- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Камандыр падразьдзяленьня, якое зьбіла MH17, выдае граматы дзецям (ФОТА)

У 2014 годзе ЗРК “Бук” 53-й зэнітна-ракетнай брыгады (ЗРБр) Збройных Сілаў РФ зьбіў лятак рэйсу MH17, загінулі 298 цывільных асобаў, сярод якіх было 80 дзяцей і 3 немаўляці. У 2018 годзе камандыр гэтай брыгады палкоўнік Мучкаеў выдае граматы дзецям вайскоўцаў гэтай брыгады за малюнкі пра расейскую армію. Валянтэры InformNapalm выявілі фотасьведчаньні.

Учора, 24 траўня, міжнародная сьледчая група (JIT) падала доказы [1] пра тое, што пасажырскі лятак Boeing 777 рэйсу MH17 “Малайзійскіх Авіялініяў” быў зьбіты з ЗРК “Бук-М1”, які належыць 53-й ЗРБр ЗС РФ.

Прадстаўнікі JIT таксама заклікалі дапамагчы сьледзтву й надаць дадатковую інфармацыю ўсіх, хто можа мець дадзеныя пра тое, хто быў сярод чальцоў экіпажу расейскага ЗРК “Бук”, хто загадаў зьдзейсьніць перакідваньне й разгортваньне гэтага комплексу супрацьпаветранай абароны на акупаванай тэрыторыі Украіны.

Вядома ж, для атрыманьня дадатковай факталягічнай інфармацыі неабходна дапытаць самога камандыра 53-й ЗРБр, в/ч 32406, г. Курск. Безь ягонага дазволу й наўпроставага загаду асабовы склад ня будзе выконваць ніякія задачы, у тым ліку баявыя з выкарыстаньнем вайсковае тэхнікі.

Яшчэ ў студзені 2016 году міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm выявіла й публічна раскрыла дадзеныя камандыра 53-й ЗРБр [2] палкоўніка Сяргея Барысавіча Мучкаева. Ён быў прызначаны камандырам брыгады ў 2013 годзе й працягвае выконваць свае абавязкі да гэтага часу.

[3]

Нядаўна, палкоўнік Мучкаеў нават падпісваў граматы дзецям вайскоўцаў в/ч 32406, якія ўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў “Армія вачыма дзяцей”. Цікава, якое ўяўленьне пра расейскую армію маюць гэтыя дзеткі, ці ведаюць яны, што іхныя бацькі наўпрост або ўскосна ўдзельнічалі ў тэрарыстычным акце, у якім загінулі дзясяткі дзяцей?

Нагадаем, што 17 лiпеня 2014 году ў выніку зьнішчэньня расейскімі вайскоўцамі лятака рэйсу MH17 загінулі 298 чалавек, сярод якіх было 80 дзяцей, 3 зь якіх – немаўляці.

Фатаздымак граматы з выявамі ЗРК “Бук” і “Круг” (рас.), які валянтэры InformNapalm выявілі ў сацсеціве “VK” на старонцы 53-й ЗРБр ЗС РФ. Імя й прозьвішча дзіцяці мы адмыслова не падаем (арыгіналы захаваныя).

[4]

Палкоўнік Мучкаеў мае быць выкліканы для ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях і для наданьня ім сьведчаньняў для будучага міжнароднага трыбуналу. Ён зьяўляецца адным з галоўных зьвёнаў у трагедыі рэйсу MH17 і можа дапамагчы сьледзтву раскрыць усе факты й усіх датычных да гэтага тэракту.

Таксама нагадаем, што нашая валянтэрская ініцыятыва InformNapalm заклікае міжнародную супольнасьць узмацніць эканамічны й дыпляматычны ціск на РФ і байкатаваць правядзеньне Чэмпіянату сьвету па футболе ў дзяржаве, вайскова-палітычнае кіраўніцтва якой мае наўпроставае дачыненьне да тэрарыстычных актаў, сьмерцяў шматлікіх тысячаў людзей у выніку ваеннай агрэсіі супроць Украіны, Грузіі й Сірыі. Вяршыняй цынізму будзе ўдзел цывілізаванага сьвету ў гэтым спартовым мерапрыемстве – суцэльнай прапагандысцкай кампаніі, фінал якой мае адбыцца ў Маскве 15 ліпеня, а ўжо праз 2 дні – 17 ліпеня – ўвесь сьвет будзе ўзгадваць ахвяраў тэракту, зьдзейсьненага Збройнымі Сіламі Расейскай Фэдэрацыі.

24 траўня мы запусьцілі хэштэг #БУКваш [5] і заклікаем чытачоў таксама публікаваць інфармацыю ў сацыяльных сетках што да тэмы MH17 з гэтым хэштэгам.


Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm [6].

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 [7])

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [8] / Твітэр [9] / Telegram [10]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.