- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Інфавайна РФ супроць Беларусі ўзмацняецца: атакаваны журналіст Руслан Кулевіч

Працягваецца паўнавартасная расейская інфармацыйная кампанія супроць беларускіх журналістаў. Гэтым разам пад ударам апынуўся яшчэ адзін гарадзенскі незалежны журналіст Руслан Кулевіч, сябра грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Расейская прапаганда актыўна спрабуе ачарніць і дыскрэдытаваць ягонае імя. Аналягічная атака зьдзяйсьняецца зараз паралельна і супроць рэдактара беларускай службы InformNapalm, гарадзенца Дзяніса Івашына.

У поле зроку расейскіх чарнасоценных рэсурсаў Руслан Кулевіч патрапіў за тое, што стаўся адным зь ініцыятараў стварэньня [1] пэтыцыі з прапановай Гарадзенскаму гарвыканкаму перанесьці бюст савецкага ваеначальніка Васіля Чапаева з цэнтру гораду ў музэйную ўстанову. Перад  гэтым гарадзкія ўлады дэмантавалі бюст для правядзеньня рэстаўрацыйных працаў, прымеркаваных да 75-годзьдзя Гарадзенскае вобласьці.

[2]

Камунальныя службы дэмантуюць бюст

Пасьля разгляду пэтыцыі й на падставе высновы абласной мастацка-экспэртнай рады было ўхваленае [3] рашэньне перанесьці бюст Чапаева ў адзін з гарадзкіх музэяў. 17 красавіка 2019 году гарадзенскія камунальныя службы дэмантавалі пастамэнт, на якім стаяў бюст Чапаеву.

Герой савецкіх анэкдотаў Чапаеў ня мае абсалютна ніякага дачыненьня ані да гісторыі Горадні, ані Беларусі. Бюст за савецкім часам усталявалі на аднайменай вуліцы Чапаева, аднак яе ў 1994 годзе перайменавалі ў гонар беларускага паэту Міхася Васілька, які на ёй жыў. Інцыятыва й рашэньне па пераносу матар’яльнага  сьведчаньня савецкага анахранізму цалкам справядлівыя й слушныя.

Захаваньне помнікаў савецкае эпохі й расейска-савецкае тапанімікі ў Беларусі грае падставовае значэньне для зьдзяйсьненьня ў нашай краіне нэаімпэрскае палітыкі РФ. Праз гэта адбываецца своасаблівы кантроль і асыміляцыя культурніцкай прасторы, а таксама спробы замацаваньня ў калектыўнай сьвядомасьці беларусаў «супольна гістарычнага» (з Расеяй) архетыпу мысьленьня.

[4]

Афіцыйны назоў цэнтральнай пешаходнаой вуліцы ў каралеўскай Горадні. Побач шыльда зь гістарычнымі назвамі гораду / Белсат

Лагодная дэсаветызацыя ў адзіным каралеўскім горадзе Беларусі вельмі абурыла прадстаўнікоў нэаімпэрскіх колаў Расеі, якія распачалі сапраўднае інфармацыйнае цкаваньне Руслана Кулевіча. Адной з галоўных крыніцаў дэзынфармацыі ў адносінах да журналіста сталася [5] расейская інфармацыйная агенцыя “Красная Весна (рас.).

[6]

Скрыншот прапагандысцкага артыкулу

Характэрна, што гэтае СМІ заснаваў [7] адзін з дэміўргаў “русского мира” Сяргей Кургінян, арганізатар так званых “Чырвоных маршаў”:

[8]

Скрыншот старонкі выданьня з кантактнымі дадзенымі рэдакцыі

[9]

Сяргей Кургінян на чале Чырвонага маршу”

Паводле Цэнтру «Міратворац» Кургінян зьдзяйсьняе [10] прапагандысцкую дзейнасьць на тэрыторыі акупаванага Данбасу ў межах руху «Суть времени» (рас.), у які ўваходзяць прыхільнікі чырвонага рэваншу й аднаўленьня СССР. Уласная тэрарыстычная групоўка гэтага руху непасрэдна ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях на Данбасе, у 2015 годзе яна структурна ўвайшла ў 1-ы армейскі акупацыйны корпус (Данецк) 8-й агульнавайсковай арміі ЗС РФ.

