- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Хуткі адвод частак расейскага спэцназу з Луганска зьвязаны з пагрозай бунту – спэцназавец 3-й Абр СпН ГРУ РФ

Праз апублікаваныя ўкраінскай контрвыведкай дадзеныя і таксама інфармацыю, якая патрапіла ў спэцыялізаваныя форумы, сталі вядомымі падрабязнасьці хуткага адводу расейскіх спэцназаўцаў з 3-й гвардзейскай АБрСпН ГРУ ГШ МА (вайсковая частка № 21208, г.Тальяці).

Так, пасля скандальнага правалу дывэрсыйна-выведвальнай групы (ДВГ) і палону 16 траўня 2015 году ў Луганскай вобласьці расейскіх спэцназаўцаў ГРУ – капітана Ярафеева і сяржанта Аляксандрава, іхнае падразьдзяленьне было тэрмінова выведзенае з мейсца часовай дысьлякацыі на акупаванай тэрыторыі і хутка перакінутае з аэрадрому Мілерава ў пункт сталай дысьлякацыі  – г.Тальяці.

Раней дапускалася, што такі хуткі адвод зьвязаны з поўным раскрыцьцём зьвестак пра колькасны склад, задачы і мейсцы базаваньня расейскага выведвальнага падразьдзяленьня, але рэальныя прычыны сталіся нашмат больш сур’ёзнымі. Пра іх ананімным чынам паведаміла крыніца, непасрэдна набліжаная да вайскоўцаў 3-й брыгады СпН ГРУ, колішні вайсковец гэтай брыгады.
Пасля падрабязнага аналізу атрыманай інфармацыі і ейнай пераверкі мы вырашылі апублікаваць гэтыя дадзеныя.

Падрабязнасьці правалу або пагроза бунту.

Пасьля прыбыцьця ў пункт сталай дысьлякацыі кадравых выведнікаў, якія вярнуліся з “украінскай камандыроўкі”, пасялілі ў асобную казарму, пры гэтым забралі ў іх амаль усе мабільныя тэлефоны і іншыя электронныя гаджэты, максымальна паспрабавалі ізаляваць ад размоваў зь іншымі калегамі ў мейсцы дысьлякацыі, не кажучы ўжо пра кантакт з роднымі і блізкімі. У гэты ж дзень у Тальяці прыбыла група прадстаўнікоў МА РФ і людзі ў цывільным.

На ўзроўні шараговага, сяржанцкага і малодшага афіцэрскага складу пракацілася хваля незадаволенасьці і абурэньня з прычыны таго, што дзяржава, у прыватнасьці камандаваньне МА РФ, адракліся ад іхных  баявых таварышаў. Найбольшае абурэньне выклікала заява пра тое, што палонных ва Украіне спэцназаўцаў звольнілі “заднім чыслом” і супраць іх пачалася кампанія ў дыскрэдытацыі з боку расейскіх уладаў, з прыцягненьнем чальцоў іхных сем’яў.

Крытычны маральна-псыхалягічны стан і раскол сярод вайскоўцаў тальяцінскай брыгады вельмі занепакоіў камандаваньне часткі і высокапастаўленых чыноў, якія прыбылі зь Генштаба ЗС РФ. Адразу ж пачалася праца ў выяўленьні незадаволеных і расчараваных. Таксама зьявіліся чуткі пра магчымае расфармаваньне падразьдзяленьня, у якое ўваходзілі вайскоўцы, што патрапілі ва ўкраінскі палон.

Незадаволенасьць сярод жаўнераў і малодшых афіцэраў прымусіла камандаваньне агучыць іншы, больш мяккі варыянт далейшага лёсу падразьдзяленьня. Асабовы склад раскрытай выведгрупы  раскідаюць у іншыя падраздзяленьні брыгады, тыя ж, хто жадае звольніцца з вайсковай службы, атрымаюць такую ​​мажлівасьць з захаваньнем некаторых умоваў (падпіска пра неразгалошваньне і часовая забарона на выезд за мяжу). Таксама сьлед чакаць на “санкцыі” у дачыненьні да камандыраў, якія на мейсцы кіравалі дзеяньнямі выведвальна-дывэрсыйных атрадаў і групаў. Як мінімум, ім пагражае перавод у іншыя менш прэстыжныя мейсцы службы з паніжэньнем, як максымум – ліквідацыя, у залежнасьці ад далейшага разьвіцьця падзеяў.

Большасць вайскоўцаў брыгады, нягледзячы на ​​незадаволенасьць, разумеюць, што яны бясьсільныя перад вышэйшым камандаваньнем і адстойваць свае правы ня змогуць, бо паводле афіцыйнай вэрсыі Расейскай Фэдэрацыі ва Украіне іх не было (хоць у штабе брыгады ёсьць пайменныя сьпісы загадаў для адпраўкі іх ва ўкраінскую камандыроўку). Таксама яны ўсведамляюць, што выконвалі злачынныя загады і распараджэньні камандаваньня падчас знаходжаньня на тэрыторыі іншай дзяржавы ў нелегальным становішчы.

Пасьляслоўе

Мы спадзяемся, што ведаючы пра гатоўнасьць грамадзкасьці, праваабаронцаў і журналістаў дапамагчы ў спыненьні такой ганебнай зьявы, як неабвешчаная вайна з суседняй дзяржавай,  дзеючыя расейскія афіцэры і сяржанты таксама пойдуць на кантакт. Гэтая вайна ўжо спрычынілася да тысячаў бессэнсоўных ахвяраў з абодвух бакоў і можа прывесьці яшчэ да большых стратаў. Калі расейскія вайскоўцы адмовяцца ад выкананьня злачынных загадаў камандаваньня і масава запатрабуюць заканчэньня авантуры Масквы на Данбасе, гэтая вайна можа хутка скончыцца. З свайго боку, валантэры каманды InformNapalm [1] гатовыя да кантакту з расейскімі вайскоўцамі, якія  ананімным чынам хочуць надаць галоснасьць злачынным загадам Крамля і хутчэй скончыць гэтую абсурдную і бессэнсоўную бойню. Кіраўніцтва, якое аддала загад на вайну ва Украіне мае быць перададзенае міжнароднаму трыбуналу.

Obyava [2]
Матар’ял падрыхтаваў згодна з інфармацыяй крыніцы, набліжанай да 3-й АБрСпН ГРУ валантэр каманды InformNapalm [3] Іраклі Камахідзэ [4].

Чытайце таксама ў гэтай тэме:

(с) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайта InformNapalm [8], падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялу спасылка на наш праэкт абавязковая.

Пераклад Дзяніса Івашына [9]