InformNapalm.org (Беларуская)

Красны Луч. База расейскай артылерыі на тэрыторыі ДП “Данбасантрацыт”

Каманда Informnapalm.org зьдзейсьніла чарговае расьледаваньне і ідэнтыфікала мейсцы, дзе знаходзяцца скопішчы расейскай вайсковай тэхнікі ў горадзе Красны Луч.

Расейскія баявікі штодзённа груба парушаюць Менскія дамоўленасьці і ў выпадку, калі Збройныя сілы Украіны распачнуць сымэтрычныя дзеяньні ў адказ, пагражаюць скарыстаць з сваёй артылерыі і пачаць наступ, які будзе працягвацца да акупацыі, як мінімум, усяе тэрыторыі Луганскае і Данецкае абласьцей.

Зноў праз чарговае выхваленьне і паказуху расейскай тэхнікі на акупаваным Данбасе тэрарысты ўласнаручна  выкрылі базу расейскай артылерыі з тэхнікай САУ 2С1 “Гвазьдзіка” і РСЗА 9К51 “Град” на тэрыторыі ДП “Данбасантрацыт” у цэнтры гораду Красны Луч. Таксама на адным з фатаздымкаў была зафіксаваная радыёстанцыя Р-142Н (гл. вышэй).

Усе будынкі, аб’екты на фота супадаюць з будынкамі і аб’ектамі на мапе.

Нагадаем, што напачатку траўня 2015 году падчас OSINT-выведкі каманда InformNapalm.org у профілі аднаго з расейскіх баявікоў, якія “засьвяцілі” перавалачны пункт у горадзе Растове-на-Доне перад адпраўкай ва Украіну, былі выяўленыя некалькі фатаздымкаў з красавіка 2015 году зь вялікім скопішчам вайсковай тэхнікі, але дакладнае мейсца тады ўсталяваць не ўдалося.

Цяпер мы бачым, што тэрыторыя ДП “Данбасантрацыт” – гэта ўжо вайсковая база, дзе стала знаходзіцца артылерыя расейска-тэрарыстычных войскаў.

Матар’ял падрыхтаваў @BuTaJIu4eK адмыслова для сайта InformNapalm.org. Падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялу спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Пераклад Дзяніса Івашына

Exit mobile version