгортвае гэтыя сілы й сродкі дзеля таго, каб іх задзейнічаць на беларускім пляцдарме. У гэтым кантэксьце сьлед нагадаць пра тое, што Расея выкарыстоўвала тэрыторыю Беларусі ў вайсковых мэтах супроць Украіны ўжо ня першы раз.
Павернемся да 2014 году, да актыўнай фазы вядзеньня РФ збройных дзеяньняў супроць Украіны. Непасрэдна падчас баявых дзеяньняў на авіябазе ў Бабруйску і на авіябазе ў Баранавічах (61-я зьнішчальная авіябаза) дысьлякавалася зьнішчальная авіяцыя Паветрана-касьмічных сілаў ЗС РФ. Першае зьвяно зьнішчальнікаў Су-27 – лятакі расейскае ўдарнае авіяцыі – былі перакінутыя яшчэ 8 сьнежня 2013 г. у момант пачатку значнага супрацьстаяньня на Майдане. Менавіта ў гэты дзень з авіябазы Бесавец, што пад Петразаводзкам, прыляцела першае зьвяно гэтых зьнішчальнікаў. Яны былі перадысьлякаваныя ў 61-ю ЗАБ у Баранавічы й сталі на баявое дзяжурства. Прадстаўнікі Збройных сілаў РФ тлумачылі гэта тым, што яны зьдзяйсьняюць патруляваньне “рубежей Союзного Государства”. Мы разумеем у якім сэньне, у якім кантэксьце яны выкарыстоўваюць гэтую рыторыку. Расея выкарыстоўвае дэфініцыю “Союзное Государство” (СГ) у якасьці прыкрыцьця, пры гэтым нават не зважае на інтарэсы Рэспублікі Беларусь, не лічыць яе асобным суб’ектам міжнароднага права, але неад’емнаю часткаю нэаімпрэскага ўтварэньня – “СГ”.
Чытайце таксама: Падрыхтоўка пляцдарму ПКС РФ на тэрыторыі Беларусі для мажлівага ўварваньня ва Украіну (OSINT-аналіз)
Калі пачалася спэцапэрацыя акупацыі Крыму, у лютым-сакавіку 2014 году, з авіябазы Бесавец былі зноў перакінутыя наступныя зьвёны зьнішчальнікаў Су-27 на авіябазу ў Бабруйску й Баранавічы. Цікава, што яны дысьлякаваліся менавіта ў гэтых дзьвюх мейсцах, пры гэтым не была задзейнічаная абсталяваная тэрыторыя 116-й штурмавой авіябазы пад Лідай. Цалкам мажліва, гэта было зробленае з разьліку на патэнцыйную недасяжнасьць сыстэмаў супрацьпаветранае абароны Польшчы, другі момант – для мажлівасьці апэратыўнага разгортваньня стратэгічнай бамбавальнай аівяцыі. Менавіта на аівябазе ў Бабруйску раней за савецкім часам дысьлякавалася стратэгічная бамбавальная авіяцыя: ракетаносьбіты зь ядравай зброяй Ту-95, Ту-160, Ту-22М3.
Характэрна, што Збройныя сілы РФ у 2014 годзе апроч зьнішчальнікаў перакінулі на авіябазу Бабруйск лятак далёкасяжнага радыёлякацыйнага выяўленьня А-50. Ён дысьлякаваўся там увесь час на працягу вядзеньня актыўных баявых дзеяньняў, ажно да ўхваленьня першых Менскіх пагадненьняў у верасьні 2014 году. Гэты лятак з паветранай прасторы Беларусі зьдзяйсьняў навядзеньне зьнішчальнай расейскай авіяцыі на стратэгічныя аб’екты на тэрыторыі Украіны. Беларуская тэрыторыя была непасрэдна ўцягнутая ў вайсковае супрацьстаяньне з Украінай.
У кастрычніку 2016 году паводле дадзеных Галоўнага ўпраўленьня выведкі МА Украіны, непасрэдна ў паветранай прасторы Беларусі зьдзяйсьняла вышкалы ўжо стратэгічная бамбавальная авіяцыя ПКС ЗС РФ. З паветранай прасторы Беларусі яна адпрацоўвала зьдзяйсьненьне ракетных удараў па тэрыторыі Украіны.
