InformNapalm.org (Беларуская)

Гібрыдны бізнэс на службе Крамля: блякаваньне Керчанскай пратокі

Наконадні Украінскі мілітарны партал ідэнтыфікаваў цывільныя судны, якія выкарыстоўваліся для блякаваньня праходу ўкраінскіх вайсковых караблёў пад аркаю Керчанскага мосту, узьведзенага расейскімі акупацыйнымі ўладамі ў Керчанскім пратоцы з парушэньнем усіх міжнародных нормаў. У наяўнасьці супольнасьці InformNapalm маецца яшчэ адное фота з мейсца падзеяў, зробленае ўдзень 25 лістапада да абстрэлу й захопу ўкраінскіх караблёў. У гэтым фота, апроч ужо ідэнтыфікаваных танкэра «Neyma» і буксыраў «Быстрый» і «Гандвік», наўпрост на пярэднім пляне зафіксаваны яшчэ адзін буксыр.

Судна мы ідэнтыфікавалі досыць хутка. Гэта буксыр «Эльціген», які гэтак жа, як і іншыя караблі, належыць ТАА «Ювас-Транс». Ніжэй вы можаце параўнаць буксыр зь мейсца блякаваньня з фатаздымкам буксыру «Эльціген».

Зразумела, што судны «Ювас-Транс» апынуліся пад мостам не выпадкова. Каманды суднаў відавочна ўзгаднялі свае дзеяньні з расейскімі вайскоўцамі.

Што гэта за прадпрыемства, якое адкрыта пайшло на парушэньне міжнародных нормаў?

ТАА «Ювас-Транс» яшчэ ў 2013 годзе ўхваліла дамову з Фондам дзяржаўнае маёмасьці (ФДМ) Украіны што да выкупу адзінага цэласнага маёмаснага комплексу Керчанскага суднарамонтнага заводу (КСРЗ). Прыватызацыйны конкурс быў абвешчаны й праведзены ў сьнежні 2013 году, у самы разгар Эўрамайдану. Напрыканцы студзеня 2014 году ў дзяржбюджэт былі пералічаныя 30,25 млн. грн. (прыблізна $3,78 млн паводле актуальнага на той момант афіцыйнага курсу НБУ).

11 ліпеня 2014 году, празь некалькі месяцаў пасьля перадачы КСРЗ у прыватную ўласнасьць, прадпрыемства аднаўляе док №2, які у досыць дзіўных абставінах затануў ў 2013 годзе, пакуль завод яшчэ належаў дзяржаве. Аднаўленьне праводзілі ТАА «Керчанскі суднарамонтны завод» і ТАА «Ювас-Транс-Верф». На той час аднавілі й буксыр «Эльціген», які больш за 10 гадоў прастаяў ля прычалаў Керчанскага суднарамонтнага заводу.

Заснавальнікамі ТАА «Ювас-Транс» зьяўляюцца Яраслаў Анатолевіч Нарадзіцкі (65%), Анатоль Леанідавіч Нарадзіцкі (25%) і Алег Уладзімеравіч Васенка (10%). Нарадзіцкія – бацька й сын. Усе тры заснавальнікі жывуць у Керчы.

Яраслаў Анатолевіч Нарадзіцкі зьяўляецца заснавальнікам 8-мі кампаніяў, зарэгістраваных у Расейскай Фэдэрацыі.

Нарадзіцкі Анатоль Леанідавіч – 5-ці.

Характэрна, што ў той жа час яны зьяўляюцца заснавальнікамі розных прадпрыемстваў і ва Украіне.

Нарадзіцкі Яраслаў Анатолевіч:

Нарадзіцкі Анатоль Леанідавіч:

Паводле інфармацыі з адкрытых крыніцаў, Нарадзіцкія датычныя ня толькі да сыстэматычнага парушэньня санкцыйнага рэжыму з акупаваным Крымам, але й да розных кантрабандных схемаў за межамі Украіны. Так, напрыклад, танкэр “Goeast”, які належыць UVAS-TRANS LTD і ходзіць пад сьцягам Каморскіх выспаў, абстраляла берагавая абарона Лібіі ў кастрычніку 2017 году праз кантрабанду паліва.

Пра ценявыя кантрабандныя схемы сьведчыць і эпізод з затрыманьнем расейскімі памежнікамі судна «Смольный», якое таксама належыць Нарадзіцкім.

Анатоль Нарадзіцкі ў сваім камэнтары для «Газета.ру» пацьвердзіў, што з гэтай схемы яны адмыслова карыстаюць дзеля таго, каб абыходзіць санкцыі, уведзеныя супроць Расеі ў зьвязку з незаконнай анэксіяй Крыму.

Але грошай шмат не бывае, таму Нарадзіцкія ў поўнай меры карыстаюць з усіх перавагаў вядзеньня бізнэсу з замежнымі кампаніямі ад імя ўкраінскіх прадпрыемстваў. У тым ліку і з краінамі Эўразьвязу. На замежных сайтах кампанія «Ювас-Транс» пазначаная менавіта як украінская кампанія. Напрыклад, на рэсурсе MarineBunker Exchange (MABUX) у графе «краіна» пазначаная Украіна й украінскія кантактныя тэлефоны.

