Расейска-акупацыйныя войскі працягваюць правакацыйныя абстрэлы жылога сэктару Данецка дзеля стварэньня неабходных прапагандысцкіх сюжэтаў для расейскіх СМІ, якія спрабуюць абвінаваціць артылерыю ЗСУ ў абстрэлах мірнага насельніцтва Данбаса.
Разгледзім адзін з прыкладаў: 31 студзеня 2017 году расейскія вайскоўцы абстралялі жылыя дамы № 3а і 10 на вул. Лістапракатчыкаў. Праз аналіз мейсцаў выбухаў і характэрных разбурэньняў вынікае, што выкарыстоўваліся 122-мм аскепкава-фугасныя знарады. Вагонь зьдзяйсьняўся, цалкам мажліва, з гаўбіцаў Д-30 або з САУ 2С1 «Гваздьзіка». Фатаздымкі былі ўзятыя адсюль.
Давайце пераканаемся, што ў фатаздымках зафіксаваныя менавіта гэтыя дамы й вуліца. Скарыстаем з сэрвісу panoramio, які захоўвае фота дому на вул. Лістапракатчыкаў, 10, зробленае ў 2011 годзе, яшчэ да ягонага рамонту й афарбоўкі.
Ня трэба быць экспэртам для таго, каб зразумець, скуль быў зьдзейсьнены абстрэл. Дастаткова скарыстацца любым з даступных картаграфічных сэрвісаў і вызначыць на мапе мейсца выбуху (для павялічэньня націсніце на фота). Чырвонымі стрэлкамі пазначаны напрамак прылёту знарадаў.
Як бачым, акупанты працягваюць выкарыстоўваць падступную гібрыдную тактыку вядзеньня вайны, у якой дзеля эскаляцыі канфлікту ствараюцца інфармацыйныя падставы з абстрэламі жылых дамоў і мірнага насельніцтва. Усё гэта неабходна для падтрыманьня адпаведнага маральна-псыхалягічнага стану расейска-тэрарыстычных войскаў для працягу вайны супроць Украіны. Тым, хто нейкім чынам пасьля амаль трох гадоў вайны ўсё яшчэ верыць у «русскій міръ», варта падумаць пра тое, што для дэміургаў гэтага «міру» жыцьці людзей не даражэйшыя за прапагандысцкія матар’ялы, і яны ў любы момант могуць быць ахвяраваныя для стварэньня чарговай крамлёўскай інфармацыйнай агіткі, у якой ад іх не застанецца нічога, апроч згадкі ў людажэрнай статыстыцы: «Еще один убитый».
Матар’ял да публікацыі падрыхтавалі Кузьма Тутаў і Міхаіл Кузьняцоў.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