[11]

Баявікі бандфармаваньня разам з расейскім прапагандыстам Грэмам Філіпсам

Інфармацыйную атаку далей падхапіла [12] расейская агенцыя Regnum, якую заснаваў Мадэст Колераў – колішні начальнік кіраваньня па міжрэгіянальных і культурных сувязях з замежнымі краінамі Адміністрацыі прэзыдэнта РФ. Паказальна, што раней у Беларусі былі засуджаныя [13] фігуранты так званай “Справы Рэгнума” Паўлавец, Алімкін і Шыптэнка паводле ч.3 арт. 130 КК РБ “Сьвядомыя дзеяньні групы асобаў, скіраваныя на распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варажнечы, зьнявагі нацыянальнага гонару й годнасьці”.

Характэрна, што ў кампанію ачарненьня быў уцягнуты і адзін зь гарадзенскіх інфармацыйных рэсурсаў, які зьдзейсьніў агрэгацыю расейскага матар’ялу, аднак праз пэўны час выдаліў публікацыю й зрабіў [14] афіцыйнае абвяржэньне прапагандысцкай інфармацыі.

[15]

Скрыншот з абвяржэньнем несапраўднай інфармацыі

Гэты выпадак сьведчыць пра наяўную ўразьлівасьць беларускіх-мэдыярэсурсаў для расейскай прапаганды і наўмысных інфармацыйных укідаў.  Ва ўмовах вядзеньня інфармацыйнай вайны РФ супроць Беларусі кожны беларускі мэдыя-рэсурс мае вэрыфікаваць і спраўджваць інфармацыю перад ейнай публікацыяй. Гэта справа ня толькі журналісцкае этыкі, але й нацыянальнае бясьпекі.

Расейскія сродкі масавай дэзынфармацыі актывізавалі сваю падрыўную дзейнасьць супроць Беларусі і перадусім супроць гарадзенскіх журналістаў ня проста так. Гарадзеншчына для Расейскай Фэдэрацыі ёсьць ключавым і стратэгічным рэгіёнам. Менавіта праз тэрыторыю Гарадзенскай вобласьці Расея плянуе рэалізоўваць дэблякаваньне свайго Калінінградзкага эксклаву ў выпадку пачатку канвэнцыйнай вайны зь сіламі NATO. Падчас супольных стратэгічных вышкалаў «Запад-2017» Збройныя сілы РФ адпрацоўвалі ў тым ліку апэрацыю захопу так званага Сувалцкага калідору на мяжы Польшчы й Летувы, які мае злучыць расейскую армію на тэрыторыі Беларусі з вайсковым гарнізонам у Калінінградзкай вобласьці РФ.

[16]

Масаваная інфармацыйна-псыхалягічная апэрацыя Расеі супроць журналісцкай супольнасьці Беларусі адбываецца на фоне значнага абвастрэньня расейска-беларускіх адносінаў, непрыхаваных памкненьняў Расеі канчаткова паглынуць Беларусь пад прыкрыцьцём імплемэнтацыі праэкту так званага “Союзного государства”. Пад наўпроставым ударам знаходзяцца зараз і іншыя журналісты, блёгеры, а таксама грамадзкія актывісты Беларусі, супроць якіх прапагандысцкая машына РФ можа працягваць зьдзяйсьняць сваю агрэсію.

Чытайце таксама: Афіцыйная заява рэдактара беларускае службы супольнасьці InformNapalm [17]

Выкшталцаваныя ў вядзеньні гібрыднай вайны інфармацыйныя войскі РФ нясуць для Беларусі наўпроставую пагрозу, бо разам зь іншымі захадамі неваеннага і ваеннага характару могуць спрычыніцца да страты сувэрэнітэту й незалежнасьці Беларусі. Адказам на гэтыя варожыя дзеяньні мае стаць кансалідацыя грамадзянскае супольнасьці Беларусі й узмацненьне абароны нашай краіны.

Каб быць у курсе ўсіх нашых новых паведамленьняў, калі ласка, падпішыцеся на старонку беларускай службы InformNapalm:

facebook.com/by.informnapalm.org [18]


Аддзел маніторынгу беларускае службы
міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm [19].

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 [20])

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [21] / Твітэр [22] / Telegram [23]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.