У верасьні 2017 году адбыліся стратэгічныя супольныя расейска-беларускія вышкалы “Запад 2017”. Яны сталіся свайго кшталту катарсысам вайсковага ўзаемадзеяньня між Беларусьсю й Расеяй. Трэба канстатаваць, што Збройныя сілы Беларусі сталіся выразьнікам волі РФ. На самой тэрыторыі Беларусі быў рэалізаваны сцэнар, які прадугледжваў адасабленьне адной тэрыторыі краіны супроць усёй астатняй, вядзецца перадусім пра так званую “Вэйшнорыю”. Гэтая задума цалкам адпавядала стратэгічным плянам Генэральнага штабу Збройных сілаў РФ, які на тэрыторыі Беларусі адпрацоўваў сцэнар вядзеньня гібрыднай вайны супроць нашай краіны. Пры гэтым самі Збройныя сілы РБ былі непасрэдна ўцягнутыя ў рэалізацыю гэтага сцэнару.
Чытайце таксама: Маніторынгавая кампанія вайсковых вышкалаў «Запад-2017». Вынікі й высновы
Цікава, што на той момант начальнік Генэральнага штабу ЗС РБ Алег Белаконеў зазначыў, што падчас правядзеньня стратэгічных вышкалаў Збройныя сілы РБ маюць таксама рэагаваць на мажлівую патэнцыйную пагрозу на поўначы Роўненскай вобласьці Украіны, якая зыходзіць з боку нацыяналістычных падразьдзяленьняў “Правага Сэктару”. Гэтая заява надала ЗС РФ апэратыўны прастор для зьдзяйсьненьня якіх-кольвек збройных правакацыяў і дывэрсіяў. Для Беларусі гэта было абсалютна не патрэбнае й знаходзілася па-за сцэнаром правядзеньня вышкалаў. На жаль, нашая краіна супраць сваёй волі ўцягнутая ва ўсе мажлівыя сцэнары вайсковых авантураў РФ.
У 2015 і 2017 гг. я асабіста праводзіў маніторынг, які мае назоў “Беларусь – сувэрэнная дзяржава альбо пратэктарат РФ”. Фігурантамі яго сталіся прадстаўнікі вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва дзяржавы паводле пэўных крытэраў, перадусім паводле наяўнасьці ў іх вышэйшай вайсковай адукацыі Расейскай Фэдэрацыі. Шмат зь іх скончылі перадусім Вайсковую акадэмію Генэральнага штабу ЗС РФ. Вельмі шмат прадстаўнікоў Дзяржаўнага памежнага камітэту РБ скончылі, а некаторыя нават на гэты момант навучаюцца паводле квотаў у Памежных інстытутах акадэміі ФСБ РФ.
Чытайце таксама: Беларусь – сувэрэнная дзяржава або пратэктарат РФ? Маніторынг-2017
У межах маніторынгу чытачу было нададзенае права самастойнага вызначэньня таго ці іншага фігуранту патэнцыйным агентам уплыву РФ. Маніторынг таксама дае мажлівасьць зразумець, чаму Збройныя сілы Беларусі патрапляюць у рэалізацыю сцэнароў Расейскай Фэдэрацыі што да задзейнічаньня нашай краіны ў выглядзе патэнцыйнага вайсковага пляцдарму, скіраванага перадусім супроць Украіны.
Не зважаючы на чарговую гандлёвую й энэргетычную вайну паміж Расеяй і Беларусьсю, нашая краіна апынецца цалкам пад кантролем РФ, гэтае пытаньне ўжо не стаіць на павестцы дня. Можна казаць толькі пра формы й мажлівыя тэрміны рэалізацыі гэтага сцэнару. Створаныя ўдарныя наступальныя сілы, якія ўжо стаяць ля нашай мяжы. Яны стаяць за 35 км ад Гомельскай вобласьці, яны стаяць за 100 км ад Віцебскай і Магілеўскай абласьцей. Беларусь перанасычаная на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіраваньня патэнцыйнымі агентамі ўплыву РФ. У гэтых умовах і рэаліях Украіна мае вельмі значна узмацняць свой паўночны фланг.
Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Загалоўнае фота – ussd.org.ua.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
InformNapalm – гэта вядомы й цалкам незалежны міжнародны валянтэрскі праэкт, які працуе цягам ужо больш за 5 гадоў.
Мы ня маем аніякай фінансавай падтрымкі ад ураду якой-кольвек краіны ці донараў, адзінымі мэцэнатамі інфармацыйнага праэкту зьяўляюцца ягоныя валянтэры й чытачы, якія ангажуюць свае сілы, час і сродкі для супрацьдзеяньня расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Вы таксама можаце падтрымаць InformNapalm або сваімі ведамі й навыкамі, або ахвяраваньнем на ўтрыманьне сайту й разьвіцьцё праэкту. Фінансава нас можна падтрымаць або дабрачынным унёскам праз LiqPay, або стаць «патронам» і падпісацца на штомесячныя мініўнёскі праз сеціва Patreon.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа