- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Вайскова-транспартны лятак Іл-76МД зьдзейсьніў некалькі падазроных палётаў між Беларусьсю й Расеяй

На тле працягу масавых пратэстаў у Беларусі й абвастрэньня сацыяльна-палітычнай сытуацыі ў краіне, 14 жніўня 2020 г. валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm [1] у рэжыме анлайн з дапамогаю сэрвісу FlightRadar адсачылі пералёт вайскова-транспартнага лятака ВПС РБ Іл-76МД з бартавым нумарам EW-005DE [2]. Зафіксаванае, што гэты лятак у першай палове дня выканаў пералёт зь Менска на расейскую авіябазу Дзягілева (за 3 км ад г.Разань), а ўжо ў другой палове дня вярнуўся ў Менск.

Цікава, што 12 жніўня гэты ж борт выканаў 3 пералёты. Сярод мейсцаў прыбыцьця лятака зафіксаваныя Навасібірск і падмаскоўны вайсковы аэрадром Кубінка.

Пра прыбыцьцё беларускага вайскова-транспартнага лятака Іл-76МД з бартавым нумарам EW-005DE ў Новасібірск на YouTube-канале Міністэрства абароны РФ на наступны дзень, 13 жніўня, апублікавалі кароткае відэа [3] з подпісам (падаем у арыгінале):

«Команда из Белоруссии прибыла в Новосибирск для участия в международном этапе конкурса «Отличники войсковой разведки» АрМИ-2020. После разгрузки военнослужащих сопроводили на территорию Новосибирского высшего военного командного училища, где и будут проходить соревнования <…> Открытие конкурса состоится 23 августа».

Ня выключанае, што гэтае відэа можа быць «леґендаваньнем» з боку РФ, каб адвярнуць належную ўвагу журналістаў да гэтага пералёту. Выглядае дзіўным, што прыбыцьцё каманды адбываецца за 10 дзён да пачатку абвешчанага конкурсу.

На тле гэтага пералёт лятака на падмаскоўны вайсковы аэрадром Кубінка ніяк не пракамэнтаваны. Нагадаем, што ў Кубінцы базуецца 45-я асобная брыґада спэцыяльнага прызначэньня ПДВ (45-я АбрСпН, в/ч 28337). Гэтая вайсковая частка Паветрана-дэсантных войскаў Збройных сілаў РФ, Заходняе вайсковае акругі. Вайскоўцы гэтага фармаваньня ўдзельнічалі [4] ў спэцапэрацыі акупацыі Крыму і ў баявых дзеяньнях на Данбасе.

Пералёт 14 жніўня зь Менска на расейскую авіябазу ў Разані і назад таксама пакідае шмат пытаньняў. У Разані месьціцца Разанская вышэйшая паветрана-дэсантная камандная вучэльня (вайсковы інстытут) – адзіная вайсковая навучальная ўстанова ў РФ, якая спэцыялізуецца на падрыхтоўцы афіцэраў для паветрана-дэсантных войскаў. Разань таксама называюць «сталіцай паветрана-дэсантных войскаў РФ».

Пакуль застаецца толькі здагадвацца, якія грузы дастаўляў зь Менска ў РФ ці каго забіраў гэты транспартны вайсковы борт ВПС РБ. Сьлед зазначыць, што вайскова-транспартны лятак Іл-76МД прызначаны для парашутнага й пасадкавага дэсантаваньня асабовага складу, вайсковай тэхнікі, грузаў, паліва й кантэйнэраў.

Нагадаем, што 12 жніўня валянтэры InformNapalm таксама зафіксавалі [5] прыбыцьцё ў Беларусь двух расейскіх спэцбортаў Паветрана-касьмічных сілаў РФ.

Таксама ў Сеціве пашыраюць відэа перакідваньня да мяжы Беларусі цяжкой расейскай тэхнікі й рэактыўных сыстэмаў залпавага вагню.

Не выключанае, што Уладзімер Пуцін прыйшоў да пэўнай згоды з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі й гэтыя пералёты сьведчаць альбо пра перакідваньне дадатковых сілаў ці грузаў для задушэньня пратэстаў дэмакратычнае супольнасьці ў Беларусі, альбо зьяўляюцца элемэнтам падрыхтоўкі да апэрацыі акупацыі тэрыторыі й абвяшчэньня ўвядзеньня «міратворцаў» у межах  АДКБ.

Інфармацыйная падрыхтоўка аґрэсіі супроць Беларусі

Апроч вайсковых азнакаў падрыхтоўкі расейскае апэрацыі ўварваньня, маюцца й наўпроставыя інфармацыйныя сьведчаньні.

14 жніўня кіраўнік аднаго з найбуйнешых прапаґандысцкіх тэлеканалаў «Russia Today» Маргарыта Сіманьян ўжо пачала рыхтаваць грамадзкую думку сярод расейцаў пра расейскае ўварваньне ў Беларусь. І на сваёй старонцы ў Twitter, і на старонцы Facebook яна абвесьціла, што «вежливым людям» ужо пара «навести порядок». Відавочна, што падобныя заявы сынхранізаваныя паводле часе й зьяўляюцца назпроставай пагрозай тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі.


Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын [6].

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0  [7])

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [8] / Твітэр [9] / Telegram [10]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.


[11]InformNapalm [12] – гэта вядомы й цалкам незалежны міжнародны валянтэрскі праэкт, які працуе цягам ужо больш за 5 гадоў.

Мы ня маем аніякай фінансавай падтрымкі ад ураду якой-кольвек краіны ці донараў, адзінымі мэцэнатамі інфармацыйнага праэкту зьяўляюцца ягоныя валянтэры й чытачы, якія ангажуюць свае сілы, час і сродкі для супрацьдзеяньня расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Вы таксама можаце падтрымаць InformNapalm або сваімі ведамі й навыкамі, або ахвяраваньнем на ўтрыманьне сайту й разьвіцьцё праэкту. Фінансава нас можна падтрымаць [13] або дабрачынным унёскам праз LiqPay, або стаць «патронам» і падпісацца [14] на штомесячныя мініўнёскі праз сеціва Patreon.