Тут можна пабачыць і імя генэральнага мэнэджара (General Manager) Uvas-Trans Ltd. – Аляксандар Кэльзон (Aleksandr Kelzon). Яго няма сярод заснавальнікаў ТАА «Ювас-Транс», аднак Аляксандар Віктаравіч Кэльзон паводле дакумантаў зьяўляецца дырэктарам ТАА «Ювас-Газсервіс».

І ён жа праходзіць і ва ўкраінскіх рэестрах што да ТАА «Ювас-Газсервіс».

Кэльзон таксама зьяўляецца кіраўніком ТАА «Равновесие», якое зьяўляецца афіцыйным дылерам Цюменскага акумулятарнага заводу й заводу TUBOR у Крыме.

Кэльзон – вельмі вядомае прозьвішча ў Керчы. У 1990-я Віктар Кэльзон кіраваў адной з двух самых магутных крымінальных груповак, якія трымалі ў страху ўвесь горад. Банда Кэльзона кантралявала Керчанскі порт. Аляксандар Віктаравіч Кэльзон, відавочна, зьяўляецца сынам Віктара Кэльзона, забітага падчас перастрэлкі ў 1996 годзе, таму ўдзел у крымінальных схемах Аляксандра не выклікае асаблівага зьдзіўленьня. Але вернемся да Нарадзіцкіх і «Ювас-Транс» (UVAS-TRANS). У рэзюмэ аднаго з маракоў (апублікаванага ў 2016 годзе) пазначанае, што ён працаваў на танкэрах, якія перавозілі нафтапрадукты з 2012 году па 2016 на UVAS-TRANS, а таксама ў кампаніі з назовам Arida trade LTD (з найманьнем каманды UVAS-TRANS). У гэтым жа рэзюмэ згадваецца й абстралянае лібійцамі судна GOEAST і затрыманае расейскімі памежнікамі судна SMOLNY (“Смольный”, рас.).

Згаданы танкер AL Muntazah можна адсачыць тут і ўбачыць згадкі пра ягоны заход у Хэрсонскі марскі порт, напрыклад, у 2017 годзе, і пра ягонае частае знаходжаньне ў Чорным моры ў Керчы. Тут паноўна ўсплывае Arida trade, але ўжо не Arida trade LTD, a Arida trade LLP.

Arida Trade LLP зарэгістраваная ў Шатляндыі з адрэсай: Suite 20 196 Rose Street, Edinburgh, United Kingdom, EH2 4AT. Тут паноўна зьяўляецца імя Яраслава Нарадзіцкага (хаця і з абмылкай) і пазначанае грамадзянства Украіны, пэўна з той жа самай мэтай – зьдзяйсьняць дзейнасьць з абыходам санкцыяў.

Справаздачу пра фінансавы стан кампаніі з пазначэньнем мільённых абаротаў у фунтах стэрлінгаў можна пабачыць тутака. Падчас вывучэньня дакумантацыі мы выявілі згадку пра Arida trade LLP і той жа самы танкэр Al Muntazah, але ўжо пад сьцягам Малдовы. Згодна з гэтымі дакумантамі танкэр быў выпраўлены ў порт Мікалаева на ПАТ “Чарнаморскі Суднабудаўнічы Завод” у 2013 годзе.

У Сеціве ёсць пацьверджаньне, што гэтае судна было адрамантаванае ўлетку 2014 году:

Шчупні кампаніяў, афіляваных з Нарадзіцкімі, дапаўзлі ня толькі да Эдынбурга. Яны добра распаўзліся і па кантынэнтальнай Украіне. У гэтых кампаніях у сьпісе заснавальнікаў Эліна Анатолеўна Нарадзіцкая (сястра Яраслава Анатолевіча Нарадзіцкага й дачка Анатоля Леанідавіча Нарадзіцкага) і харкавянін Алег Аляксандравіч Саламаха. Да таго ж з прапіскай у Дняпры і ў Харкаве.

Нарадзіцкая Эліна Анатолеўна.

Кантрабанда, сыстэматычнае парушэньне законаў Украіны й міжнароднага права, мажлівае ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, падазрэньне на падвойнае грамадзянства, арганізацыя злачыннага сеціва й вішанька на торце – нядаўняе блякаваньне ўкраінскіх вайсковых караблёў. І гэта толькі тое, што каманда InformNapalm змагла выявіць, загнаўшы рыдлёўку ў зямлю на палову штыка. Што яшчэ маюць зрабіць Нарадзіцкія й іхныя памагатыя, каб праваахоўныя ворганы Украіны нарэшце зьвярнулі ўвагу на іхную злачынную дзейнасьць? У санкцыйным сьпісе Украіны іх няма, пра гучныя судовыя рашэньні ў дачыненьні да іхных кампаніяў згадак няма. Чаму іхны бізнэс спакойна разьвіваецца? Ці пытаньне трэба ставіць па-іншаму: хто ў праваахоўных органах іх “крышуе”?


Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Exit mobile version