InformNapalm.org (Беларуская)

Крывавыя зоркі: выяўленыя дадзеныя экіпажу Су-24М2 ВКС РФ, які бамбуе сірыйскія гарады

На фота: Эльдар Сайфутдзінаў і Аляксандар Ахмадулін на тле свайго лятака Су-24М2, бартавы нумар 74 “белы”.

26 – 28 кастрычніка 2015 году баявікі аб’яднаных расейска-сэпаратысцкіх сілаў на Данбасе некалькі разоў парушалі рэжым спынення вагню. Паводле афіцыйных дадзеных, у выніку адзін украінскі вайсковец загінуў і яшчэ адзін атрымаў параненьні.

У зьвязку з гэтым, міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm працягвае цыкль ультыматыўных публікацыяў, якія зьяўляюцца асыметрычным адказам на дзеяньні супраціўніка. Нагадаем, што супольнасьць публікуе дадзеныя пра расейскіх пілётаў на падставе аналізу й выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі.

Чытайце таксама: “Сірыя. Інфаграфіка: афіцэры ВКС РФ – вайсковыя злачынцы Крамлю”

У чарговым матар’яле публікуем дадзеныя экіпажу бамбоўца Су-24М2, бартавы нумар 74 “белы” (рэгістрацыйны нумар RF-95105, заводзкі нумар 1341613)

Дадзеныя пра тое, што борт 74 “белы” удзельнічае ў расейскай вайсковай апэрацыі ў Сірыі былі атрыманыя дзякуючы рэпартажу расейскага тэлеканалу RT.

Важна зазначыць, што ВКС РФ пачалі наносіць на барты лятакоў зоркі. Адная зорка – гэта 10 баявых вылетаў (то бок: зьнішчаныя больніцы, загінулыя дзеці і цывільныя). Як звычайна, расейская прапаганда асьвятляе і гэтыя “дасягненьні” сваіх вайсковых злачынцаў. На кадрах тэлеканалу “Расея” можна пабачыць Су-34, бартавы нумар 27 “чырвоны” з двума крывава-чырвонымі зоркамі (20 баявых вылетаў).

Зыходзячы з статыстыкі міжнароднае дасьледніцкае групы Bellingcat, большасьць авіяўдараў расейскай авіяцыі была зьдзейсьненая па аб’ектах у раёнах Хама, Ідліб і Латакія, дзе адсутнічаюць баявікі “Ісламскае Дзяржавы”. Першыя дзьве правінцыі кантралююць розныя групоўкі апазыцыі, якія змагаюцца з рэжымам Башара Асада.

Таксама напярэдадні праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch (HRW) абвінаваціла Расею ў гібелі дзясяткаў мірных жыхароў падчас бамбаваньняў сірыйскіх гарадоў. Паводле дадзеных HRW, толькі падчас двух авіяўдараў на поўначы правінцыі Хомс загінулі 59 мірных жыхароў, а самым крывавым сталася бамбаваньне вёскі Ганту, дзе падчас аднаго авіяўдару расейскай авіяцыі загінулі 46 чальцоў адной сям’і (сярод якіх 12 жанчын і 32 дзіцяці).

Нагадаем, што 27 кастрычніка 2015 году, міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm супольна з Infographics [UA] падала першую частку абагульненых дадзеных што да ўдзельнікаў расейскай вайсковай апэрацыі ў Сірыі – штурманаў і пілётаў ВКС РФ. Гэтыя дадзеныя спрычыніліся да вялікага ажыятажу ў расейскім грамадзтве, а таксама былі апублікаваныя ў шэрагу ўкраінскіх і замежных СМІ.

Матар’ял падрыхтавалі валянтэры каманды InformNapalm

 Пераклаў на беларускую мову – Дзяніс Івашын

(с) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялу актыўная спасылка на наш праэкт абавязковая.

 

Exit mobile version