- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Хто бамбуе Сірыю: асабістыя дадзеныя 58 афіцэраў ПКС РФ (інфаграфіка)

Расейская прапаганда зацята спрабуе стварыць дымавую заслону, называючы чорнае белым, а адкрыты тэрор супроць мірнага сірыйскага насельніцтва – барацьбой з тэрарызмам. Расейскіх вайсковых злачынцаў у РФ называюць героямі, хаця цывілізаваны сьвет неаднаразова дэманстраваў занепакоенасьць з нагоды несувымерна высокага адсотку зьдзяйсьненьня ПКС РФ ракетна-бомбавых удараў менавіта па сірыйскіх мірных грамадзянаў. Калі галоўным тэрарыстам зьяўляецца дзяржава, ягоным судзьдзёю стае кожны грамадзянін.

Pilot_ru [1]

 

Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm на працягу 6 месяцаў зьбірала дадзеныя на вайсковых злачынцаў – пілётаў і штурманаў расейскай авіягрупы ў Сірыі. Яны маюць наўпроставае дачыненьне да забойства соцень мірных жыхароў: жанчынаў, дзяцей, да зьнішчэньня аб’ектаў інфраструктуры, вынікам чаго сталася гуманітарная катастрофа і дзясяткі тысячаў сірыйскіх уцекачоў. Кожны, хто націскаў кнопку скідваньня бомбаў або пуску ракетаў, кожны, хто выконваў злачынны загад, мае быць ідэнтыфікаваны і засуджаны міжнародным вайсковым трыбуналам. Упершыню InformNapalm зьдзейсьніў ідэнтыфікацыю і структураваў дадзеныя на 11 афіцэраў ПКС РФ [2] яшчэ ў кастрычніку 2015 году, гэта выклікала вялікі рэзананс, як у расейскіх, гэтак і ў міжнародных СМІ. Тады прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў адрэагаваў на гэта ў сваёй заяве, назваўшы публікацыю асабістых дадзеных расейскіх пілётаў «варожымі дзеяньнямі» і паабяцаў, што расейскія спэцслужбы «займуцца гэтым». Разам з гэтым МЗС РФ выкарыстаў увесь свой патэнцыял для зьдзяйсьненьня палітычнага ціску на краіны, у якіх на той момант знаходзіўся хостынг сайту InformNapalm.org, патрабуючы закрыцьця нашага рэсурсу. Але ані кібэратакі спэцслужбаў, ані спробы дыскрэдытаваць наш валянтэрскі праэкт, ані палітычны ціск не змаглі спыніць збор і публікацыю інфармацыі.

І ўжо ў лютым 2016 году InformNapalm падаў абноўленыя дадзеныя на 32 афіцэраў ПКС РФ [3]. Колькасьць нявінных ахвяраў у Сірыі, забітых расейскімі вайсковымі пілётамі, працягвае павялічвацца, апроч гэтага РФ працягвае агрэсіўныя дзеяньні супроць Украіны. У зьвязку з гэтым валянтэры Міжнароднае супольнасьці InformNapalm вырашылі працягнуць збор і абагульненьне дадзеных. Сёньня мы публікуем новую інфаграфіку, зробленую паводле інфармацыі, атрыманай падчас выведкі адкрытых крыніцаў. У яе ўвайшлі асабістыя дадзеныя ўжо 58 расейскіх афіцэраў.

Просім усіх неабыякавых людзей актыўна вывучаць і пашыраць гэтую інфармацыю у сацсетках і СМІ. Пакуль вайсковы злачынец упэўнены, што ніхто і ніколі не даведаецца пра яго, пакуль ён хаваецца пад безаблічнымі тэрмінамі «зялёны чалавечак», «ПКС РФ», «расейскі афіцэр», ён верыць, што за свае злачынствы ня будзе пакараны. Мы спадзяемся, што нашыя публікацыі прымусяць афіцэраў ПКС РФ задумацца пра наступствы і адмовіцца ад выкананьня злачынных загадаў. Адмовіцца быць у крыві нявінных людзей. Магчыма, праз публікацыю гэтай інфаграфікі можна будзе прадухіліць працяг гэтай бойні і зьдзяйсьненьня паноўных памылак. Вядома ж, лепей страціць працу «дзяржаўнага кілера», якую цяпер выконваюць расейскія афіцэры, але захаваць уласны гонар і жыцьці тысячаў нявінных грамадзянаў.

Матар’ял да публікацыі падрыхтаваны OSINT-дасьледнікамі Міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm, падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялаў актыўная спасылка на наш праэкт абавязковая.

Таксама вы можаце зрабіць ахвярваньне нашаму праэкту дзеля набыцьця ноўтбукаў для OSINT-дасьледнікаў InformNapalm (падрабязьна ў спасылцы: Upgrade InformNapalm [4]).